Злотніцтва

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Злотніцтва — выраб рэчаў з каштоўных металаў; від ювелірнага мастацтва. Шырока вядома ў Старажытным Егіпце, Грэцыі, Амерыцы, краінах Усходу, сярэдневяковых Індыі і Кітаі, краінах Еўропы XVXVIII стст. Пашырэнне механічнай апрацоўкі металаў у сярэдзіне XIX ст. прывяло да заняпаду злотніцтва.

Шата абараза «Маці Божая Бялыніцкая» са Снова. XVII ст. МСБК НАН
Пацір з Навагрудка. XVI ст. НГМБ

На Беларусі вядома з часоў жалезнага веку (7—6 ст. да н.э. — 8—9 ст. н.э.). Найбольш пашырана як гарадское рамяство ў XIIXVIII стст. Беларускія майстры-злотнікі валодалі рознымі тэхнікамі апрацоўкі (ліццё, коўка, чаканка, гравіраванне) і аздаблення металаў, пераважна серабра (залачэнне, чарненне, зярненне, пацініраванне). Выраблялі посуд, абклады кніг і абразоў, крыжы, дарахавальніцы і інш. Шэдэўр злотніцтва часоў Сярэднявечча — крыж Ефрасінні Полацкай работы Лазара Богшы (1161).

Фрагмент шаты абраза «Святы Антоній Падуанскі» з Бярозы. XVIII ст. МСБК НАН

У XVIXVII стст. майстэрні і цэхі злотнікаў існавалі ў Віцебску, Брэсце, Кобрыне, Гродне, Магілёве, Нясвіжы, Слуцку і інш. У другой палове XVII ст. больш за 50 беларускіх злотнікаў, пераважна з Віцебска, Полацка, Магілёва, працавалі ў Залатой, Сярэбранай і Аружэйнай палатах Маскоўскага Крамля, у т.л. П. Заборскі, В. Карпаў, М. Логінаў, Я. Магілёвец і інш. Яны выраблялі посуд, абклады абразоў і кніг, зброю[1].

Зноскі

  1. Максімава Э. С., Сямёнаў А. І. Злотніцтва // Энцыклапедыя Літаратуры і мастацтва. — Мн.: БелЭн, 1985. — Т. 2. — С. 532.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]