Перайсці да зместу

Задыяк (фільм, 2007)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
ЗадыякM:
англ.: Zodiac
Постар фільма
Жанры крымінальны трылер[d], дакументальная драма[d], фільм пра тайны[d], драматычны фільм і police procedural film[d]
Рэжысёр
Прадзюсары
На аснове Zodiac[d]
Сцэнарыст
У галоўных
ролях
Аператар
Кампазітар
Мастак-пастаноўшчык Donald Graham Burt[d]
Кінакампанія Phoenix Pictures[d]
Працягласць 157 хв.
Бюджэт 65 000 000 $[1]
Зборы 84 785 914 $[1] і 33 080 084 $[1]
Краіна
Мова англійская
Год 2 сакавіка 2007[2][3] і 31 мая 2007[4]
IMDb ID 0443706

«Задыяк» (англ.: Zodiac) — амерыканскі крымінальны трылер 2007 года, шосты поўнаметражны фільм рэжысёра Дэвіда Фінчэра. Пастаўлены па сцэнарыі Джэймса Вандэрбільта[en] і заснаваны на кнігах Роберта Грэйсміта[en] «Задыяк[en]» (1986) і «Задыяк без масак» (2002). Галоўныя ролі выканалі Джэйк Джыленхол, Марк Рафала і Роберт Даўні-малодшы[5].

Фільм апавядае гісторыю вышуку Задыяка, серыйнага забойцы[en], які тэрарызаваў раён заліва Сан-Францыска ў канцы 1960-х і пачатку 1970-х гадоў, дражнячы паліцыю лістамі, акрываўленым адзеннем і шыфрамі, адпраўленымі па пошце ў газеты. Гэтая справа застаецца адным з самых сумна вядомых нераскрытых злачынстваў у Злучаных Штатах. Фінчэр, Вандэрбільт і прадзюсар Брэдлі Дж. Фішэр затрацілі 18 месяцаў на правядзенне ўласнага расследавання забойстваў Задыяка.

«Задыяк» быў выпушчаны Paramount Pictures у Паўночнай Амерыцы і Warner Bros. Pictures на міжнародных рынках 2 сакавіка 2007 года. У маі 2007 года фільм быў паказаны ў межах асноўнай конкурснай праграмы 60-га Канскага кінафестывалю. Фільм атрымаў у асноўным станоўчыя водгукі, з пахвалой за сцэнарый, рэжысуру, акцёрскую ігру і гістарычную дакладнасць. Фільм быў намінаваны на некалькі ўзнагарод, у тым ліку на прэмію «Сатурн» за найлепшы прыгодніцкі фільм ці баявік[en]. У сусветным пракаце карціна сабрала больш за 84.7 мільёна долараў пры вытворчым бюджэце ў 65 мільёнаў долараў[6]. У апытанні крытыкаў, праведзеным Бі-бі-сі ў 2016 годзе, «Задыяк» быў прызнаны 12-м найвялікшым фільмам XXI стагоддзя.

Падзеі фільма пачынаюцца 4 ліпеня 1969 гады, калі Задыяк здзейсніў свой другі напад (расстрэл у аўтамабілі маладога чалавека па імені Майкл Мажо і яго сяброўкі Дарлін Фэрын). 1 жніўня забойца адправіў тры лісты з шыфрамі ў буйныя газеты, у тым ліку ў San Francisco Chronicle[en]. Яго пасланнямі зацікавіліся два супрацоўнікі газеты — Пол Эверы, які піша пра злачыннасць, і карыкатурыст Роберт Грэйсміт. Пакуль спецслужбы не спраўляюцца, апублікаваныя ў газеце шыфроўкі удаецца расшыфраваць сямейнай пары энтузіястаў, але гэта не дапамагае выхаду на след злачынца.

Задыяк здзяйсняе новыя забойствы, хаваючы твар за чорным мяшком. Ахвярамі становяцца закаханая пара Браян Хартнэл і Сесілія Шэпард ля возера Бер’еса і таксіст Пол Стайн. Расследаваннем займаюцца дэтэктывы Дэйв Тоскі і Біл Армстранг. Маньяк пачынае пагражаць растрэлам школьнага аўтобуса, адначасна беручы на сябе адказнасць за чужыя злачынствы. Спроба злавіць злачынца з дапамогай тэлебачання не ўдаецца — у эфір пачынаюць тэлефанаваць псіхічна хворыя людзі.

22 сакавіка 1970 года адбываецца няўдалае выкраданне Катрын Джонс і яе дачкі. Падазраюць Задыяка.

У 1971 годзе паліцыі ўдаецца ўстанавіць падазронага — супрацоўніка станцыі тэхабслугоўвання Union Oil Артура Лі Алена. Былы калега гатовы пацвердзіць пад прысягай, што той у студзені 1968 года распавядаў аб сваім будучым псеўданіме і гатоўнасці расстраляць дзяцей. З мінулай працы Алена выгналі з-за дамаганняў да дзяцей, паказанні брата таксама гавораць не на яго карысць. Сустрэча следчых з Аленам толькі ўзмацняе падазрэнні: у гутарцы ён выкарыстоўвае шэраг выразаў з лістоў, таксама ён носіць гадзіннік маркі «Задыяк». У выніку паліцыі ўдаецца атрымаць ордэр на ператрус трэйлера Алена, дзе яны знаходзяць зброю і адзенне, якое падыходзіць пад апісанне. Аднак балістычная і почырказнаўчая экспертызы разам з тэстам ДНК не знаходзяць супадзенняў, а адзіны сведка, які бачыў забойцу ў твар, Майкл Мажо, знаходзіцца за мяжой.

Роберт Грэйсміт вырашае пачаць уласнае расследаванне. Але Пол Эверы, які пайшоў са скандалам з Chronicle, адмаўляецца дапамагчы яму, бо на яго думку сам Задыяк быў пераацэнены. Дэйв Тоскі вырашае непублічна падтрымаць прыватнае следства Грэйсміта, намякаючы яму на падрабязнасці ў расследаванні паліцыі. Сам Роберт таксама актыўна працуе са сведкамі. Яму ўдаецца выбудаваць досыць моцны ланцужок паміж усімі зачэпкамі і падазраваным Рыкам Маршалам, але паказанні сястры адной з ахвяр цалкам разбіваюць гэтую тэорыю. Увесь гэты час журналісту рэгулярна тэлефануе невядомы, які дыхае ў тэлефонную трубку. Мэлані з-за апантанасці мужа расследаваннем забірае дзяцей, якіх ён выкарыстоўваў у якасці памагатых для аналізу матэрыялаў.

Грэйсміт выходзіць на новага падазраванага, ім аказваецца раней падазраваны паліцыяй Артур Лі Ален. Пасля ператрусаў ён пераехаў у іншую акругу, быў судзімы за дамаганні і адзіны з больш за 2 000 падазраваных напісаў ліст Тоскі. Журналісту ўдаецца выявіць сувязь Алена з ахвярамі, шыфрамі і актыўнасцю Задыяка. Апошняй кропляй становіцца супадзенне яго дня нараджэння з датай, якую назваў сам Задыяк у адным з тэлефонных званкоў.

Грэйсміт прыходзіць да Тоскі і выкладвае яму сваю тэорыю. Паводле яе ўсё сходзіцца на Алене, супраць толькі экспертызы почырку і адбіткаў пальцаў. Тоскі раіць Грэйсміту напісаць кнігу. Пазней Роберт прыязджае на працу да Алену, жадаючы паглядзець у вочы меркаванаму забойцу, каб па позірку зразумець, ён гэта ці не. Грэйсміт піша кнігу, якая становіцца бестсэлерам. Праз некаторы час, у 1991 годзе Майкл Мажо, адзіны выжылы пасля нападу Задыяка, апазнае Алена па фотаздымку.

Фінальныя тытры паведамляюць, што ў 1991 годзе паліцыя вырашыла аднавіць расследаванне і зноў пагаварыць з Аленам, але ён памёр ад інфаркту за некалькі месяцаў да пачатку новага следства. Пазней быў зроблены аналіз ДНК Алена і з ДНК Задыяка ён не супаў.

Акцёрскі склад

[правіць | правіць зыходнік]
   Джэйк Джыленхол   –   Роберт Грэйсміт[en]
   Марк Рафала   –   інспектар Дэйв Тоскі[en]
   Роберт Даўні-малодшы   –   рэпарцёр Пол Эверы[en]
   Энтані Эдвардс   –   інспектар Біл Армстранг
   Браян Кокс   –   Мэлвін Бэлі[en]
   Чарлз Флайшэр   –   Боб Вон
   Зэк Грэнье[en]   –   Мэл Нікалай
   Філіп Бэйкер Хол[en]   –   Шэрвуд Морыл
   Эліяс Катэас[en]   –   сяржант Джэк Маланакс
   Джэймс Легро[en]   –   дэтэктыў Джордж Баварт
   Донал Лог[en]   –   Кен Харлоу
   Джон Кэрал Лінч[en]   –   Артур Лі Ален[en]
   Дэрмат Малруні[en]   –   капітан Марцін Лі
   Хлоя Сэвін’і[en]   –   Мэлані, жонка Роберта

Паводле рэсурса «Internet Movie Database» фільм быў адзначаны 3 кінаўзнагародамі і яшчэ 71 намінацыяй[7].

  1. 1 2 3 Box Office Mojo — 1999. Праверана 27 лістапада 2023.
  2. ↑ Box Office Mojo — 1999.
  3. ↑ Person Profile // Internet Movie Database — 1990. Праверана 27 лістапада 2023.
  4. ↑ http://www.kinokalender.com/film5854_zodiac-die-spur-des-killers.html Праверана 20 лістапада 2017.
  5. ↑ Zodiac (англ.). Internet Movie Database. Праверана 2 лістапада 2026.
  6. ↑ Zodiac (2007) (англ.). Box Office Mojo. Праверана 2 лістапада 2026.
  7. ↑ Zodiac — Awards (англ.). Internet Movie Database. Праверана 2 лістапада 2026.