Перайсці да зместу

Заход у Манмажуры

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Заход у Манмажуры
Заход у Манмажуры
Вінцэнт ван Гог
Заход у Манмажуры. 4 ліпеня 1888
Матэрыял алейныя фарбы і палатно
невядома
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

«Заход у Манмажуры» (фр.: Coucher de soleil à Montmajour[1], нідэрл.: Zonsondergang bij Montmajour[2]) — карціна нідэрландскага мастака Вінцэнта ван Гога (Vincent van Gogh, 1853—1890), напісаная ў Арле ў 1888 годзе. Карціна выстаўлена ў музеі Вінцэнта ван Гога ў Амстэрдаме. Памер карціны — 73,3 × 93,3 см[3].

Раней лічылася, што гэтая карціна не з’яўляецца сапраўдным творам Вінцэнта ван Гога, але яе прыналежнасць пэндзлю мастака была пацверджана спецыялістамі ў 2013 годзе[3][4]. Для карцін ван Гога гэта вялікая рэдкасць — папярэдняя знаходка падобнага роду здарылася 85 гадоў таму, у 1928 годзе[5][6].

Відаць, карціна «Заход у Манмажуры» была напісана летам 1888 года, калі Вінцэнт ван Гог жыў у мястэчку Арль, што знаходзіцца на поўдні Францыі. Арльскі перыяд лічыцца найбольш плённым перыядам творчай біяграфіі мастака[7][8].

Пейзаж з кустамі і дрэвамі, намаляваны на карціне, знаходзіўся ў гарыстай мясцовасці Манмажур (фр.: Montmajour або Mont Majour), размешчанай за некалькі кіламетраў на поўнач ад Арля. Злева на заднім плане бачныя сілуэты будынкаў абацтва Манмажур (фр.: Abbaye de Montmajour). Прыкладна там жа была напісана іншая карціна, «Валуны і дуб[ru]», і гэта месца апісана ў лісце мастака яго брату Тэа ван Гогу[9][10][11]:

« Учора, перад захадам сонца, я быў на камяністай верасовай пустцы, дзе растуць маленькія крывыя дубы; у глыбіні, на ўзгорку — руіны; унізе, у даліне — хлябы. Увесь ландшафт — у гусце Манцічэлі[ru], Адольф Манцічэлі: надзвычай рамантычны. Сонца кідала на кусты і зямлю ярка-жоўтыя промні — форменны залаты дождж. Кожная лінія была прыгожая, увесь пейзаж — чароўна высакародны. <…> Зямля здавалася ліловай, гарызонт — блакітным. Я прынёс з пусткі эцюд, ён не ідзе ні ў якое параўнанне з тым, што мне хацелася зрабіць…
»
Вінцэнт ван Гог «Пагоркі з руінамі Манмажура» (малюнак, 1888)

Да таго ж перыяду належыць серыя накідаў розных відаў Манмажура[12], якая таксама захоўваецца ў музеі Вінцэнта ван Гога[13].

Карціна «Заход у Манмажуры» была напісана ў ліпені 1888 года, пры гэтым па нейкай прычыне яна не была падпісана Вінцэнтам ван Гогам. Пасля смерці мастака ў 1890 годзе карціна знаходзілася ў калекцыі яго брата Тэа. На адваротным баку палатна захаваўся нумар 180, зроблены падчас вопісу калекцыі Тэа ван Гога[5][14]. Пасля смерці Тэа ван Гога ў 1891 годзе карціна заставалася ў яго ўдавы Ёханы ван Гог-Бонгер[ru][15], а ў 1901 годзе яна была прададзеная французскаму арт-дылеру Морысу Фабру (Maurice Fabre)[6].

У 1908 годзе карціна была набытая нарвежскім прамыслоўцам Крысціянам Нікалаі Мюстадам (Christian Nicolai Mustad)[16]. Па словах яго сваякоў, неўзабаве пасля куплі карціна была паказана французскаму амбасадару ў Швецыі, які выказаў здагадку, што гэта альбо відавочная падробка, альбо здарылася памылка пры атрыбуцыі карціны. Пасля гэтага карціна захоўвалася на гарышчы, і пра яе стала вядома толькі пасля смерці Мюстада ў 1970 годзе. У 1991 годзе сваякі Мюстада прапаноўвалі музею ван Гога праверыць сапраўднасць гэтай карціны, але тады прыйшлі да высновы, што яна не належыць пэндзлю ван Гога[5].

У выніку ўважлівага даследавання, праведзенага спецыялістамі музея Вінцэнта ван Гога Луі ван Тылборгам (Louis van Tilborgh) і Тэё Медэндорпам (Teio Meedendorp), удалося даказаць, што карціна ўсё ж такі была напісана ван Гогам. Сярод доказаў, якія пацвярджаюць сапраўднасць карціны, быў ліст, напісаны Вінцэнтам Ван Гогам свайму брату Тэа 5 ліпеня 1888 года, у якім апісваўся пейзаж, які ён намаляваў напярэдадні[17]. Пра гэта было абвешчана 9 верасня 2013 года. Карціна выстаўлена ў музеі з 24 верасня 2013 года[3].

  1. Un tableau inconnu de Van Gogh dormait dans un grenier (HTML). Le Monde — www.lemonde.fr. Архівавана з першакрыніцы 10 верасня 2013. Праверана 10 верасня 2013.
  2. Van Gogh Museum ontdekt nieuw schilderij van Vincent van Gogh: Zonsondergang bij Montmajour (HTML). Van Gogh Museum — www.vangoghmuseum.nl. Архівавана з першакрыніцы 12 верасня 2013. Праверана 10 верасня 2013.
  3. а б в Van Gogh Museum discovers new painting by Vincent van Gogh: Sunset at Montmajour (HTML). Van Gogh Museum — www.vangoghmuseum.nl. Архівавана з першакрыніцы 29 красавіка 2014. Праверана 10 верасня 2013.
  4. New van Gogh painting discovered: 'Sunset at Montmajour' (HTML). CNNhttp://cnn.com.+Архівавана з першакрыніцы 13 верасня 2013. Праверана 16 верасня 2013.
  5. а б в New Vincent Van Gogh painting identified (HTML). BBC — www.bbc.co.uk. Архівавана з першакрыніцы 29 верасня 2015. Праверана 10 верасня 2013.
  6. а б Toby Sterling. Painting stashed in attic for decades is identified as a Van Gogh; first such find since 1928 (HTML). www.newser.com. Праверана 26 верасня 2013.
  7. Арльский период биографии Ван Гога (HTML). vangogh-world.ru. Архівавана з першакрыніцы 20 верасня 2012. Праверана 10 верасня 2013.
  8. Биография Винсента Ван Гога (HTML). www.museum-online.ru. Архівавана з першакрыніцы 3 лістапада 2012. Праверана 10 верасня 2013.
  9. Vincent van Gogh — The Letters — To Theo van Gogh. Arles, Thursday, 5 July 1888 (HTML). vangoghletters.org. Архівавана з першакрыніцы 23 красавіка 2013. Праверана 11 верасня 2013.
  10. Letter from Vincent van Gogh to Theo van Gogh (Arles, 5 July 1888) (HTML). www.webexhibits.org. Архівавана з першакрыніцы 20 верасня 2012. Праверана 10 верасня 2013.
  11. Винсент Ван Гог. Письма к брату Тео. Арль, 1888 год (часть 14) (HTML). vangogh-world.ru. Архівавана з першакрыніцы 7 жніўня 2013. Праверана 11 верасня 2013.
  12. Letter from Vincent van Gogh to Theo van Gogh (Arles, c. 13 July 1888) (HTML). www.webexhibits.org. Архівавана з першакрыніцы 20 верасня 2012. Праверана 10 верасня 2013.
  13. The rock of Montmajour with trees, 1888 / Montmajour series (HTML). Van Gogh Museum — www.vangoghmuseum.nl. Архівавана з першакрыніцы 20 верасня 2012. Праверана 10 верасня 2013.
  14. В Голландии обнаружена ранее неизвестная картина Ван Гога (HTML). Корреспондент[ru] — korrespondent.net. Архівавана з першакрыніцы 12 верасня 2013. Праверана 15 верасня 2013.
  15. Max Ehrenfreund. Amsterdam museum attributes painting to Vincent Van Gogh (HTML). Washington Post — www.washingtonpost.com. Архівавана з першакрыніцы 9 верасня 2013. Праверана 26 верасня 2013.
  16. Mark Brown. Newly discovered Van Gogh painting kept in Norwegian attic for years (HTML). The Guardian — www.theguardian.com. Архівавана з першакрыніцы 10 верасня 2013. Праверана 11 верасня 2013.
  17. 636 (639, 508): To Theo van Gogh. Arles, Thursday, 5 July 1888. - Vincent van Gogh Letters. vangoghletters.org. Праверана 20 кастрычніка 2024.