Зонная плаўка

Зонная плаўка, зонная перакрышталізацыя — апрацоўка матэрыялу (у выглядзе стрыжня, выцягнутага злітка) расплаўленнем вузкай зоны і перамяшчэннем яе ўздоўж стрыжня. Выкарыстоўваецца для атрымання (рафінавання) чыстых матэрыялаў (т.зв. зонная ачыстка), легіравання і раўнамернага размеркавання дамешкаў па злітку (зоннае выраўнованне), для вырошчвання монакрышталёў і інш. Зоннай плаўкай можна апрацоўваць амаль усе металы, паўправаднікі і дыэлектрыкі.
Адрозніваюць кантэйнерную і бястыгельную зонную плаўку. Пры кантэйнернай матэрыял змяшчаюць у спецыяльны кантэйнер, які павольна перамяшчаецца адносна награвальнікаў. Пры гэтым на мяжы раздзелу цвёрдай і вадкай фаз адбываецца крышталізацыя матэрыялу. Пры бястыгельнай зоннай плаўцы стрыжань (злітак) устанаўліваюць вертыкальна, а награвальнік размяшчаюць вакол яго. Спосабы нагрэву: індукцыйны токамі ВЧ, электронна-прамянёвы, радыяцыйны. Упершыню зонная плаўка выкарыстана ў 1927 годзе для ачысткі жалеза, пашыралася з 1952 года.
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 7: Застаўка — Кантата / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 7. — 604 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0130-3 (т. 7).