Заходнепалеская мікрамова

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці

Заходнепалеская літаратурная мікрамова (саманазвы: заходышнополiська лытырацька волода, полiська мова, jiтвjежа волода) базуецца на аднайменным дыялекце, які ў генетычных адносінах сінтэзуе ў сабе рысы беларускага і ўкраінскага тыпу.

Пашырэнне[правіць | правіць зыходнік]

Арэал пашырэння палескіх (заходнепалескіх) гаворак на Беларусі выдзелена жоўтым колерам

Заходнепалескія гаворкі на Беларусі лакалізуюцца ў Брэсцка-Пінскім Палессі. Арэал іх пашырэння на поўначы і ўсходзе абмяжоўваецца лініяй: на поўдзень ад Шарашова, Пружанаў, Бярозы, на поўнач ад Белаазёрска, на поўдзень ад Целяхан, на паўночны ўсход ад Лагішына і Пагоста Загародскага, на паўднёвы захад ад Лунінца, на ўсход ад Дубая, на паўночны ўсход ад Століна і Стругі. Паўднёвая частка арэалу закранае паўночны захад Украіны.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

На фарміраванне дыялектнага ландшафту Заходняга Палесся аказалі ўплыў розныя фактары. На думку некаторых даследчыкаў, Заходняе Палессе з'яўлялася часткай славянскай прарадзімы або адной з зон старажытнай міграцыі праславян. Старажытнае славянскае насельніцтва гэтай вобласці было, відаць, цясней звязана з паўднёва-заходнімі славянскімі групамі, чым з усходнімі, паколькі старадаўняя мяжа ў зоне рассялення праславян праходзіла па рацэ Гарынь. Пазней гэта мяжа перамясцілася на Заходні Буг. У 2-й палове I тысячагоддзя н. э. археалагічныя комплексы Брэсцка-Пінскага і Валынскага Палесся не былі ні тыпова дрыгавіцкімі, ні тыпова валынянскімі, ні тыпова драўлянскімі. Не выключана, што тут знаходзілася асобнае ўсходнеславянскае племя. Відаць, на рубяжы VII—VIII ст. асноўныя групы мясцовага насельніцтва Заходняга Палесся ўваншлі ў валынянскі саюз. 3 канца X ст. ўзмацняецца дрыгавіцкі ўплыў, асабліва ў паўночна-заходняй частцы рэгіёна. 3 X ст. мелі месца перасяленні асобных груп ятвягаў з паўночнага захаду. Відаць, быў прыліў насельніцтва з Валыні ў XIII—XV ст.

Сучасныя дыялектныя тыпы заходнепалескіх гаворак, магчыма, адлюстроўваюць пэўныя моўныя асаблівасці старых міграцыйных рухаў. Наклалі адбітак на дыялектны ландшафт Заходняга Палесся і пазнейшыя дзяржаўныя і адміністрацыйныя межы. Так, відаць не выпадкова мяжа паміж заходне- і ўсходнезагародскай дыялектнымі зонамі супадае з мяжой паміж сярэдневяковымі Берасцейскай і Пінскай землямі, мяжа радастаўскай мікразоны — з участкам літоўска-польскай граніцы ў XIV—XVIII ст., мяжа сярэднепагарынскіх гаворак — з мяжой Дубровіцкага княства ў XII—XV ст.

Рэдкія прыклады нерэгулярнага пісьмовага прымянення мясцовых гаворак адзначаныя на Палессі ўжо ў XVI і XVII ст. У XIX ст. па-палеску піша вершы Франц Савіч, пазней Мікола Янчук. У 1907 г. з'явіўся першы друкаваны палескі буквар (лемантар).

Фарміраванне заходнепалескай літаратурнай мікрамовы пачалося ў 1980-я гады дзякуючы намаганням філолага і паэта Міколы Шэляговіча па кадыфікацыі гаворак Заходняга Палесся. Затым на Беларусі было заснавана таварыства «Поліссе» і пачаў выдавацца специальны бюлетень. На заходнепалескай мікрамове ў перыяд з 1989 г. да 1994 г. друкавалася частка матэрыялаў у газеце «Збудінне».

Пісьменства[правіць | правіць зыходнік]

Для запісу заходнепалескай мовы выкарыстоўвалася кірыліца з літарай j (ёт). Былі таксама спробы ўвесці лацініцу (у чэшскім варыянце).

Лінгвістычныя асаблівасці[правіць | правіць зыходнік]

Галоўныя асаблівасці заходнепалескіх гаворак:

  • оканне (молоко, голова, здоровый),
  • вымаўленне на меcцы е пад націскам галоснага і (б'ілый, с'іно, на ноз'і, л'іс),
  • цвёрдасць губных і пярэднеязычных перад этымалагічнымі е, і (вэчор, бэрог, дэн', тэплый, нысэ, еызэ, мыска, быты, ходыты, зыма),
  • цвёрдасць заднеязычных у спалучэннях гы, кы, хы (ногы, кынуты, хытрый),
  • наяўнасць мяккіх этымалагічных шыпячых (нож'і. ш'апка, ж'аба), [р'] (р'ічка, гор'іх, пор'адок), [ц'] (жнэц', хлопэц', на конц'і),
  • губна-зубны або губна-губны [в] на месцы [ў] у літаратурнай мове (правда, сказав),
  • адсутнасць цекання (т'ін' , т'іло, т'агнуты), дзекання (д'ід, д'івчына, д'акуваты),
  • канчатак -ый у назоўным склоне прыметнікаў мужчынскага роду адзіночнага ліку (новый, сыный, молодый, крутый),
  • указальныя займеннікі гэтой, гэтый, гэта, гэтэ, гэты, гэто, займеннікавыя формы мн'і, йёю,
  • пашырэнне лексем: клуня (гумно), прач (пранік), пацыят (франтон), шіпка (павець), быяк (біч), шытык (папруга), судосыты (сустрэць), волочыты (баранаваць), лататы (лапіць), быцю-быцю (падзыўныя для кароў), путь-путь (падзыўныя для курэй).

Адрозніваюцца 4 дыялектныя тыпы: сярэднезагародскі, паўднёвазагародскі, паўночназагародскі і тараканскі. Выдзяляецца шэраг спецыфічных рыс перыферыйных заходнепалескіх гаворак, якія адрозніваюць гэтыя гаворкі ад асноўнага заходнепалескага дыялектнага масіву.

Прыклад тэксту[правіць | правіць зыходнік]

Верш Аляксандра Ірванэця «Дзякуем перабудове»:


Батьку, мамо, свето в нас, свето!
Выйшла на нашиjі мовы газэта!
Шэ ны газэта — шэ но бочына,
Алэ зрадніты сыба ны прычына?


Славмо-жэ ріднэньку пырыбудову,
Шо отчынее заганьбляну мову!

Дыялекты[правіць | правіць зыходнік]

Дыялектныя мікразоны заходнепалескага арэала:

  • брэсцка-кобрынская,
  • камянецка-высокаўская, або паўночна-заходняя,
  • маларыцка-дамачоўская, або паўднёва-заходняя,
  • драгічынска-янаўская, або цэнтральназагародская,
  • заходнястолінская, або паўднёва-ўсходняя,
  • лагішынская, або паўночна-ўсходняя,
  • лагішынска-заходнястолінская,
  • радастаўская,
  • заходнія ўскраіны Брэстчыны,
  • паўднёвыя ўскраіны Загароддзя,
  • раён горада Кобрына,
  • раён горада Пінска.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Горбачук В. Т. О некоторых проблемах формирования полешуцкого литературного языка // Jiтвjежа (полiська) штудijно-прахтыцька конфырэнция: Тэзы проказэj (13–14 априля 1990 р.). Пынськ, 1990.
  • Дуличенко А. Д. Малые славянские литературные языки // Языки мира: Славянские языки / РАН. Институт языкознания; Ред. колл.: А. М. Молдован, С. С. Скорвид, А. А. Кибрик и др. ― М.: Academia, 2005.
  • Клiмчук Ф. Д. Гаворкі Заходняга Палесся. — Мн., 1983.
  • Клiмчук Ф. Д. Заходнепалескія гаворкі // Беларуская мова: Энцыклапедыя / Беларус. Энцыкл.; пад. рэд. А. Я. Міхневіча; рэдкал Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелЭн, 1994.
  • Клiмчук Ф. Д. Некаторыя асаблiвасьцi этнанацыянальнай самасьвядомасьцi заходнiх палешукоў // Форум, 1996, №2.
  • Клiмчук Ф. Д. Некаторыя моўныя праблемы Палесся // Jiтвjежа (полiська) штудijно-прахтыцька конфырэнция: Тэзы проказэj (13–14 априля 1990 р.). Пынськ, 1990.
  • Толстой Н. И. Новый славянский литературный микроязык? // Избранные труды. М., 1998, т. II. Славянская литературно-языковая ситуация.
  • Шыляговыч М. Прынцыпы зложиння jiтвjежиji (полiськиji) лытырацькиji мовы // Jiтвjежа (полiська) штудijно-прахтыцька конфырэнция: Тэзы проказэj (13–14 априля 1990 р.). Пынськ, 1990.
  • Duličenko A. D. The West Polesian literary language // Language, minority, migration. Uppsala, 1995.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]