Перайсці да зместу

Захар Захаравіч Кавальчук

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Захар Захаравіч Кавальчук
Сцяг Старшыня Цэнтральнага Савета прафсаюзаў БССР
ліпень 1932 ліпень 1936
Папярэднік Іван Рыжоў
Пераемнік Іосіф Бельскі (з 1948)
Сцяг Кандыдат у члены Сакратарыята ЦК КП(б) Беларусі
29 студзеня 1931 26 сакавіка 1932
Сцяг Адказны сакратар Аршанскага акруговага камітэта КП(б) Беларусі
1930
Папярэднік Павел Віленстовіч
Пераемнік пасада скасаваная

Нараджэнне 1893
Смерць 30 кастрычніка 1937(1937-10-30)
Месца пахавання
Партыя УКП(б) (1920)

Заха́р Заха́равіч Кавальчу́к (1893, в. Крыўляны Гродзенскай губерні (цяпер Жабінкаўскі раён Брэсцкай вобласці) — 30 кастрычніка 1937, Менск, турма НКУС) — савецкі партыйны і прафсаюзны дзеяч, кандыдат у члены Сакратарыята ЦК КП(б)Б, старшыня Цэнтральнага Савета прафсаюзаў БССР.

Нарадзіўся ў 1893 годзе ў вёсцы Крыўляны Пружанскага павета (цяпер у Жабінкаўскім раёне Брэсцкай вобласці) ў сялянскай сям’і.

У 1911 годзе, у 18-гадовым узросце, сеўшы на параход у Лібаве, з’ехаў у Амерыку на заробкі. Працаваў чорнарабочым у сталеліцейным цэху ў Пенсільваніі, неўзабаве перабраўся ў Дэтройт, штат Мічыган. Тут пражывала шмат эмігрантаў з Расійскай імперыі, у тым ліку вядома, што з восені 1914 года ў Дэтройце працаваў Іван Іванавіч Аноцкі, ураджэнец Пружанскага павета. У канцы 1916 года Кавальчук далучыўся да расійскай федэрацыі Амерыканскай сацыялістычнай партыі. Пасля яе распаду далучыўся да Камуністычнай партыі адразу па яе стварэнні ў верасні 1919 года. Абраны сакратаром партячэйкі аўтазавода.

Арыштаваны паліцыяй за палітычную дзейнасць. Правёў у турме пяць месяцаў, пасля быў высланы з ЗША «як непатрэбны элемент». На параходзе даплыў да Кітая, а адтуль цягніком дабраўся да Масквы.

Працаваў ліцейшчыкам на Маскоўскім аўтамабільным заводзе, дзе толькі пачыналі выпускаць першыя савецкія «палутаркі». Уступіў у ВКП(б) (1920), быў накіраваны ў Маскоўскую савецка-партыйную школу. Пасля працаваў у Маскоўскім павятовым камітэце РКП(б). Аднак імкнуўся вярнуцца на радзіму, да бацькоў, братоў і сясцёр, якія на той час пражывалі пад уладай Польшчы. Паспрабаваў шукаць працу ў Менску. Праз першага сакратара ЦК КП(б)Б Канстанціна Гея ў 1930 быў прызначаны сакратаром Аршанскага акругкама КП(б)Б. Пасля працаваў загадчыкам аддзела кадраў ЦК КП(б)Б, сакратаром Менскага гаркама партыі.

На XIV з’ездзе КП(б)Б, які адкрыўся ў канцы студзеня 1932 года, увайшоў у склад прэзідыума з’езда разам з Р. П. Грысевічам, П. М. Рачыцкім, Е. П. Убарэвічам, А. Р. Чарвяковым. У гэтым самым года выбраны членам Бюро ЦК КП(б)Б, у склад якога ўвайшлі М. М. Галадзед, М. Ф. Гікала, Р. П. Грысевіч, Е. П. Убарэвіч, А. Р. Чарвякоў, В. Ф. Шаранговіч і іншыя. Кандыдат у члены бюро ЦК КП(б)Б (1934—1936).

У жніўні 1932 года выбраны старшынёй Цэнтральнага савета прафсаюзаў БССР (ЦСПСБ). Пасля таго, як ЦСПСБ злучылі з Наркаматам працы БССР, стаў фактычна трэцяй асобай у рэспубліцы пасля Мікалая Гікалы і Мікалая Галадзеда.

У лютым 1935 года быў дэлегатам VII з’езда Саветаў СССР, абраны сябрам ЦВК СССР.

У 1937 выкліканы ў Маскву і выключаны са складу ЦВК за прыналежнасць да трацкісцкай апазіцыі ў 1923 годзе. Падчас арышту дырэктар рыбна-кансервавага завода. Арыштаваны 29 ліпеня 1937 года ў Мінску па адрасе: вул. Ленінская, д. 36/43, кв. 22. Выключаны з партыі ў сувязі з арыштам. Асуджаны 29 кастрычніка 1937 «тройкай» НКУС, як «актыўны член контррэвалюцыйнай тэрарыстычнай шпіёнскай арганізацыі» да ВМП з канфіскацыяй маёмасці. Расстраляны ў ноч з 29—30 кастрычніка 1937 года[1]. Жонка Таццяна з шасцігадовай дачкой Галяй сасланыя.

Рэабілітаваны пасмяротна 15 верасня 1956 года (паводле іншых звестак у сакавіку 1989).

Зноскі