Звон (газета)

З пляцоўкі Вікіпедыя
(Пасля перасылкі з Звон (1919))
Jump to navigation Jump to search
«Звон»
Звон № 1.jpg
Звон № 1, 25 жніўня 1919 г.
Тып газета

Краіна
Заснавана 25 жніўня 1919
Спыненне публікацый 19 кастрычніка 1919
Мова беларуская
Галоўны офіс Менск, Юбілейны дом

«Звон» — штодзённая палітычна-эканамічная і літаратурная газета. Выдавалася з 25 жніўня да 19 кастрычніка 1919 года ў Менску на беларускай мове ва ўмовах польскай акупацыі ў часе савецка-польскай вайны.

Подпіс рэдактара — Я. (Іадвіга, Ядвіга) Луцэвіч. Подпіс у нумарах 1—5 «Рэдактар-выдавец І. Луцэвіч» даў падставу некаторым даследчыкам (Алег Лойка, Юры Туронак) сцвярджаць, што рэдактарам «3вона» быў Янка Купала (Іван Луцэвіч). Аднак звестак аддзела нацыянальнасцей і друку Грамадзянскага ўпраўлення ўсходніх земляў (31 жніўня 1919, Варшава), газетай кіравала група рэдактараў: Язэп Лёсік, Юзюк Фарботка, Аляксандр Прушынскі (Алесь Гарун), Макар Касцевіч (Макар Краўцоў)[1].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Юбілейны дом на Архірэйскім падвор’і ў Менску, дзе месцілася рэдакцыя газеты «Звон». Фота 1936 г.

Матэрыялы газеты прасоўваюць ідэяю адбудовы беларускай дзяржаўнасці, адраджэння гаспадаркі і культуры[1]. У рэдакцыйным праграмным артыкуле «Нашае заданне» (№ 1) падкрэслівалася неабходнасць адбудовы «свае ўласнае Беларускае дзяржавы, свайго роднага беларускага Гаспадарства», стварэння беларускага войска, якое аб’яднала б беларускія землі, а затым Устаноўчы Сойм выявіў бы волю народа. Рэдакцыя звярнулася да польскай дэмакратыі з заклікам адмовіцца ад экспансіянісцкіх планаў у адносінах да Беларусі і прызнаць за беларускім народам права на самастойнае існаванне. Распрацоўвала праграму дзяржаўнага будаўніцтва і ўзаемаадносін з суседзямі: пра плебісцыт на Беларусі (№ 3, 4), «Вільня — сталіца Беларусі» (№ 10), «Незалежная Беларусь і Расія» (№ 15), «Незалежная Беларусь і Польшча» (№ 17), «Унія ці федэрацыя з Польшчаю» (№ 22), Янкі Купалы «Адбудова Беларусі» (№ 27) і іншыя. Змясціла зварот Юзафа Пілсудскага да насельніцтва былога Вялікага Княства Літоўскага ад 22 красавіка 1919 года (№ 1), матэрыялы пра яго візіт у Менск 19 верасня (№ 11, 12, 14, 17). Надрукавала «Кароткую гісторыю культурнага жыцця Беларусі» Язэпа Лёсіка (№ 2, 4, 5), некралог на Івана Луцкевіча (№ 2), успаміны пра яго Макара Краўцова і Змітрака Бядулі (№ 6, 7). Шырока асвятляла барацьбу за стварэнне беларускай школы: у артыкулах «Не маюць прытулку» (№ 21) выказала рашучы пратэст у сувязі з захопам польскімі ўладамі памяшканняў беларускіх навучальных устаноў у Менску, падкрэсліўшы, што беларусам пакінулі адно толькі права — «пазіраць на жыццё іншых і моўчкі сціскаць кулакі, распаляючы ў сэрцы помсту».

Газета мела рубрыкі «Беларуская хроніка», «Менскія навіны», «Беларускі тэатр» і іншыя. На яе старонках упершыню надрукаваныя вершы Янкі Купалы («Беларускія сыны», «3 павяўшай славы», «Паўстань», «Мая навука», «Паэта і цэнзар», «Наша гаспадарка» і інш.), творы Вячаслава Адамовіча, В. Бруевіча, Змітрака Бядулі, Макара Краўцова, Язэпа Лёсіка, Сымона Рака-Міхайлоўскага, Юзюка Фарботкі, Міхася Чарота і іншых.

У крыніцах савецкага часу сцвярджаецца, што газета друкавала матэрыялы паланафільскага кірунку, выступала за ўваходжанне Беларусі ў склад Польшчы[2][3].

Пераемніцай выдання стала газета «Беларусь».

Зноскі

  1. 1,0 1,1 Скалабан В., С. 432
  2. Турук Ф., С. 67
  3. БелСЭ, Т.4, С. 546

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]