Заходняя Дзвіна

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Заходняя Дзвіна
Дзвіна каля в. Гараны пад Полацкам
Дзвіна каля в. Гараны пад Полацкам
Выток воз. Каракіна
Вусце Рыжскі заліў
Даўжыня 1020 км
Расход вады 666 м³/с
Вадазбор 87,9 км²
Краіна Беларусь, Латвія, Расія
Месцазнаходжанне Дзвіны
Месцазнаходжанне Дзвіны
Commons
У ВікіСховішчы ёсць выявы з тэмай:
Заходняя Дзвіна
Вадазбор Заходняй Дзвіна.

Заходняя Дзвіна, або Дзвіна (руск.: Западная Двина, лат.: Daugava) — рака ў Расіі, Беларусі і Латвіі, адна з буйнейшых рэк Беларусі.

Даўжыня ракі 1020 км, у межах Беларусі 335 км[1]. Плошча вадазбору 87,9 тыс. км², у межах Беларусі 33,2 тыс. км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 666 м³/с. Агульнае падзенне ракі на Беларусі 38 м. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,12 . Паводле Арлова і Сагановіча, старыя назвы — Эрыда́н, Рубо́н, Рудо́н, Дуна́, Дзіна́, Віна́[2].

Асноўныя прытокі[правіць | правіць зыходнік]

Справа: Усвяча, Валынка, Шэвінка, Обаль, Палата, Дрыса, Сар'янка.

Злева: Каспля, Лучоса, Крывінка, Ула, Тураўлянка, Ушача, Дзісна, Друйка, Каменка.

На рацэ[правіць | правіць зыходнік]

Гарады: Андрэапаль, Заходняя Дзвіна, Віцебск (порт), Полацк, Наваполацк, Дзісна, Верхнядзвінск, Даўгаўпілс, Рыга.

Гарадскія пасёлкі: Сураж, Руба, Бешанковічы.

Пасёлкі: Ула.

ГЭС: Кегумская, Плявіньская, Рыжская.

Агульнае[правіць | правіць зыходнік]

Пачынаецца на Валдайскім узвышшы з возера Каракіна (Цвярская вобл.) на вышыні 221 м над узроўнем мора, упадае ў Рыжскі заліў Балтыйскага мора. Цячэ на Беларусі пераважна з усходу на захад па Суражскай нізіне, паміж Гарадоцкім і Віцебскім узвышшамі і на большым сваім працягу — па Полацкай нізіне.

Жыўленне ракі мяшанае (пераважна снегавое з вялікай доляй грунтавога). Асаблівасць рэжыму — высокае веснавое разводдзе, нізкая летне-асенняя межань з частымі дажджавымі паводкамі, устойлівая зімовая межань. На перыяд веснавога разводдзя прыпадае 56 % , летне-асеннюю межань 33 % , зімовую — 11 % гадавога сцёку. Веснавое разводдзе доўжыцца 60—70 дзён (з канца сакавіка да 1-й дэкады чэрвеня). Сярэдняя вышыня над самай нізкай межанню 4,4—9 м, найбольшы ўзровень у межах Беларусі 13,5 м (1931). Летне-асенняя межань (доўжыцца 4—5 месяцаў) нярэдка парушаецца дажджавымі паводкамі вышынёй да 6 м. Зімовая межань каля 70—80 дзён. Замярзае ў 1-й дэкадзе снежня, крыгалом у 1-й дэкадзе красавіка. Найбольшая таўшчыня лёду 50—78 см (люты — сакавік). Веснавы ледаход 4—10 сутак. Найбольшы расход вады каля Віцебска 3320 м³/с (1991), Полацка 4060 м³/с (1956), найменшы адпаведна 8 м³/с (1940) і 25,4 м³/с (1938—39). Гадавы сцёк завіслых наносаў каля 320 тыс. т. Вада на працягу года (за выключэннем перыядаў веснавога разводдзя і летне-асенніх паводак) гідракарбанатна-кальцыевага класа з рэзка выражаным гідракарбанатным характарам.

Даліна трапецападобнай формы, каля гарадскога пасёлка Руба — каньёнападобная. Шырыня яе ў асноўным 3—4 км, паблізу ўпадзення Улы і на крайняй усходняй частцы Беларусі дасягае 10—15 км. Глыбіня ўрэза зменьваецца ад 20—30 м да 40—50 м. У будове даліны часцей за ўсё вылучаецца пойма і 2 (некаторыя даследчыкі адзначаюць 3—4) надпоймавыя тэрасы. Пойма ў межах Суражскай нізіны вузкая — да 60 см. Адрозніваюць 2 узроўні: нізкі (1,5—2 м над летнім урэзам ракі, заліваецца ў разводдзе кожны год) і высокі (4—5 м, заліваецца толькі пасля мнагаснежных зім). Аналагічная будова захоўваецца да Віцебска, прычым шырыня нізкай поймы 40—50 м, а высскай не перавышае 15—20 м. Каля г.п. Руба пойма звужаецца да 10—20 м. На Полацкай нізіне яна таксама вузкая, з дзвюма ўзроўнямі: ніжняя (2,5—3,5 м над летнім узроўнем вады) шырынёй 5—10 м і верхняя (5—5,5 м) 15—20 м. Толькі на асобных участках пойма пашыраецца да 300—500 м (зрэдку да 3 км).

Рэчышча звілістае, зарастае пераважна каля берагоў. Шырыня яго да вусця р. Ула 60— 120 м, зрэдку да 190 м, каля мяжы з Латвіяй 100—140 м, зрэдку да 240 м. На рацэ існуюць парогі — на працягу 12 км вышэй Віцебска цягнецца Вярхоўскі парог, утвораны выхадам блізка да дзённай паверхні дэвонскіх даламітаў: парожыстыя ўчасткі трапляюцца ў сутоках Дзісны і Заходняй Дзвіны каля г. Дзісна, а таксама каля г. Верхнядзвінск. Дно пясчана-камяністае і пясчанае або пясчана-галечнае. Берагі ўмерана-стромкія, супясчаныя, радзей — пясчана-гліністыя з валунамі, вышынёй да 8 м, зрэдку да 22 м.

Іхтыяфаўна[правіць | правіць зыходнік]

Водзяцца: шчупак, акунь, плотка, лешч, лінь, карась звычайны, верхаводка, гусцяра; каштоўныя — судак, мінога ручаёвая, стронга ручаёвая, галавень.

Суднаходства[правіць | правіць зыходнік]

Са старажытных часоў Заходняя Дзвіна — важны гандлёвы шлях, у 9—11 ст. па ёй праходзіла адно з асноўных адгалінаванняў шляху з варагаў у грэкі. З 1229 года, згодна з Смаленскай гандлёвай праўдай, па рацэ да Смаленска, Полацка і Віцебска хадзілі на судах нямецкія купцы. Рака злучана Бярэзінскай воднай сістэмай (не дзейнічае) з Дняпром.

Рака прыдатна для суднаходства ад Веліжа (Расія) да Верхнядзвінска, у ніжнім цячэнні (у межах Латвіі) — на асобных участках.

Рэгулярнае пасажырскае суднаходства на Дзвіне пачалося з 1892 г., калі ў гэтых мясцінах з'явіліся параходныя кампаніі. Параходы «Атлет», «Борец», «Гигант», «Силач» бралі на борт не больш за 20 пасажыраў і развозілі іх паміж Веліжам і Бешанковічамі. 27 красавіка 1919 года на рацэ адбылося крушэнне парахода «Надзея».

Падчас Грамадзянскай вайны на Дзвіне дзейнічала Заходнядзвінская ваенная флатылія, якая была сфарміравана ў 1919 г. з 21 баявога карабля. База флатыліі размяшчалася ў Віцебску[1].

У наш час Дзвіна як транспартная артэрыя амаль не выкарыстоўваецца.

Экалагічныя мерапрыемствы[правіць | правіць зыходнік]

Для памяншэння забруджвання Заходняй Дзвіны на прамысловых і камунальных прадпрыемствах ствараюцца ачышчальныя збудаванні, вядзецца кантроль за гідратэхнічным рэжымам ракі, аднак стан ракі пакуль не паляпшаецца. У 1990 г. у Наваполацку здарылася аварыя, якая аказала адмоўны ўплыў на іхтыяфаўну да самага вусця ракі, падобная аварыя адбылася і ў 2007 годзе.

Зноскі

  1. 1,0 1,1 Турецкий С. Беларусь. По Западной Двине и ее притокам//Путеводитель туриста-водника. — Мн.: Белкартография, 2010. С. 8.
  2. Арлоў У., Сагановіч Г. Дзесяць вякоў беларускай гісторыі (862—1918): Падзеі. Даты. Ілюстрацыі. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 223 с.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

  • Ресурсы поверхностных вод СССР. Описание рек и озёр и расчёты основных характеристик их режима. Т. 5. Белоруссия и Верхнее Поднепровье. Ч. 1–2. – Л., 1971.
  • Природа Белоруссии: Попул. энцикл. / БелСЭ; Редкол.: И. П. Шамякин (гл.ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1986. — 599 с., 40 л. ил.
  • Блакiтная кнiга Беларусi: энцыкл. / Рэдкал.: Н. А. Дзiсько i iнш. — Мн.: БелЭн, 1994. — 415 с.
  • Государственный водный кадастр: Водные ресурсы, их использование и качество вод (за 2004 год). — Мн.: Министерство природных ресурсов и охраны окружающей среды, 2005. — 135 с.

Шаблон:Населеныя пункты на Заходняй Дзвіне Шаблон:Рэкі Латвіі