Заходнія апачы
Заходнія апачы (Si'án Ndee) | |||
| |||
Жанчыны заходніх апачы ў XIX ст. і ў нашы дні
| |||
Агульная колькасць | 14000 (2007 г.) | ||
---|---|---|---|
Рэгіёны пражывання | ЗША | ||
Мова | заходняя апачы | ||
Рэлігія | пеётызм, анімізм, шаманізм, хрысціянства | ||
Блізкія этнічныя групы | іншыя апачы, наваха |
Заходнія апачы (саманазва: Si'án Ndee) — лінгвістычная група плямён апачы ў Арызоне (ЗША). Агульная колькасць (2007 г.) — каля 14000 чал.
Продкі заходніх апачы ўяўлялі сабою некалькі буйных груп вандроўных паляўнічых і збіральнікаў атабаскага паходжання, што насялялі тэрыторыю паўднёва-заходніх штатаў сучасных ЗША з першай паловы 2 тысячагоддзя н. э. Іспанец Франсіска Васкес дэ Каранада ўпершыню сутыкнуўся з імі ў красавіку 1541 г. на захад ад Рыа-Грандэ. Але да пачатку XVII ст. яны перасяліліся ў Арызону.
Іспанскія пасяленцы выкарыстоўвалі для іх агульную назву апачы (ісп.: Apache), запазычаную ў народа зуні, на мове якога яна значыла «ворагі». У канцы XVII ст. або нават раней пад уплывам іспанцаў заходнія апачы асвоілі конегадоўлю, што значна змяніла іх лад жыцця.
У другой трэці XIX ст. назіраліся сталыя канфлікты паміж заходнімі апачы і мексіканцамі. Гэта тлумачылася цікавасцю мексіканскіх здабытчыкаў металаў радовішчамі на землях тубыльцаў. У 1848 г. кантроль над Арызонай перайшоў да ЗША. Заходнія апачы доўгі час былі мала закрануты палітыкай абмежавання індзейцаў-качэўнікаў тэрыторыямі рэзервацый. У 1871—1875 гг. яны падтрымалі суседзяў явапаі ў барацьбе супраць амерыканскіх і мексіканскіх каланістаў, але пацярпелі паражэнне і былі вымушаны пагадзіцца на перасяленне ў рэзервацыі. У выніку склаліся наступныя группы, кожная з якіх займае пэўную рэзервацыю:
- Апачы Белых гор (саманазва: Dzil Łigai Si'án Ndee)
- Сібекуэ, што падзяляюцца на 3 субгрупы Gołkizhn, Tł'ohk'adigain і Dził T'aadn
- Тонта (саманазва: Dilzhé`e), што падзяляюцца на паўночную і паўднёвую галіны
- Апачы рэзервацыі Сан-Карлас (саманазва Tsék'áádn)
У нашы дні яны вызнаюцца на федэральным узроўні як нацыі і маюць унутранае самакіраванне. Асноўныя сучасныя заняткі — земляробства, жывёлагадоўля, абслугоўванне турыстаў, рамёствы (пляценне, вытворчасць керамічных вырабаў, карункаў, духмяных алеяў для парфумерыі).
Заходнія апачы захоўваюць многія старажытныя традыцыі, у тым ліку падзелу мужчынскай і жаночай працы, адасаблення мужчын ад жанчын, будоўлі вікіяпаў, выканання традыцыйных цырымоній пад наглядам шаманаў diyin.