Звод законаў Хамурапі
Звод законаў Хамурапі або Кодэкс Хамурапі — адзін з найстаражытнейшых і найзахаванейшых заканадаўчых кодэксаў старажытнага Вавілона, створаны каля 1780 да н.э. на загад вавілонскага цара Хамурапі.
Кароткія звесткі
[правіць | правіць зыходнік]Законы Хамурапі былі знойдзены французскімі археолагамі падчас раскопак у 1901—1902 гадах у Сузах (тэрыторыя старажытнай Месапатаміі). Звод Хамурапі ўяўляў сабой чорны базальтавы слуп з выразанымі на ім 282 законамі.
Законы выбіты клінапісам на абодвух баках слупа на класічным вавілонскім дыялекце акадскай мовы. У верхняй частцы слупа выяўлены сам Хамурапі, які прымае законы з рук бога сонца Шамаша. Частка тэксту законаў была збіта і можа быць часткова адноўлена з іншых крыніц, напрыклад, цытат законаў на гліняных таблічках.
Законы Хамурапі непасрэдна выцякаюць з шумерскай прававой традыцыі і з'яўляюцца адной з найважнейшых крыніц для вывучэння права і сацыяльна-эканамічнага ладу Месапатаміі таго часу. У цэнтры ўвагі законаў гаспадарчыя, эканамічныя і сямейныя адносіны. Абмяжоўваюцца і рэгламентуюцца прыватнаўласніцкія адносіны, зацвярджаецца дзяржаўны кантроль над гаспадарчым жыццём.
Асноўная ўвага нададзена апісанню караў за розныя правапарушэнні. Законы прадугледжваюць строгую сістэму пакаранняў: практычна любы крадзеж караецца смерцю.
Структура Зводу законаў Хамурапі
[правіць | правіць зыходнік]Зборнік законаў складаецца з пралогу, 282 артыкулаў і эпілогу. У законах Хамурапі рэгулююцца грамадзянскія, абавязацельныя, працоўныя, шлюбна-сямейныя, крымінальныя і крымінальна-працэсуальныя адносіны. Гэты зборнік не мае выразнай сістэмы выкладання матэрыялу, аднак пэўная ўнутраная сістэма ў кодэксе прасочваецца:
- ст.1-5 — суд і судаводства; скіраваныя супраць самавольства і валакіты ў судах, устанаўліваецца адказнасць для нядобрасумленных суддзяў;
- ст.6-126 — пытанні ўласнасці, яе абарона, усталёўваецца пакаранне за замах на яе;
- ст.127-195 — шлюб, сям'я, атрыманне ў спадчыну. Разглядаюцца пытанні пра формы і ўмовы заключэння шлюбу, магчымыя ўмовы шматжонства, разводу, маёмасныя і асабістыя адносіны мужа і жонкі, прадугледжаны розныя злачынствы супраць сям'і, рэгулююцца пытанні атрымання ў спадчыну маёмасці памерлых;
- ст.196-214 — злачынствы супраць асобы, яе жыцця, гонару і годнасці;
- ст.215-282 — нормы працы.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Bryant, Tamera (2005). The Life & Times of Hammurabi. Bear: Mitchell Lane Publishers. ISBN 978-1-58415-338-2.
- Mieroop, Marc (2004). King Hammurabi of Babylon: a Biography. Cambridge: Blackwell Publishers. ISBN 978-1-4051-2660-1.
- Hammurabi, King; C. H. W. Johns (Translator) (2000). The Oldest Code of Laws in the World. City: Lawbook Exchange Ltd. ISBN 978-1-58477-061-9.
- Falkenstein, A. (1956–1957). Die neusumerischen Gerichtsurkunden I–III. München.
- Elsen-Novák, G. / Novák, M.: Der 'König der Gerechtigkeit'. Zur Ikonologie und Teleologie des 'Codex' Hammurapi. In: Baghdader Mitteilungen 37 (2006), pp. 131–156.
- Julius Oppert and Joachim Menant (1877). Documents juridiques de l'Assyrie et de la Chaldee. París.
- Thomas, D. Winton, ed. (1958). Documents from Old Testament Times. London and New York.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Звод законаў Хамурапі
- Высакаякасныя выявы табліцы з законамі Хамурапі і каментары з Луўра Архівавана 12 снежня 2007. (фр.)