Замкавы парк (Нясвіж)

З пляцоўкі Вікіпедыя
(Пасля перасылкі з Замкавы парк, Нясвіж)
Jump to navigation Jump to search

Замкавы парк, або парк Антонія — парк у Нясвіжы, частка палацава-паркавага комплексу Радзівілаў.

Замкавы парк

Уваход на тэрыторыю паркавага ансамбля пачынаецца каля старадаўніх варот, упрыгожаных гербам роду Радзівілаў «Трубы». На ім намаляваны: знак улады — арол, на грудзях якога размяшчаецца шчыт з трыма паляўнічымі ражкамі і манаграма Антонія Вільгельма Радзівіла. За варотамі адкрываецца від на Замкавую алею — дамбу даўжынёй 450 м, абсаджаную векавымі дрэвамі. Сярод насаджэнняў, якія яе атачаюць, пераважаюць клён вастралісты і вярба плакучая, сустракаецца і серабрыстая, якая выгадна вылучаецца на зялёным фоне іншых пасадак.

Земляная дамба ў Замкавым парку

Земляная дамба, з’явілася ў 18701875. Да гэтага часу замак злучаўся з горадам доўгім разборным драўляным мостам, які добра бачны на гравюры Т. Макоўскага. Мост меў абароннае значэнне, але, згубіўшы гэту функцыю, быў заменены дамбай. Сама алея з’яўляецца ўжо часткай парку Антонія, названага так у гонар Антонія Вільгельма Радзівіла[1].

Азеляненне замкавай тэрыторыі пачалося ў пачатку 19 ст. На плане Нясвіжа 1810 бачна, што аб’язная дарога, што праходзіла па знешняй броўцы рова ў трох месцах абсаджана дрэвамі з двух бакоў, у чацвёртым (паўночна-ўсходнім) — з аднаго. Як адзначаў У. Сыракомля, у 1830-х гадах на адкосах рова раслі дзікія хмызнякі і зрэдку разложыстыя грушы, а ў цэнтры параднага двара знаходзілася група бяроз і асін. На гравюры Г. Гумінскага, зробленай пазней, відаць, што дрэвы ў двары замка былі заменены кветкавай клумбай дыяметрам 15—16 м, а каля пад’езда да першага крыла пасаджаны дэкаратыўныя кусты.

Цяпер парк Антонія ўключае пад’язную дамбу і тэрыторыю, якая непасрэдна прымыкае да замка. Характар пейзажу амаль не мяняецца да моста, перакінутага цераз роў да вежавых варот замка. У парку ў 1961 быў разбіты невялікі скверык і ўстаноўлена скульптура «Спадарожнік» у гонар першага штучнага спадарожніка Зямлі. Тут расце адзіны ў Нясвіжы экзэмпляр гледычыі трохліставай. Азеляненне прызамкавага ўчастка выконвалася на трох узроўнях: па броўцы рова, па грэбені вала і на ўнутрызамкавых дворыках.

У Замкавым парку знаходзіцца вялікая колькасць экзатычных раслін. У 1954 па праекту архітэктара Рудэнкі ва ўнутраным дворыку замка быў разбіты сквер партэрнага тыпу. Цэнтральная частка сквера мела выгляд эліпса, а на пярэднім плане знаходзіцца калодзеж, упрыгожаны дэталямі кавальскай работы мясцовых умельцаў, і скульптура «Амур з чашай»[2]. Пасля рэканструкцыі пачатку 21 стагоддзя расліннасць знікла з дворыка, застаўся толькі калодзеж.

Невялічкі двор (конны, або гаспадарчы) у паўднёвай частцы замка перад былымі стайнямі, пабудаванымі ў крапасным вале, аформлены групай блакітных елак, кветкамі, а сцяна і вежа замка абвіты дзікім вінаградам. Самы маленькі замкавы двор (інтымны) размешчаны ва ўсходняй частцы, паміж палацава-замкавым комплексам і валам. Тут высаджаны ясень і блакітная елка. Крытая лесвіца ў выглядзе пергалы, павітай вінаградам, вядзе на крапасны вал.

На вале замка ў розны час высаджваліся кусты — махровыя формы глогу, розныя віды бэзу, язміну. Вінаград дзявочы пяцілістковы, амурскі і культурны, актынідныя выкарыстаны ў аздабленні замкавых сцен і відавых альтанак. 3 вонкавага боку рова замак акружаны шырокай аб’язной дарогай, абсаджанай клёнам вастралістым[2].

У Замкавы парк уваходзяць таксама алеі, якія атачаюць замак па беразе абароннага рова і дзве паляны. Тэатральная паляна, размешчаная на поўдзень ад замка, мае выгляд паўкола. У былыя часы прыдворны тэатр у цёплую пару года даваў на ёй тэатралізаваныя пастаноўкі, і гледачы знаходзіліся на іншым боку абароннага рова. Другая паляна размешчана на ўсход ад замка і ўпрыгожана трыма дэкаратыўнымі бронзавымі вазамі на гранітных пастаментах (усталяваны ў 1992, скульптар Валерый Янушкевіч)[1].

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]