Змова князёў Вялікага Княства Літоўскага (1481)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Змова князёў Вялікага Княства Літоўскага, выкрытая ў Кіеве ў 1481 годзе, складзеная ў колах арыстакратыі Вялікага Княства Літоўскага, узначаленая слуцкім князем Міхаілам Алелькавічам, яго стрыечным братам Фёдарам Іванавічам Бельскім і Іванам Гальшанскім-Дубровіцкім.

Змоўшчыкі планавалі забіць вялікага князя і польскага караля Казіміра Ягайлавіча, калі той прыедзе ў Кобрын на вяселле Фёдара Бельскага і Ганны Кобрынскай, і ўзвесці на велікакняжацкі сталец Міхаіла Алелькавіча. Змова была выкрыта, і 30 жніўня 1481 года ў Вільні Міхаіл Алелькавіч і Іван Гальшанскі-Дубровіцкі прылюдна пакараны адсячэннем галавы. Бельскі здолеў уцячы ў Маскву.

Змоўшчыкі і тая частка буйных феадалаў Вялікага Княства Літоўскага, на каго яны абапіраліся, былі незадаволеныя ўнутранай палітыкай Казіміра Ягайлавіча, адначасова і польскага караля — занядбаннем ім праблем Княства, яго нязгодай саступіць велікакняжацкі сталец, прыніжэннем ім палітычнай ролі буйной арыстакратыі.

Адносна ролі нацыянальна-рэлігійнага фактару ў змове думкі разыходзяцца — адны аўтары[1] мяркуюць, што аснова незадаволенасці вычэрпвалася крыўдай старой арыстакратыі за ліквідацыю ўдзелаў, а ўся акцыя была родавай акцыяй Алелькавічаў. Які-небудзь нацыянальны або рэлігійны характар у такім выпадку адмаўляецца цалкам. Іншыя аўтары[2] ўказваюць на падтрымку змовы з боку пэўнага кола феадалаў, якія былі ў апазіцыі да пракаталіцкіх кіраўнікоў Вялікага Княства Літоўскага, і сярод якіх былі адчувальным сепаратысцкія прамаскоўскія настроі.

Адпаведна, і планаваны пераход змоўшчыкаў са сваімі землямі «да ракі Бярэзіны» пад уладу маскоўскага вялікага князя называецца, або рэакцыяй змоўшчыкаў на выкрыццё, або загадзя запланаванымі дзеяннямі па выхадзе з-пад улады вялікага князя літоўскага.

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Нарысы гісторыі Беларусі. У 2-х ч. Ч. 1. М. П. Касцюк, У. Ф. Ісаенка, Г. В. Штыхаў і інш. — Мн.: Беларусь, 1994. — 527 с.: іл. ISBN 5-338-00929-3 (ч. 1), ISBN 5-338-01083-6
  • Сагановіч Г. Нарыс гісторыі Беларусі ад старажытнасці да канца XVIII стагоддзя. — Мінск: Энцыклапедыкс, 2001. — 412 с. — ISBN 985-6374-34-2
  • Чыгрынаў П. Г. История Беларуси с древности до наших дней: Учеб. пособие / П. Г. Чигринов. — Мн.: Книжный Дом, 2004. — 672 с. ISBN 985-428-804-8