Перайсці да зместу

Заходнепалескія гаворкі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Арэал заходнепалескай групы гаворак
Арэал заходнепалескай групы гаворак на карце дыялектаў беларускай мовы[1]

Заходнепале́скія гаво́ркі (таксама брэсцка-пінскія, загародскія, палескія гаворкі) — група гаворак, якая вылучаецца на тэрыторыі Беларусі (у паўднёва-заходніх раёнах Брэсцкай вобласці) і супрацьпастаўляецца асноўнаму масіву дыялектаў беларускай мовы[2].

Шэраг дыялектолагаў разглядае заходнепалескія гаворкі Беларусі як гаворкі ўкраінскай мовы, альбо як пераходныя ад беларускай да ўкраінскай мовы на падставе вялікай колькасці фанетычных і граматычных рыс, блізкіх да рыс паўночнаўкраінскага нарэчча[3][2]. Ад асноўных беларускіх дыялектаў (паўночна-ўсходняга і паўднёва-заходняга), а таксама ад сярэднебеларускіх гаворак яны адрозніваюцца адсутнасцю акання, наяўнасцю цвёрдых зычных перад [е], [і], пераходам этымалагічнага «яця» ў [і] пад націскам, адсутнасцю дзекання і цекання і іншымі рысамі[4].

На аснове заходнепалескіх гаворак Беларусі адзначаліся спробы стварэння літаратурнай нормы, т. зв. заходнепалескай літаратурнай мікрамовы. На аснове заходнепалескіх гаворак Польшчы (падляшскіх гаворак) сіламі энтузіястаў фармуецца падляшская мікрамова.

Заходнепалеская група гаворак была вылучана ў 1970-х гадах беларускімі дыялектолагамі на аснове матэрыялаў, сабраных для «Дыялекталагічнага атласа беларускай мовы»[4][5]. Адсутнасць тыповых для беларускіх дыялектаў моўных рыс дала падставу складальнікам дыялекталагічнай карты вылучыць заходнепалескую групу як асаблівае дыялектнае аб’яднанне, супрацьпастаўленае ўзятым разам паўночна-ўсходняму і паўднёва-заходняму беларускім дыялектам[4]. Тым самым быў падкрэслены пераходны характар гаворак заходнепалескай групы ад беларускіх гаворак да гаворак паўночнага ўкраінскага дыялекта[5]. Такая класіфікацыя была прапанавана ў 1964 годзе Р. І. Аванесавым[4]. Матэрыялы атласа дазволілі падзяліць гаворкі Заходняга і Усходняга Беларускага Палесся[5]. Усходнепалескія (мазырскія) гаворкі, якія не маюць значных адрозненняў ад слуцкіх гаворак і не падзелены з імі вузкім пучком ізаглос, былі ўключаны ў склад слуцка-мазырскай групы паўднёва-заходняга беларускага дыялекту[4][5]. Тэрмін «загаро́дскія гаво́ркі» ўведзены ў навуковы зварот дыялектолагам Фёдарам Клімчуком у 1970-х гады і ўтвораны ад назвы Загароддзе — гістарычнай часткі Піншчыны, старажытных шляхоў і Загародскай раўніны.

Наяўнасць фанетычных і граматычных з’яў, якія збліжаюць беларускія заходнепалескія і ўкраінскія заходнепалескія гаворкі, канстатуе большасць даследчыкаў гаворак Палесся[2][6]. У сувязі з гэтым многія дыялектолагі разглядаюць заходнепалескія гаворкі як пераходныя ад беларускай да ўкраінскай мовы[6]. Напрыклад, у выданні энцыклапедыі «Украінская мова» брэсцка-пінскія гаворкі класіфікуюцца як пераходныя ўкраінска-беларускія гаворкі[7]. Шэраг даследчыкаў адносіць гаворкі Заходняга Палесся непасрэдна да паўночнага дыялекта ўкраінскай мовы[3][8].

Заходнепалеская група гаворак не з’яўляецца аднароднай дыялектнай адзінкай[9]. На аснове вывучэння ў 1970-х гадах тэрытарыяльнага пашырэння розных тыпаў фанетычных сістэм у Заходнім Палессі Ф. Д. Клімчук прапанаваў групаваць заходнепалескія гаворкі ў чатыры асноўныя тыпы, якія знаходзяцца ў складаным арэальным размеркаванні[9].

Гаворкі заходнепалескай групы аб’ядноўваюцца шэрагам агульных дыялектных з’яў з гаворкамі заходняй часткі беларускага арэала — з гаворкамі полацкай групы паўночна-ўсходняга дыялекту (выключаючы ўсходнюю частку іх арэала), заходнімі сярэднебеларускімі гаворкамі і гаворкамі гродзенска-баранавіцкай групы паўднёва-заходняга дыялекту, у сувязі з чым заходнепалескі арэал уключаюць у заходнюю дыялектную зону[10]. Моўныя рысы астатніх дыялектных зон Беларусі (паўночна-заходняй, цэнтральнай, паўднёва-ўсходняй і ўсходняй) для заходнепалескіх гаворак нехарактэрныя[10]. Заходнепалескія гаворкі знаходзяцца ў адзіным дыялектным кантынууме як з суседнімі беларускімі, так і з ўкраінскімі гаворкамі[4]. Пры гэтым адзначаецца большая блізкасць заходнепалескіх да ўкраінскіх валынска-палескіх гаворак[4]. У той жа час, знаходзячыся з пачатку XX стагоддзя пад уплывам літаратурнай беларускай мовы, адзначаецца збліжэнне заходнепалескіх гаворак з астатнім беларускім моўным арэалам[4].

Гаворкі заходнепалескай групы размяшчаюцца ў паўднёва-заходняй частцы Беларусі, на большай частцы Брэсцкай вобласці — у яе заходніх, цэнтральных і паўднёвых раёнах[11]. Згодна з сучасным адміністрацыйным падзелам, заходнепалескія гаворкі пашыраны ў Брэсцкім, Камянецкім, Маларыцкім, Жабінкаўскім, Кобрынскім, Драгічынскім, Іванаўскім і Пінскім раёнах, а таксама ў паўднёвых частках Пружанскага і Бярозаўскага раёнаў і ў заходніх частках Лунінецкага і Столінскага раёнаў[11]. Увогуле паўночная і ўсходняя мяжа групы ідзе па лініі: на поўдзень ад Шарашова, Пружанаў, Бярозы, на поўнач ад Белаазёрска, на поўдзень ад Целяхан, на паўночны ўсход ад Лагішына і Пагоста Загародскага, на паўднёвы захад ад Лунінца, на ўсход ад Дубая, на паўночны ўсход ад Століна і Стругі[11]. Гэтая тэрыторыя знаходзіцца ў межах заходнебеларускай часткі геаграфічнай і гісторыка-культурнай вобласці Палессе[11].

Акрамя таго, гаворкі заходнепалескага тыпу захоўваюцца ў шэрагу раёнаў цэнтральнай часткі Падляскага ваяводства Польшчы, на поўдзень ад Беластока[12]. Згодна з даследаваннямі польскіх дыялектолагаў, на тэрыторыі Польшчы гэтыя гаворкі (брэсцка-пінскага тыпу) абмяжоўваюцца лініяй Вітова — Кляшчэлі — Няміраў — Янаў-Падляскі — на захад ад Ракітна — Тучна — Ганна — Уладава[12]. Паўночнабрэсцкія гаворкі на тэрыторыі Польшчы сустракаюцца ў гмінах Белавежа і Нараў[12].

На захадзе гаворкі Заходняга Беларускага Палесся мяжуюць, альбо размешчаны цераспалосна, з падляшскімі гаворкамі мазавецкага дыялекту польскай мовы[4]. На поўначы да арэала заходнепалескай групы гаворак прымыкае арэал гродзенска-баранавіцкай групы, а на ўсходзе — арэал слуцка-мазырскай групы паўднёва-заходняга дыялекту[4]. На поўдзень ад заходнепалескіх гаворак знаходзяцца блізкія ім валынска-палескія (заходнепалескія) гаворкі паўночнага дыялекту ўкраінскай мовы[10][4].

Асноўныя асаблівасці

[правіць | правіць зыходнік]
  • Оканне, то бок адрозненне ненаціскных галосных неверхняга пад’ёму (молоко́, голова́, здоро́вый, дава́й)[11][13]. У гаворках асноўнага беларускага дыялектнага масіву адзначаецца аканне і неадрозненне галосных у ненаціскным становішчы (вада́, галава́)[14].
  • Вымаўленне на месцы гістарычнага «яця» (ѣ) пад націскам пераходзіць у галосную [і] (б’і́лый, с’і́но, на ноз’і́, л’іс)[11]. У астатніх беларускіх гаворках адзначаецца пераход у [е] або [іе] (лес)[15].
  • У закрытым складзе пад націскам гукі [о] і [е] пераходзяць у [і] (к’ін, п’іч, н’іс)[15]. У гаворках астатняга беларускага арэала ў закрытым складзе пад націскам адзначаецца захаванне [о] або яго пераход у [ô], [уо] (кон, кôн, куон), а таксама пераход [е] ў ['е], ['о], [іе], ['ô], [уо] (печ, пôч)[15].
  • Цвёрдасць губных і пярэднеязычных зычных перад этымалагічнымі [е], [і] (вэ́чор, бэ́рог, дэн’, тэ́плый, нысэ́, вызэ́, мы́ска, бы́ты, ходы́ты, зыма́), а таксама цвёрдасць заднеязычных у спалучэннях гы, кы, хы (но́гы, кы́нуты, хы́трый)[11].
  • Наяўнасць мяккіх этымалагічных шыпячых (нож’і́, ш’а́пка, ж’а́ба), мяккага гука [р'] (р’і́чка, гор’і́х, пор’а́док) і мяккага [ц'] (жнэц’, хло́пэц’, на конц’і́)[11].
  • Губна-зубны або губна-губны гук [в] ужываецца на месцы літаратурнага [ў] (правда, сказав)[11].
  • Наяўнасць спалучэння [мн'] адзначаецца перад галоснай [а] (мн’а́та, мн’а́со), у адрозненне ад [м'] ці [мj] у іншых беларускіх дыялектах[16].
  • Адсутнічаюць цеканне і дзеканне (т’ін, т’і́ло, т’агну́ты, д’і́д, д’і́вчына, д’а́куваты)[11][17].
  • Звонкія зычныя на канцы слова не аглушаюцца (грыб, пор’і́г, огоро́д, н’іж, моро́з)[18].
  • Канчатак -ый сустракаецца ў назоўным склоне прыметнікаў мужчынскага роду адзіночнага ліку (но́вый, сы́ный, молоды́й, круты́й)[11].
  • Прыметнікі мужчынскага і ніякага роду ў давальным і месным склонах адзіночнага ліку маюць канчатак -ому (но́вому, у хоро́шому)[18].
  • Дзеясловы ў форме трэцяй асобы адзіночнага ліку цяперашняга часу маюць цвёрды [т] на канцы (хо́дыт, ба́чыт), а інфінітыў заканчваецца на -ты (ходыты, бачыты)[4].
  • Пры ўтварэнні формаў першай асобы адзіночнага ліку і трэцяй асобы множнага ліку дзеясловаў другога спражэння з асновай на губны ўзнікаюць у аснове гукі [л’] або [й] (куплю́, зловлю́, ку́плять, зло́влять)[18].

У лексіцы шырока пашыраны такія словы, як клу́ня (гумно), пова́л (столь), прач (пранік), пацыя́т (франтон), ші́пка (павець), быя́к (біч), шы́тык (папруга), судосы́ты (сустрэць), волочы́ты (баранаваць), лата́ты (лапіць), нату́рлывый (наравісты, пра каня), пас/па́сок (шрам на скуры жывёлы), во́ло (валлё), сокоры́ты (сакатаць, пра курэй), пойня́ты (злавіць), дурны́й (шалёны, пра сабаку), волося́нка (пліска), блох (блыха), уздро́ (ніжняя частка снапа), сныты́й (галаўня ў ячмені, пшаніцы, просе), ве́я/ве́йка (павека), шы́хля/шэ́хля (трасца), коцюба́ (качарга), удво́е (у дзве столкі), а таксама падзыўныя для кароў бы́цю-бы́цю і для курэй путь-путь[11][18].

Дыялектныя тыпы і мікразоны

[правіць | правіць зыходнік]

У межах заходнепалескіх гаворак вылучаюцца чатыры асноўныя дыялектныя тыпы: сярэднезагародскія, паўднёвазагародскія, паўночназагародскія і тараканскія[11]. Яны адрозніваюцца паміж сабой рознай рэалізацыяй галосных у націскной пазіцыі[11]. Галосны [о] ў новых закрытых складах перайшоў у [і] ў сярэднезагародскіх, паўднёвазагародскіх і тараканскіх гаворках (в’ін, в’із, б’іл’ш, сіл’, ніс, к’ін’), а ў паўночназагародскіх — у [у] (вун, вуз, бул’ш, сул’, нус, кун’)[11]. Этымалагічныя гукі [а], [ę] ў сярэднезагародскіх і паўночназагародскіх гаворках рэалізуюцца як ['а] (вз’ав, с’а́ду, гл’а́ну, ш’а́пка, з’ат’), у той час як у паўднёвазагародскіх і тараканскіх — як ['е] (вз’ев, с’е́ду, гл’е́ну, ш’е́пка, з’ет’)[11]. Гукі [е], [ь] у сярэдне-, паўднёва- і паўночназагародскіх гаворках перайшлі ў [е] (дэн’, вызэ́, бэ́рог, мэд, вычэ́ра, цэ́рква), а ў тараканскіх — у [а] (дан’, выза́, бару́г, мад, выча́ра, ца́рква)[11]. У тараканскіх гаворках, якія пашыраны ў Драгічынскім раёне, адзначаюцца спецыфічныя рэгіянальныя лексемы і словаформы: бруслэ́нэ (брусніцы), бу́кач (птушка бугай), зало́га (каўнер кажуха), к’еп (кепка), кута́с’а (стужка), нару́ччэ (абярэмак), па́смо (пластаванне абэрэмак сена), пасмова́тэ (пластаваць граблямі сена), п’і́лка (кош, плецены з лазы і саломы), хварту́х (ніжняя частка, нахіл у франтоне), ц’і́ха (радно), ш’е́нка (невялікі мяшок)[11].

Акрамя дыялектных тыпаў, у арэале заходнепалескіх гаворак вылучаюцца дыялектныя зоны і мікразоны, а таксама перыферыйныя групы, пераходныя да суседніх гаворак — паўночнабрэсцкіх і ўсходнепалескіх[11]. Мяжа паміж заходнезагародскай і ўсходнезагародскай мікразонамі праходзіць па заходняй частцы Іванаўскага раёна[11]. Для заходнезагародскай зоны характэрны часціцы -с’а, -с' (найі́вс’а, найі́вс’, вмы́лас’а, вмылас’, платы́лос’), суфікс -с’к- (бат’ковс’кый, с’іл’с’кый, Пын’с’к)[11]. Этымалагічны [ц'] у ненаціскных складах і на канцы слоў тут пераважна захаваў мяккасць (гу́лыц’а, рукавы́ц’а, конэ́ц’, хло́пэц’)[11]. Формы прыметнікаў у множным ліку маюць выгляд мало́йе, старо́йе, золото́йе, а лічэбнікі — с’ім, шыст’[11]. Усходнезагародскай зоне ўласцівы часціцы -са, -со (найі́вса, вмы́ласа, платы́лосо), суфікс -ск- (ба́т’ковскый, с’іл’скый, Пынск)[11]. Этымалагічны [ц'] у ненаціскных складах і на канцы слоў пераважна зацвярдзеў (гу́лыца, рукавы́ца, конэ́ц, хло́пэц), формы прыметнікаў множнага ліку гучаць як малэ́е, старэ́е, золотэ́е, лічэбнікі — сэм, шэст’[11].

Сярод дыялектных мікразон заходнепалескага арэала фіксуюцца: брэсцка-кобрынская, камянецка-высокаўская (або паўночна-заходняя), маларыцка-дамачоўская (або паўднёва-заходняя), драгічынска-янаўская (або цэнтральназагародская), заходнястолінская (або паўднёва-ўсходняя), лагішынская (або паўночна-ўсходняя), лагішынска-заходнястолінская і радастаўская[20]. Вылучаюцца таксама асобныя мікразоны заходняй ускраіны Брэста, паўднёвыя ўскраіны Загароддзя, раён горада Кобрын і раён горада Пінск[20].

Перыферыйныя групы

[правіць | правіць зыходнік]

На памежжы заходнепалескіх гаворак і асноўнага масіву гаворак беларускай дыялектнай мовы было вылучана яшчэ 9 тыпаў мясцовага маўлення, якія ўяўляюць сабой так званыя пераходныя гаворкі ад аднаго да другога з вышэйназваных тэрытарыяльна-моўных масіваў: паўночнабрэсцкі, верхняясельдскі, малецкі, паўднёвацеляханскі, паўночналагішынскі, бобрыкскі, лунінскі, беражноўскі і сярэднепагарынскі. Нягледзячы на выразную заходнепалескую моўную аснову, кожная з іх у складзе сваёй сістэмы мае асобныя рысы гаворак асноўнага масіву беларускай дыялектнай мовы[18].

Сярод спецыфічных перыферыйных груп вылучаюцца малецкія гаворкі (на паўднёвым захадзе Бярозаўскага раёна), дзе на месцы націскнога [ѣ] выступае дыфтонг [іе], часам [е̂] (б’іелы, б’е̂лы, с’іено, с’е̂но), а на месцы націскнога [о] ў новых закрытых складах — дыфтонгі [уо] або [ô] (вуоз, буол’ш, куон', вôз, бôл’ш, кôн’)[20].

У паўночналагішынскіх гаворках на месцы націскнога [ѣ] вымаўляецца [ê] (б'êлы, с'êно), на месцы націскнога «о» ў новых закрытых складах — [ô] (вôз, бôл’ш, кôн’); звужаецца этымалагічны [ы] (дим, син, риба)[20].

У паўднёвацеляханскіх гаворках на месцы націскнога [ѣ] вымаўляецца [ê] (б'êлы, с'êно), на месцы націскнога «о» ў новых закрытых складах — [э] (вэн, вэз, бэл’ш, сэл’, нэс, кэн’); звужаецца этымалагічны [ы] пасля губных зычных (висо́ко), а губныя і пярэднеязычныя перад этымалагічным [і] вымаўляюцца мякка (м’і́ска, б’і́т’і, ход’і́т’і, з’іма́)[20].

Сярэднепагарынскія гаворкі (традыцыйная гаворка горада Столін і навакольных вёсак) адрозніваюцца тым, што на месцы націскнога [ѣ] вымаўляецца [е̂] або [і] (б’е̂лы, с’е̂но, б’ілы, с’іно), на месцы націскнога «о» ў новых закрытых складах — [о̂] або [у] (во̂з, ко̂н’, вуз, кун’); звужаецца этымалагічны [ы] пасля губных зычных (високо); пярэднеязычныя перад этымалагічным [і] вымаўляюцца мякка (ход’іт’і, з’іма)[20].

Некаторыя асаблівасці, тыповыя для большасці заходнепалескіх гаворак або асобных іх груп, характэрны дыялектным утварэнням, якія прымыкаюць да заходнепалескага дыялектнага масіву: верхнясельдскім гаворкам (цвёрдасць зычных [б], [в], [м], [п], [д], [т], [з], [с], [н] перад [е]; дыфтонг [уд] на месцы націскнога [о] у новых закрытых складах; дыфтонг [іе] на месцы націскнога [ѣ]), лунінскім (пераход [о]>[ы] у новых закрытых складах пад націскам; [ѣ]>[і] у націскным становішчы; адсутнасць цекання і дзекання), беражноўскім (адсутнасць цекання і дзекання)[21].

Гісторыя фарміравання

[правіць | правіць зыходнік]

На фарміраванне дыялектнага ландшафту Заходняга Палесся аказалі ўплыў шматлікія гістарычныя і геаграфічныя фактары[22]. На думку некаторых даследчыкаў, Заходняе Палессе з’яўлялася часткай славянскай прарадзімы або адной з зон старажытнай міграцыі праславян[22]. Старажытнае славянскае насельніцтва гэтай вобласці было звязана з паўднёва-заходнімі славянскімі групамі, пра што сведчыць тое, што старажытная мяжа рассялення праславян праходзіла па рацэ Гарынь[22]. Пазней гэтая мяжа перамясцілася на Заходні Буг[22].

У другой палове I тысячагоддзя нашай эры археалагічныя комплексы Брэсцка-Пінскага і Валынскага Палесся не былі ні тыпова дрыгавіцкімі, ні тыпова валынянскімі, ні тыпова драўлянскімі[22]. Не выключаецца, што тут знаходзілася асобнае ўсходнеславянскае племя[22]. Відаць, на рубяжы VII—VIII стагоддзяў асноўныя групы мясцовага насельніцтва Заходняга Палесся ўвайшлі ў валынянскі саюз[22]. З канца X стагоддзя ўзмацняецца дрыгавіцкі ўплыў, асабліва ў паўночна-заходняй частцы рэгіёна[22]. З X стагоддзя мелі месца перасяленні асобных груп яцвягаў з паўночнага захаду[22]. Акрамя таго, быў прыліў насельніцтва з Валыні ў XIII—XV стагоддзях[22].

Сучасныя дыялектныя тыпы заходнепалескіх гаворак, магчыма, адлюстроўваюць пэўныя моўныя асаблівасці старых міграцыйных рухаў[22]. Наклалі адбітак на дыялектны ландшафт і пазнейшыя дзяржаўныя і адміністрацыйныя межы[22]. Так, відаць, не выпадкова мяжа паміж заходне- і ўсходнезагародскімі зонамі супадае з мяжой паміж сярэдневяковымі Берасцейскай і Пінскай землямі, мяжа радастаўскай мікразоны — з участкам літоўска-польскай граніцы ў XIV—XVIII стагоддзях, а мяжа сярэднепагарынскіх гаворак — з мяжой Дубровіцкага княства ў XII—XV стагоддзях[22].

Гісторыя даследавання

[правіць | правіць зыходнік]
Родная мова насельніцтва Беларусі і Літвы («Паўночна-Заходняга края» Расійскай імперыі) паводле ўсеагульнага перапісу ад 1897 г. (колер павета азначае дамінуючую (у працэнтных адносінах) родную мову насельніцтва ў павеце)

Першыя дыялекталагічныя даследаванні гаворак Заходняга Беларускага Палесся пачынаюць з’яўляцца з канца XIX стагоддзя[3]. Заходнепалескія гаворкі разглядаліся пры гэтым пераважна як гаворкі ўкраінскай мовы або як гаворкі, пераходныя ад беларускай да ўкраінскай мовы[3]. Так, на «Этнаграфічнай карце беларускага племя», складзенай у 1903 годзе Я. Ф. Карскім, тэрыторыя Брэсцка-Пінскага Палесся не ўключана ў этнічны арэал беларусаў.

«Этнографическая карта белорусского племени» (праф. Я. Ф. Карскі, 1903)

Гаворкі паўднёва-заходняй Беларусі па фанетычных і лексічных характарыстыках набліжаюцца да суседніх валынска-палескіх гаворак украінскай мовы. На беларускіх дыялектных картах іх у асноўным вылучаюць у асобную «палескую групу гаворак» беларускай мовы[23], у той час як ва ўкраінскіх крыніцах іх часта называюць берасцейска-пінскімі гаворкамі ўкраінскай мовы (а іх носьбітаў адпаведна залічваюць да «ўкраінцаў Берасцейшчыны»[24]). Пры правядзенні перапісаў насельніцтва ў XIX—XX стагоддзях у Расійскай імперыі, міжваеннай Польшчы і СССР кожным разам выкарыстоўваліся іншыя падыходы да ідэнтыфікацыі заходніх палешукоў: у матэрыялах розных перапісаў яны фігуруюць як «малорусы», «белорусы», «русские», «тутэйшыя» і іншыя. Пад час перапісаў, якія праводзіліся ў другой палавіне XX ст., заходнія палешукі Берасцейшчыны ідэнтыфікаваліся пераважна як беларусы[25].

У пачатку XX ст. Карусь Каранец сумняваўся ў правільнасці беларускага правапісу, які не ўлічвае заходнепалескіх гаворак, пра гэта ён пісаў у «Нашу Ніву» (даецца паводле чарнавіка ліста, захоўваецца ў аддзеле рукапісаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі):

Посылаю я у поважаную Рэдакцыю Нашои нивы одну статцю, которую Окраина побоялася надруковаци, и одно позвольце мне положыць одзин варунок, а меновице: статци которые буду писаць друкуйце так як ены написаны не змениваючы правописма. Я, бачыце, хочу штобы вашу газету уси белорусы могли чытаци и штобы мели з ее корысць, а не одна борысоўшчына и вилейшчына. Бо, хоч Вы гневайцеся — не гневайцеся, а мушу сказаць, што, так як цепер выйходзіць ена шыроко не розыйдзетца, бо большая часць белорусоў не може ее чытаци з прычыны правописма. Як, прымером, можэ ее чытаци могилевец которы бэзударное о говорыць як ы, або полешук, которы окае, а навэт и самому акаюшчэму складней будзе одличыць кота од ката, коня од каня, вода од вада. А також заўважце и тое, што акаюшчые белорусы бэзударное о и е говораць не як а и я, а як бы штось неясное нито я, нито о, нито ы и тожэ мягкие я—е—и, одно у водных местцох перэсиливае той зык у других — другы, у трэйцих трэйци, а у чэцьвёртых ниводзин з их не перэсиливае.[26][27]

Аднак, матэрыялы Каруся Каганца «Наша Ніва» не надрукавала ні ў канцы 1907 года, ні ў 1908 годзе.

Дыялекталагічная карта рускай мовы 1914 года (выдадзена ў 1915 годзе).
Карта паўднёва-рускіх гаворак 1871 года.

Арэальныя даследаванні Заходняга Беларускага Палесся адлюстраваны на дыялекталагічнай карце рускай мовы 1915 года, складзенай М. М. Дурнаво, М. М. Сакаловым і Дз. М. Ушаковым, на якой заходнепалескія гаворкі адзначаны як частка маларускага дыялекта[28]. Даследаванням гаворак Палесся ў першай палове XX стагоддзя прысвечаны працы П. А. Растаргуева, П. В. Бузука і іншых дыялектолагаў[3]. На дыялекталагічнай карце рускай мовы 1915 года заходнепалескія гаворкі былі ўключаны ў склад паўночнамаларускай групы гаворак маларасійскага дыялекта (таксама да паўночнамаларускіх былі аднесены мазырскія гаворкі сучаснай слуцка-мазырскай групы)[28].

Да 1970-х гадоў гаворкі заходнепалескага рэгіёна, асабліва іх дачыненне да гаворак астатняга Палесся, заставаліся недастаткова вывучанымі[5][4]. З моманту ўтварэння Беларускай ССР гаворкі Заходняга Беларускага Палесся сталі аб’ектам вывучэння беларускіх дыялектолагаў[5][4]. Яны даследаваліся, у прыватнасці, пры складанні «Дыялекталагічнага атласа беларускай мовы» ў другой палове XX стагоддзя[5][4]. У працэсе збірання матэрыялу для атласа была абследавана значная колькасць населеных пунктаў Брэсцка-Пінскага Палесся і атрыманы найбольш поўныя звесткі пра дыялектны ландшафт дадзенага рэгіёна[5][4]. Размеркаванне пучкоў ізаглос на картах атласа паказала істотныя адрозненні гаворак Заходняга і Усходняга Беларускага Палесся[5][4]. Даныя атласа далі падставу для вылучэння заходнепалескай групы гаворак, рэзка супрацьпастаўленай астатняму беларускаму дыялектнаму масіву на ўсіх моўных узроўнях[5][4].

Сучасныя даследчыкі загародскіх гаворак — Фёдар Клімчук, Рыгор Аркушын, Юрый Громік, Лена Леванцэвіч і іншыя. Асаблівасці, а таксама культура носьбітаў вывучаецца Заходнепалескім навукова-краязнаўчым таварыствам «Загароддзе».

У 1988 годзе пачаў фарміравацца заходнепалескі рух, цэнтрам якога стала грамадска-культурнае аб’яднанне «Полісьсе»[29]. Ідэолагам гэтага праекта выступіў паэт і філолаг Мікола Шэляговіч. Прапанаваны ім моўны канструкт быў моцна адарваны ад жывых народных гаворак, крытыкаваўся навуковай супольнасцю.

  1. ↑ Крывіцкі А. А.. Dialects on Belarusian territory (Групоўка гаворак на тэрыторыi Беларусi) (англ.). The Virtual Guide to Belarus. Архівавана з першакрыніцы 17 верасня 2012. Праверана 4 студзеня 2015.
  2. 1 2 3 М. Р. Судник. Белорусский язык (руск.). Лингвистический энциклопедический словарь. Советская энциклопедия (18 верасня 1990). Праверана 22 лютага 2026.
  3. 1 2 3 4 5 Крывіцкі 1983, с. 50.
  4. 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 Бірыла, Мацкевіч, Міхневіч, Рогава 2005, с. 588.
  5. 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 Крывіцкі 1983, с. 50—52.
  6. 1 2 Кандрашоў 1986, с. 105.
  7. ↑ М. В. Никончук. Північне наріччя (укр.). Українська мова. Енциклопедія. Українська енциклопедія (18 верасня 2000). Праверана 22 лютага 2026.
  8. ↑ Каракоў 2005, с. 1.
  9. 1 2 Крывіцкі 1983, с. 51.
  10. 1 2 3 А. А. Крывіцкі. Dialects on Belarusian territory (Групоўка гаворак на тэрыторыi Беларусi) (англ.). The Virtual Guide to Belarus (18 верасня 1999). Праверана 22 лютага 2026.
  11. 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21 22 23 24 25 26 Клімчук 1994, с. 218.
  12. 1 2 3 Barszczewska, Jankowiak 2012, с. 138.
  13. ↑ БДУ 2009, с. 158.
  14. ↑ БДУ 2009, с. 162.
  15. 1 2 3 БДУ 2009, с. 167—174.
  16. ↑ БДУ 2009, с. 174.
  17. ↑ БДУ 2009, с. 169.
  18. 1 2 3 4 5 6 Заходнепалескія гаворкі // Культура Беларусі: энцыклапедыя / рэдкал.: У. Ю. Аляксандраў (гал. рэд.) [і інш.]. — Мн.: Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2013. — Т. 4. — С. 80. — 661 с. — 3 000 экз. — ISBN 978-985-11-0746-5.
  19. ↑ БДУ 2009, с. 185.
  20. 1 2 3 4 5 6 Клімчук 1994, с. 218—219.
  21. ↑ Заходнепалескія гаворкі // Беларуская мова : энцыклапедыя / пад рэд. А. Я. Міхневіча. — Мн.: БелЭн, 1994. — С. 218—219. — 654 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-126-9.
  22. 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 Клімчук 1994, с. 219.
  23. ↑ Групоўка гаворак на тэрыторыі Беларусі. Аўтар А. А. Крывіцкі. (Карта)
  24. ↑ Тарас Марусик. Українці Берестейщини: минуле і сучасне. «Радіо Свобода», 15 кастрычніка 2003 р. Архівавана 4 ліпеня 2007.
  25. ↑ Фёдор Климчук. Этническая структура населения Брестской области Архівавана 2 лістапада 2008.
  26. ↑ Германовіч І. К. Карусь Каганец як мовазнавец // Веснік БДУ : Серыя IV. — 1974. — № 3. — С. 30—37.
  27. ↑ Германовіч І. К. Беларускія мовазнаўцы: Нарысы жыцця і навуковай дзейнасці. — Мн.: выд-ва «Універсітэцкае», 1985. 255 с. — С. 73
  28. 1 2 Дурнова, Сакалоў, Ушакоў 1915, с. 1.
  29. ↑ Ю. Б. Коряков. Языковая ситуация в Белоруссии и типология языковых ситуаций (руск.) (pdf) (18 верасня 2002). Праверана 22 лютага 2026.
  • Ф. Д. Клімчук. Заходнепалескія гаворкі // Беларуская мова : энцыклапедыя / пад рэд. А. Я. Міхневіча. — Мн.: БелЭн, 1994. — С. 218—219. — 654 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-126-9.
  • N. Barszczewska, M. Jankowiak. Dialektologia białoruska. — Warszawa: Instytut Slawistyki PAN, 2012. — 312 с. — ISBN 978-83-89191-14-4.
  • Н. В. Бирилло, Ю. Ф. Мацкевич, А. Е. Михневич, Н. В. Рогова. Восточнославянские языки. Белорусский язык // Языки мира. Славянские языки. — М.: Academia, 2005. — 548—584 с. — ISBN 5-87444-216-2.
  • А. А. Кривицкий. Полесские говоры Белоруссии и современный белорусский диалектный язык // Полесье и этногенез славян. Предварительные материалы и тезисы конференции. — М.: Наука, 1983. — 50—52 с.
  • Н. Н. Дурново, Н. Н. Соколов, Д. Н. Ушаков. Диалектологическая карта русского языка в Европе // Опыт диалектологической карты русского языка в Европе с приложением очерка русской диалектологии. — М.: Синодальная типография, 1915.
  • Н. А. Кондрашов. Белорусский язык // Славянские языки. — 3. — М.: Просвещение, 1986. — 96—106 с.
  • Информационные ресурсы. Таблицы // Белорусский государственный университет. Филологический факультет. Кафедра истории белорусского языка. Белорусская диалектология. — 2009. — 151—219 с.
  • Ю. Б. Коряков. Приложение. Карты славянских языков. Украинский язык // Языки мира. Славянские языки. — М.: Academia, 2005. — ISBN 5-87444-216-2.
  • А. Д. Дуличенко. Малые славянские литературные языки. III. Восточнославянские малые литературные языки. IIIб. Западнополесский // Языки мира. Славянские языки. — М.: Academia, 2005. — 611—612 с. — ISBN 5-87444-216-2.