Заслужаны майстар спорту

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Заслужаны майстар спорту — ганаровае спартыўнае званне. Стандартнае скарачэнне ў спартыўнай даведкавай літаратуры — ЗМС.

Званне «заслужаны майстар спорту» было заснавана ў СССР у 1934 годзе (з 1983 года афіцыйнае найменне — «заслужаны майстар спорту СССР»). Аналагічныя званні існавалі ў Балгарыі, Польшчы (існуюць і цяпер), ГДР, Румыніі, Чэхаславакіі[1].

Пасля распаду СССР званне «заслужаны майстар спорту СССР» прысвойвалася ў 1992 годзе за дасягненні ў складзе Аб'яднанай каманды. Пачынаючы з 1992 года, званні «заслужаны майстар спорту» былі заснаваны ў шэрагу дзяржаў, раней якія ўваходзілі ў склад СССР (у некаторых — як ганаровае званне):

  • ЗМС Расіі — у 1992 годзе, ганаровае спартыўнае званне.
  • ЗМС Украіны — у 1992 годзе, ганаровае спартыўнае званне; па Адзінай спартыўнай класіфікацыі Украіны 2006 года — спартыўнае званне.
  • ЗМС Рэспублікі Беларусь — у 1994 годзе, ганаровае спартыўнае званне; з 13 красавіка 1995 года — ганаровае званне.
  • ЗМС Рэспублікі Казахстан — ганаровае спартыўнае званне.
  • ЗМС Кыргызскай Рэспублікі — ганаровае спартыўнае званне.
  • ЗМС Малдовы — ганаровае спартыўнае званне.
  • ЗМС Рэспублікі Таджыкістан — ганаровае спартыўнае званне.
  • Узбекістан — ганаровыя званні «Узбекістон іфтыхоры» (28 жніўня 1998 года) і «Заслужаны спартсмен Рэспублікі Узбекістан» (26 красавіка 1996 года).

Ганаровае званне — званне, якое прысвойваецца ў індывідуальным парадку вышэйшым заканадаўчым органам краіны ці прэзідэнтам; ганаровае спартыўнае званне — званне, якое прысвойваецца ў індывідуальным парадку кіраўніцтвам адказным за спорт міністэрства ці ведамства; спартыўнае званне — званне, якое прысвойваецца пры выкананні нарматываў, устаноўленых спартыўнымі класіфікацыямі.

Заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь[правіць | правіць зыходнік]

Нагрудны знак «Заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь» (варыянт 2005 года)
Гл. таксама: Катэгорыя:Заслужаныя майстры спорту Рэспублікі Беларусь

«Заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь» — ганаровае званне, якое прысвойваецца ўказамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Званне было заснавана ў 1994 годзе як ганаровае спартыўнае званне, а Законам Рэспублікі Беларусь ад 13 красавіка 1995 года «Аб дзяржаўных ўзнагародах Рэспублікі Беларусь» — як ганаровае званне. У Законе ад 18 мая 2004 года гаворыцца[2]:

Ганаровае званне «Заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь» прысвойваецца спартсменам, у тым ліку спартсменам-інвалідам, за дасягненне высокіх вынікаў на Алімпійскіх, Паралімпійскіх і Сусветных гульнях, чэмпіянатах, першынствах і Кубках свету і Еўропы.

12 красавіка 1996 года асобы, якія маюць званне «Заслужаны майстар спорту СССР», былі прыраўнаваны да асоб, ганараваных звання «Заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь»[3] (у 1994—1995 некалькі заслужаных майстроў спорту СССР былі ганараваны і званнем Рэспублікі Беларусь).

Апісанне нагруднага знака было прынята 15 студзеня 1996 года, а 8 красавіка 2005 года было прынята новае апісанне[4], у якім надпісы былі перакладзены з рускай мовы на беларускую.

Выразных крытэрыяў прысваення звання не існуе. За дасягненні на Алімпійскіх гульнях званне прысвойваецца ўсім чэмпіёнам і прызёрам; у 2002 годзе таксама званне атрымалі ўсе члены хакейнай каманды, якая заняла 4-е месца. За дасягненні на Паралімпійскіх гульнях званне, як правіла, прысвойваецца чэмпіёнам.

Зноскі

  1. Спортсмены стран социализма на международной арене / Составитель В. Л. Штейнбах. — М.: «Физкультура и спорт», 1974.
  2. Закон Рэспублікі Беларусь ад 18 мая 2004 г. № 288-С «Аб дзяржаўных ўзнагародах Рэспублікі Беларусь», артыкул 59
  3. Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 12 красавіка 1996 г. № 143 «Пра некаторыя меры па падрыхтоўцы беларускіх спартсменаў да Алімпійскіх і Паралімпійскіх гульняў 1996 і 1998 гадоў», пункт 3
  4. Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 8 красавіка 2005 г. № 168 «Аб некаторых пытаннях узнагароджання дзяржаўнымі ўзнагародамі Рэспублікі Беларусь», артыкул 54