Званец (балота)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Вялікія балоты Беларусі

Балотны масіў Званец — асакова-гіпнавае нізіннае балота мезатрофнага тыпу, тыповае для Палесся, буйнейшае ў Еўропе.[1] На тэрыторыі балота створаны Рэспубліканскі ландшафтны заказнік «Званец», які з'яўляецца ключавой арніталагічнай тэрыторыяй (з 1998 года) і Рамсарскай тэрыторыяй (з 2002 года).

Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Балотны масіў размешчаны на захадзе Палесся на поўдні Драгічынскага раёна і часткова ў Кобрынскім раёне, у межах Дняпроўска-Бугскага канала на поўначы, Белаазёрскай на ўсходзе і Арэхаўскай вадапажыўных сістэм на захадзе на вышыні 145—151 метраў над узроўнем мора.[1] З паўднёвага і паўночна-заходніх бакоў балота абмежавана меліярацыйнай сістэмамі. На поўдні мяжуе з абваднымі каналамі. Само балота з'яўляецца часткай ландшафтнага заказніка плошчай 15873 га.[2]

На тэрыторыі балотнага масіву знаходзяцца шматлікія мінеральныя астравы памерамі ад 0,2 да 10 га. Іх агульная плошча ў межах балот складае прыкладна 29, 8 %.

Таксама ў склад Званца ўваходзіць возера Залавічы і возера Залескае, якое моцна мялее ў выніку меліярацыйных работ.

52°05′ пн. ш. 24°50′ у. д.HGЯO

Гідраграфія[правіць | правіць зыходнік]

Балотны комплекс мае значны памер, таму ён уяўляе сабой даволі стабільную сістэму. Сілкаванне балота ідзе за конт грунтовых вод, атмасферных ападкаў. На гідрарэжым балот уплываюць меліярацыйныя сістэмы і сетка каналаў, сток вады ў якія з'яўляецца асноўнай прычынай буйных пажараў і паводкаў.[1]

Фаўна[правіць | правіць зыходнік]

Усяго на балоце Званец гняздуецца 125 відаў птушак[3], з якіх 21 від занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь, у тым ліку саракуш шэры (Lanius excubitor), пустальга звычайная (Falco tinnunculus), варакушка (Luscinia svecica), садовая аўсянка (Emberiza hortulana).[1]

Міжнародная значнасць балота Званец вызначаецца ў першую чаргу падтрыманнем найбуйнейшай у свеце папуляцыі вяртлявай чаротаўкі (Acrocephalus paludicola), чорнага бусла (Ciconia nigra) і іншых відаў, якія знаходзяцца пад глабальнай пагрозай знікнення: вялікага арляца (Aquila clanga), драча (Crex crex), балотнай савы (Asio flammeus). Акрамя гэтага, на тэрыторыі балота гняздуецца каля 1 % еўрапейскіх папуляцый чаплі-бугая (Botaurus stellaris) і вадзянога пастушка (Rallus aquaticus). Тэрыторыя таксама мае рэспубліканскае значэнне для захавання папуляцый такіх рэдкіх відаў, як журавель шэры (Grus grus), бакас (Gallinago gallinago), кулон вялікі (Numenius arquata).

На балоце зарэгістраваны і іншыя прадстаўнікі фаўны Беларусі (2 віды млекакормячых, 15 наземных і 3 віды водных насякомых), занесеныя ў Чырвоную кнігу, у тым ліку барсук (Meles meles) і рысь (Lynx lynx).

Флора[правіць | правіць зыходнік]

На балоце сустракаюцца 664 віды розных раслін, у тым ліку многія з якіх патрабуюць розных форм аховы. Сярод іх 67 відаў вышэйшых сасудзістых раслін, 10 рэдкіх для Беларусі і Еўропы раслінных супольнасцей, раней шырока распаўсюджаных на нізінных балотах Палесся. З раслін, якія сустракаюцца на Званцы, 23 віды занесены ў Чырвоную кнігу РБ.

Выкарыстанне[правіць | правіць зыходнік]

Зямля выкарыстоўваецца для сенакосу і вырошчвання прапашных культур, у асноўным бульбы, а таксама для выпасу ската. Асноўны тып глебаў — карбанатныя.[1]

Экалогія і ахова[правіць | правіць зыходнік]

Значную пагрозу для птушак ўяўляюць частыя пажары, якія сталі ўзнікаць з-за няўдала праведзенай меліярацыі. У 2003 годзе распрацаваны праект аднаўлення балота. Яго галоўная задача — аднавіць узровень вільгаці на балоце. Грошы на рэалізацыю праекта выдзелены брытанскім Каралеўскім таварыствам абароны птушак, а мерапрыемствы па аднаўленню будуць праводзіцца пад назіраннем грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Беларусі» і раённых інспекцый прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.[4] Работы па яму меркавалі будаўніцтва 7 асноўных і 4 дадатковых дамбаў для аднаўлення ўзроўню вільгаці. Яны павінны былі перакрыць меліярацыйныя каналы, якія адводзяць ваду з балота. У выніку гэтых работ узровень вады ў перыферыйнай частцы павінен быў падняцца на 50-120 сантыметраў.[5] Да канца 2003 года работы былі выкананы ў поўным аб'ёме.[6]

Неспрыяльныя фактары[правіць | правіць зыходнік]

  • Парушэнне гідралагічнага рэжыму балотнага масіву пад уплывам навакольных меліярацыйных сістэм прыводзіць да паводак альбо засух і пажараў.
  • Узворванне глебы на мінеральных астравах, дзе растуць рэдкія віды раслін.
  • Скарачэнне сенакашэння з'яўляецца асноўнай прычынай зарастання адкрытых нізінных балот хмызнякамі.
  • Няўстойлівае лесакарыстанне. Лесакарыстанне на тэрыторыі заказніка праводзіцца без уліку яго значнасці для захавання біяразнастайнасці.
  • Штогоднае выпальванне расліннасці мясцовым насельніцтвам у вясенні перыяд

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Скарбы прыроды Беларусі — Treasures of Belarusian Nature: Тэрыторыі, якія маюць міжнар. значэнне для захавання біял разнастайнасці /аўт. тэксту і фота А. В. Казулін [і інш]. — 2-ое выд., перапрац., дап. — Мн.: Беларусь, 2005. — 215 с. — Паводле эл. рэсурса ptushki.org


Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]