Займеннікі англійскай мовы

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Займеннікі англійскай мовы - гэта часціны мовы, якія выкарыстоваюцца ў якасці замены назоўнікаў, а таксама выконваюць многа іншых функцый у сказе. У сувязі з існаваннем розных груп гэтых часцін мовы лічыцца цяжкім даць гэтай з'яве дакладнае азначэнне[1]. У сучаснай англійскай мове вылучаюць наступныя віды займеннікаў: асабовыя, прыналежныя, зваротныя, эмфатычныя, указальныя, неазначаныя, узаемныя, пытальныя, злучныя.

Асабовыя займеннікі[правіць | правіць зыходнік]

Асабовыя займеннікі (personal pronouns) можна размеркаваць па катэгорыям ліку і асобы з дапамогай наступнай табліцы:

Асоба Назоўны склон (адзіночны лік) Назоўны склон (множны лік) Ускосны склон (адзіночны лік) Ускосны склон (множны лік)
1 I (я) we (мы) me (я, мне, мяне) us (мы, нам, нас)
2 you (ты) you (вы) you (ты, цябе, табе) you (вы, вам, вас)
3 he/she/it (ён/яна/яно) they (яны) him/her/it (ён, яму, яго/яна, ёй, яе/яно, яму, ім) them (яны, ім, іх)

Асабовыя займеннікі ставяцца ў назоўны склон калі выконваюць ролю дзейніка ў сказе, а ва ўскосным склоне яны выконваюць ролю дапаўнення.

Трэба зазначыць, што займеннік you бывае толькі множнага ліку. Яго пераклад словам "ты" - ўмоўны і выкарыстоўваецца, толькі калі гаворка ідзе пра пераклад суразмоў на т.зв. "first-name terms" (літар. "умовы, пры якіх людзі ў суразмове называюць адзін аднаго па імю, а не па прозвішчу). Яшчэ адна праблема перакладчыка з англійскай: займеннік they можа азначаць "людзі ўвогуле" (напрыклад, у фразах "they say" - "гавораць", "they believe" - "лічыцца").

Значэнні займенніка it[правіць | правіць зыходнік]

Па першае, катэгорыя роду назоўнікаў англійскай мовы істотна адрозніваецца ад катэгорыі роду ў беларускай мове: большая частка прадметаў і з'яў у англійскай мове - сярэдняга роду, а назоўнікі сярэдняга роду замяняюцца займеннікам it. Пры перакладзе на беларускую (і, асабліва пры перакладзе з беларускай на англійскую) трэба звяртаць увагу на правільнае выкарыстанне роду назоўнікаў і, як след, на выкарыстанне адпаведных займеннікаў[2].

Па другое, займеннік it можа выкарыстоўвацца ў наступных сітуацыях:

  • фармальны дзейнік безасабовага сказу (на беларускую не перакладаецца) (It is raining - Ідзе дождж)
  • указальны ці эмфатычны займеннік (It is a new book - Гэта - новая кніга. It was Jack who broke the window - Менавіта Джэк разбіў акно.)
  • фармальнае дапаўненне (на беларускую не перакладаецца) (He found it hard to talk to her - Яму было цяжка пагаварыць з ёй)

Прыналежныя займеннікі[правіць | правіць зыходнік]

Асоба Адзіночны лік Множны лік
1 my (мой, мая, маё, мае) our (наш, наша, нашы)
2 your (твой, твая, тваё, твае) your (ваш, ваша, вашы)
3 his/her/its (яго/яе/яго) theіr (іх)

У англійскай мове прыналежныя займеннікі абавязкова ставяцца нават у сітуацыях, дзе іх беларускія адпаведнікі ставіць непажадана: I rubbed my cheek - Я пацёр шчаку (зразумела, што "сваю"). У такіх выпадках пры перакладзе на беларускую прыналежныя займеннікі апускаюцца (і наадварот дадаюцца пры перакладзе на англійскую)[3]. Вышэй прыведзеная табліца не перадае т.зв. абсалютную форму прыналежных займеннікаў. Апошняя прымяняецца, калі прыналежны займеннік не суправаджаецца назоўнікам (The book is mine - Кніга - мая). Існуюць наступныя варыянты абсалютнай формы - mine (мой), yours (твой, ваш), his (яго), its (яго), hers (яе), ours (наш), theirs (іх). Пры гэтым its як абсалютная форма практычна не ўжываецца[4].

Зваротныя і эмфатычныя займеннікі[правіць | правіць зыходнік]

Гэта група займеннікаў утвараецца з даданнем слова self ці selves да формы прыналежных ці асабовых займеннікаў: myself, yourself, himself, herself, itself, ourselves, yourselves i themselves. Зваротныя займеннікі звычайна перакладаюцца на беларускую словамі "сам", "самастойна": I'll do it myself - Я сам зраблю гэта; Working with her was a pleasure in itself - Магчымасць працаваць з ёю ўжо была задавальненнем сама па сабе. Цікава, што займеннік yourself толькі выглядае як займеннік адзіночнага ліку, на самой справе ўсе створаныя ад займенніка you формы заўжды выкарыстоўваюцца з дзеясловамі множнага ліку, нават калі гаворка ідзе аб адным чалавеку: You yourself are guilty - Ты сам вінаваты (альбо вы самі вінаваты; are - форма множнага ліку цяперашняга часу дзеяслова "быць"). Да зваротных займеннікаў адносіцца і oneself, які складаецца з двух частак - неазначанага займенніка one (нехта, хто-небудзь; выкарыстоўваецца як універсальная замена ўсіх астатніх зваротных займеннікаў) і дадатка self.

Камбінацыі накшталт "you youself" лічацца эмфатычнымі займеннікамі (emphatic pronouns ад англ. emphasis - націск, акцэнт на штосьці); яны перадаюцца на беларускую словамі "сам", "сама", "самі".

Выкарыстанне зваротных займеннікаў з пераходнымі дзеясловамі[правіць | правіць зыходнік]

дзеяслоў без займенніка Пераходная форма дзеяслова + зваротны займеннік
come (прыйсці) come to oneself (прыйсці ў сябе)
forget (забываць) forget oneself (забывацца)
find (знайсці) find oneself (апынуцца дзе-небудзь)
feel (адчуваць) feel oneself (1. абмацаць сябе; 2. займацца мастурбацыяй[5])

Указальныя займеннікі[правіць | правіць зыходнік]

Да ўказальных займеннікаў (demonstrative pronouns) адносяць такія: this-these (гэты-гэтыя), that-those (той[6]-тыя), such (такі) i same (той самы, такі ж).

Некаторыя ўстойлівыя выразы з указальнымі займеннікамі[правіць | правіць зыходнік]

  • those present (прысутныя)
  • those concerned (зацікаўленыя)
  • such as (такія як)
  • as such (як ёсць, як такі)
  • that is why (вось чаму)
  • all the same (тое ж самае, усё роўна)[7].

Цікавыя факты пра ўказальныя займеннікі[правіць | правіць зыходнік]

  • Займеннік that з'яўляецца мнагазначным, ён можа перадаваць сэнс "які" у даданых сказах ці замяняць назоўнік у якасці апорнага слова і г.д.
  • Выраз "наша краіна" павінен перакладацца на англійскую this country (літаральна "гэта краіна") калі гаворка ідзе пра краіну, у якой знаходзяцца суразмоўцы (напр., пра ЗША ў Злучаных штатах), і our country/my country (наша/мая краіна), калі гаворка мае месца на чужыне (напр., пра Беларусь у Вялікабрытаніі[8]).
  • Займеннік same практычна заўсёды суправаджаецца азначаным артыклем (the).

Неазначаныя займеннікі[правіць | правіць зыходнік]

Неазначаныя займеннікі (indefinite pronouns) складаюць найбуйнейшую і найбольш разнародную групу займеннікаў англійскай мовы. Некаторыя з іх складаюцца у камбінацыі з 2-х частак. У першую частку звычайна ідуць займеннікі some (нешта, нехта, некалькі, некаторая колькасць і г.д.), any (кожны, нехта, колькі заўгодна і г.д.) і no (ніколькі і іншыя формы "не"), а таксама every і each (абодва маюць значэнне "кожны"); у другой частцы такіх камбінацый могуць стаяць словы body (не назоўнік "цела", а свайго роду суфікс, які перадае значэнне "асоба ці група людзей альбо іншых жывых істот"), one (адзін чалавек, адна жывая істота) і thing (прадмет, рэч) альбо пытальныя займеннікі такія як where (дзе). Прыкладамі такіх камбінацый можна назваць something (нешта), nobody (ніхто), everyone (кожны) і г.д.

Табліцы выкарыстання неазначаных колькасных займеннікаў[правіць | правіць зыходнік]

Неазначаныя колькасныя займеннікі з рэчыўнымі і абстрактнымі адзіночналікавымі назоўнікамі Неазначаныя колькасныя займеннікі з множналікавымі назоўнікамі
much (многа) many (многа)[9]
a little (некаторая колькасць (рэчыва)) a few (некалькі (прадметаў))
little (мала) few (мала)

Цікавыя факты пра неазначаныя займеннікі[правіць | правіць зыходнік]

  • Займеннікі somebody і someone азначаюць "нехта, хтосьці", але першы можа азначаць як адну жывую істоту, так і групу жывых істот, звычайна людзей, а другі толькі адну асобу (жывую істоту). Падобнае адносіцца і да камбінацый з any і no[10].
  • Існуе думка, што камбінацыі з some пераважна выкарыстоўваюцца ў сцвярджальных сказах, а any - ў пытаннях, але на самой справе розніца паміж імі ў наступным: Do you want some water? - Хочаш вады ? (крыху, некаторую колькасць) і Do you want any water? - Хочаш вады ? (увогуле, няважна колькі); He may take some money - Ён можа ўзяць грошы (крыху, альбо абмежаваную колькасць) і He may take any money - Ён можа ўзяць столькі грошай, колькі захоча.
  • Займеннік something у спалучэнні з уласнымі імёнамі азначае "нехта, нейкі", а не "штосьці" (Something Picasso - нейкі Пікасо[11]).
  • Займеннікі every i each перадаюць значэнне "кожны", але першы нясе сэнс згрупаванасці, а другі індывідуальнасці, разглядання кожнага прадмета па-асобку[12].
  • Нельга блытаць займеннікі no one i none: першы азначае "ніхто" а другі "нісколькі"[13].
  • Займеннікі another i the other звычайна перакладаюцца на беларускую словам "другі", але першае азначае "другі з некалькіх, іншы", а другое - "другі з двух".
  • Азначаны артыкль павінен ставіцца пасля займеннікаў all (усе) i both (абодва), а не перад імі.
  • Слова one ў ролі займенніка можа перадаваць значэнні: 1. "нейкі, хто-небудзь" (One told me that you work there - Мне казалі, што вы там працуеце); 2. замена назоўніка ў кантэксце, "гэты" (Which apple would you like? - This one - Які яблык вы жадаеце - Вось гэты)[14].

Узаемныя займеннікі[правіць | правіць зыходнік]

Да катэгорыі ўзаемных займеннікаў англійскай мовы (reciprocal pronouns) звычайна адносяць дзве фразы: each other i one another. Абедзве перадаюць сэнс "адзін аднаго" ці "адно аднаго" і з'яўляюцца сінонімамі, але першая фраза выкарыстоўваецца пераважна ў сэнсе адносін двух асоб, а другая - ў сэнсе адносін трох і больш асоб[15].

Пытальныя і злучныя займеннікі[правіць | правіць зыходнік]

Адны і тыя ж словы могуць быць пытальнымі займеннікамі (interrogative pronouns), калі іх ужываюць у пытаннях, і злучнымі займеннікамі (conjunctive pronouns), калі злучаюць паміж сабой дзве часткі сказа. Да гэтых катэгорый адносяцца такія словы: how (як), what (што, які), when (калі), where (дзе), who (хто), whom (каму, каго), whose (чый), why (чаму, а што) i which (які).

Займеннікі what i which[правіць | правіць зыходнік]

Абодва займеннікі могуць перадаваць сэнс "які", калі гаворка ідзе пра выбар аднаго ці больш з некалькіх вырыянтаў, але which можна ўжываць толькі ў такім сэнсе.

Займеннікі who i which[правіць | правіць зыходнік]

Калі гэтыя два займеннікі злучаюць даданы сказ з галоўнай часткай складаназалежнага сказа, трэба адрозніваць іх выкарыстанне ў наступных сітуацыях:

  1. who ставяць для злучэння даданага сказа з галоўным, калі ў апошнім ёсць назоўнік ці асабовы займеннік, які абазначае адушаўлённы прадмет адзінай асобы і які звязаны з гэтым злучным займеннікам: It was Mr. Brown/he who opened the door - Гэта містэр Браўн/ён быў тым, хто адчыніў дзвер.
  2. which ставіцца ў даданай частцы складаназалежнага сказа пры наяўнасці назоўнікаў, якія абазначаюць неадушаўленныя прадметы і групы жывых істот, пераважна людзей, і выражаны займеннікам which у даданым сказе[16]: They talked to the group of students which had come out of the university building - Яны размаўлялі з групай студэнтаў, якая выйшла з універсітэтскага будынку[17].
  3. which можа адносіцца ня толькі да пэўнага назоўніка (ці займенніка) ў галоўнай частцы складаназалежнага сказа, але і да ўсёй сітуацыі, апісаннай у ім. У гэтым выпадку перад займеннікам which ставіцца коска, і ён перакладаецца на беларускую словам "што"[18]: My teacher put me a good mark, which helped me to get extra money from my parents - Мой настаўнік паставіў мне добрую адзнаку, што дапамагло мне атрымаць дадатковыя грошы ў бацькоў (у гэтым сказе which не звязаны з словам mark (адзнака) а з усім кантэкстам "настаўнік паставіў добрую адзнаку").

Займеннікі who, which i that у даданых сказах у ролі дзейніка або дапаўнення[правіць | правіць зыходнік]

Калі займеннік who (з назоўнікамі, якія можна замяніць асабовымі займеннікамі he i she) ці which (з ўсімі іншымі назоўнікамі) ці займеннік that, які замяняе іх абодва, выкарыстоўваюцца ў якасці дзейніка дадатковага сказа, іх нельга апускаць:

The boy who works here is my friend. - Хлопец, які тут працуе, мой сябар.

The milk which was bought there has turned sour. - Малако, якое купілі там, скісла.

Калі ж займеннікі who, which і that выконваюць ролю дапаўнення даданага сказа, іх можна апусціць у англійскім сказе, але трэба захаваць пры перакладзе на беларускую[19]:

The girl (who) I go out with is ill. - Дзяўчына, з якой я гуляю, хварэе.

The milk (which) I bought there has turned sour. - Малако, якое я купіў там, скісла.

Сінтаксіс пытальных займеннікаў[правіць | правіць зыходнік]

Сярод тых, хто выкладае ці вывучае англійскую мову як замежную, існуе думка, што ў спецыяльных пытаннях пытальныя займеннікі абавязкова павінны стаяць першым словам сказа. Але сінтаксіс англійскай мовы дазваляе некаторыя варыяцыі, як і сінтаксіс беларускай мовы. Гэта можна разгледзіць на прыкладзе пытання "З кім ты размаўляешь?": Whom are you talking to? To whom are you talking? Are you talking to whom? Апошні варыянт можа лічыцца няправільным сярод прыхільнікаў класічнай граматыцы англійскай мовы, але падобны сінтаксіс спецыяльных пытанняў можна сустрэць у амерыканскім перыядычным друку, і гаворка ідзе не пра мову малаадукаваных фермераў, а пра выкарыстанне падобных структур высокаадукаванымі і вопытнымі пісьменнікамі-публіцыстамі.

Дадатковыя звесткі ў Сеціве[правіць | правіць зыходнік]

Сайт English Club. Старонка, прысвечаная займеннікам англійскай мовы

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Аўтарскае «мы»

Зноскі

  1. Krylova, I.P., Gordon E.M. A Grammar of Present-day English. Practical Course. М.:КДУ, 2008, §1, p.345
  2. Слепович В.С. Курс перевода. Русский-английский. Мн.:"ТетраСистемс",2001, с.31
  3. Слепович В.С. Курс перевода. Русский-английский. Мн.:"ТетраСистемс",2001, с.80
  4. Krylova, I.P., Gordon E.M. A Grammar of Present-day English. Practical Course. М.:КДУ, 2008, §7, p.350
  5. Словарь Мультитран
  6. Таксама слова that можа выступаць ў ролі злучніка складаназалежных сказаў і перакаладацца словамі "што" альбо "які". Гл. Слепович В.С. Курс перевода. Русский-английский. Мн.:"ТетраСистемс",2001, с.33
  7. Krylova, I.P., Gordon E.M. A Grammar of Present-day English. Practical Course. М.:КДУ, 2008, §12-17, p.355-358
  8. Krylova, I.P., Gordon E.M. A Grammar of Present-day English. Practical Course. М.:КДУ, 2008, §12, p.354 (note)
  9. У сучаснай англійскай мове much і many нярэдка замяняюцца сінанімічным выразам a lot of/lots of
  10. Krylova, I.P., Gordon E.M. A Grammar of Present-day English. Practical Course. М.:КДУ, 2008, §22, p.362(note)
  11. Гэта фраза прагучала з вуснаў персанажа фільма "Тытанік" (1997г.) Джэмса Камерона Кэла Хопкінса
  12. Krylova, I.P., Gordon E.M. A Grammar of Present-day English. Practical Course. М.:КДУ, 2008, §28, p.371
  13. Krylova, I.P., Gordon E.M. A Grammar of Present-day English. Practical Course. М.:КДУ, 2008, §24, p.367(note)
  14. Слова one часцей за ўсё выступае ў ролі лічэбніка "адзін"
  15. Krylova, I.P., Gordon E.M. A Grammar of Present-day English. Practical Course. М.:КДУ, 2008, §34, p.378
  16. Martin Hewings Advanced Grammar in Use, 2nd edition, Cambridge University Press, 2005, Unit 53, p. 106
  17. Займеннік that можа выкарыстоўвацца як сінонім who i which у вышэй апісанных сітуацыях.
  18. Krylova, I.P., Gordon E.M. A Grammar of Present-day English. Practical Course. М.:КДУ, 2008, §44, p.385
  19. Raymond Murphy. English Grammar in Use, intermediate, 2nd edition, Unit 92 sections A, B, p.184