Земгалы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Земгалы, зямгалы (аг.-усх.-слав.: земигола, зимигола, лат. zemgaļi, літ. žiemgaliai, žemgaliai) — усходнябалцкае племя, якое жыло ў парэччы Ліелупе (цяпер сярэдняя частка Латвіі), блізкае мовай да латгалаў. Рака Ліелупе (з латышскай "Вялікая рака") у лацінскіх крыніцах называецца "зямгальскай ракой" (flumen Semigalliae).

Вестард, кароль зямгалаў. Л. Лібертс, 1936
Вестард, кароль зямгалаў. Л. Лібертс, 1936

Упершыню згаданыя ў 870 годзе ў дацкай хроніцы "Annales Ryenses". Зямгалаў як "Seimgaler" у ХІ скандынаўская "Інгварава сага". Рунічны запіс на камені ХІ стагоддзя ў паўднёвых Швецыі згадвае краіну "Sœimgala".

Згодна з крыніцамі ХІІІ стагоддзя, краіна зямгалаў падзялялася на сем земляў, па-лацінску яны называюцца Sillene, Sagera, Dobene, Sparnene, Thervetene, Dubelene, Upemolle, усе яны лакалізаваныя на тэрыторыі Латвіі (найперш) і Літвы.

Вядомыя зямгальскія правадыры Вестард (Westhardus, цяперашняя латышская форма Viesturs) і Намейша (Nameise)[1].

22 верасня 1236 года супольнае зямгальска-жамойцкае войска на чале з жамойцкім правадыром Вікінтам перамагло войска Ордэна мечаносцаў.

Асобная зямгальская мова, як мяркуецца, на другую палову XV стагоддзя ужо знікла[2].

Назва[правіць | правіць зыходнік]

Назва зямгалаў двухасноўная, другая аснова gal- такая ж, як і ў назве латгалаў, у літоўскіх тапонімах тыпу Ariogala, яна звязаная з балцкім galas "край, зямля".

Першая частка звязаная з літоўскім žiemiai, латышскім ziemeļi "поўнач" (ад žiema, ziema "зіма"), гэта пацвярджаюць формы "Seim-galer" і "Sœim-gala", а таксама "зимигола" старарускіх летапісаў. Таго ж паходжання назва мястэчка Жэймяліс (літ. Žeimеlis, Žeimys, адна з даўнейшых формаў Zemele) на тэрыторыі літоўскай часткі "Зямгаліі"[3].

Назва краіны зямгалаў значыла "Паўночны край". Такая інтэрпрэтацыя назвы, згодна з Ул. Тапаровым, можа сведчыць на карысць колішняга перасялення з тэрыторыі цяперашняй Літвы. Зямгалы, рухаючыся на поўнач, першымі мелі дайсці да латвійскага ўчастка Дзвіны і, магчыма, зайшлі і на поўнач ад яе[4]. К. Буга адзначаў перагук некалькіх тапонімаў каля Вільні (Spera, Kena) з назвамі ў зямгальскім краі (Speras, Cena), іх на поўнач мелі прынесці разам з сабой зямгалы[5].

Адзіная "зямгальская" назва на тэрыторыі цяперашняй Беларусі — назва былога хутара "Змігола" (польск. Żmigoła, рус. Змигола, ад *Зимгола) каля Шаркаўшчыны. Іншы падобны тапонім, Селігоры на Полаччыне, выводзяць ад назвы іншага балцкага племя селаў (ад Sēli-galā)[6]. "Латгальскіх" назваў на тэрыторыі цяперашняй Беларусі больш чым багата (Латыгаль і пад.)

  1. K. Būga. Rinktiniai raštai. T. 3. Vilnius, 1961. C. 251-267.
  2. Топоров В.Н. Балтийские языки. Москва, 2006. С. 30.
  3. Aleksandras Vanagas. Lietuvos miestų vardai. Vilnius, 2004. С. 275–278.
  4. Топоров В.Н. Балтийские языки. Москва, 2006. С. 30-31.
  5. K. Būga. Rinktiniai raštai. T. 3. Vilnius, 1961. C. 267.
  6. K. Būga. Rinktiniai raštai. T. 3. Vilnius, 1961. C. 539.