Zet

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Зэт)
Zet
Жанр Рок
Гады 2000—Zet not dead
Краіна  Беларусь
Горад Мінск
Мова песень Беларуская
Склад Kanzler
Strong
Akrabat
Porter
Manjak
Іншыя
праекты
«Мроя»
«N.R.M.»
«Hasta La Fillsta»
«Крамбамбуля»
«B:N:»
«IQ48»
«Pomidor/OFF»

Zet (бел.: Зэт[1]) — беларускі падпольны музычны гурт, удзельнікі якога граюць у масках[2] і хаваюць свае імёны пад мянушкамі[3].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

15 ліпеня 2000 года гурт «Зэт» на 9-ым Фестывалі музыкі Маладой Беларусі «Басовішча» (Гарадок, Усходняя Беласточчына) атрымаў узнагароду ад Радыё «Рацыя»[4]. 28 лютага 2006 года «Зэт» перамог на «Рок-каранацыі 2005» у намінацыі «Песня года» з песняю «Белакрылы анёл»[5]. Праўда, ніхто не выйшаў на цырымонію ўручэння прэміі[6] з рук Аляксандра Памідорава[7]. 14 мая 2007 года ўправа культуры Мінска забараніла супольны канцэрт гуртоў «Зэт» і «IQ48», які меўся адбыцца ў той дзень у клубе «Арэна». За перанос канцэрта ў клуб «Катакомбы» яго арганізатараў затрымалі супрацоўнікі Камітэту дзяржаўнай бяспекі, пад наглядам якіх міліцыянты запратакалявалі забароненасць мерапрыемства і заявілі пра забарону на выступ саміх гуртоў[8]. 9 жніўня 2008 года «Зэт» выступіў на міжнародным музычным свяце «Be Free» у Львове (Украіна)[9].

Дыскаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Альбомы[правіць | правіць зыходнік]

З Новым годам! (2000)[правіць | правіць зыходнік]

Альбом «З Новым годам!» запісалі ўвесну 2000 года на мазырскай музычнай студыі «Арт-cтудио». Па змесце альбом атрымаўся пераважна сатырычным (песні «Танец смерці» і «Гэй, славяне!»)[3]. Перавыданне 2004 года зрабіў лэйбл «WestRecords». У яго ўключылі дэма-версіі песняў «Змяя», «Дзяржтэлерадыё» і «Геадэзія-картаграфія», відэа-кліп на песню «Калгас», што на альбоме «radzima.com» песня «Светлы шлях», і канцэртны відэа-запіс песні «Радзіма-свабода». Запіс і звядзенне альбому рабіў Сяргей Лабандзіеўскі, дызайн — Павел Цыбін, фота — Аляксандр Кулік, мультымедыі — Ігар Назаранка. Прадзюсар — Ганна Вольская.

Спіс песняў:

НазваАўтар Працягласць
1. «Баю-баю»   3:10
2. «Радзіма-свабода»   3:54
3. «Незнаёмец»   3:24
4. «Анёлы»   3:58
5. «Гэй, славяне!»   3:33
6. «La Bamba»   3:51
7. «Хлопчык»   3:10
8. «Нармальна»   4:21
9. «З новым годам!»   3:59
10. «Танец смерці»   5:37

Альбом таксама змяшчаў «Маніфэст гурту Zet»:

" Цяперашні музычны сьвет багаты й разнастайны. Рок-гурты граюць музыку. Публіка яе слухае. Вакол кожнага больш менш значнага калектыву гуртуецца кола ягоных прыхільнікаў. Гэтыя прыхільнікі досыць агрэсыўныя й кансэрватыўныя ў стаўленьні да ня толькі фанатаў іншых гуртоў, але й сваіх куміраў. Альтэрнатыўныя гурты вельмі стараюцца ня страціць свой альтэрнатыўны фармат. Тымчасам ён зрабіўся модным ва ўсім сьвеце і пераўтвараецца ў натуральную папсу. Незразумела да чаго ён альтэрнатыўны. Да MTV? Дык цяпер там круцяць учорашніх «альтэрнатыўшчыкаў» як учора Брытні Сьпірс. Змагары з рэжымам, дыктатурай і дзяржаўным ладам сваімі шматгадовымі крыкамі настолькі зьнівэлявалі йдэю, што тэкст ужо ня слухаецца, бо набывае тыя ж папсовыя стандарты. Толькі ў клясычным папсовым варыянце будуць: close (open) up your eyes, low, kiss, а «змагарным» destroy, kill, dark і г. д. Усе сьпяваюць пра адно і тое ж аднымі і тымі ж словамі.

Мэталісты слухаюць свой мэтал і не разумеюць, што ўсе гэтыя доўгія валасы, заклёпкі, цыркавы сатанізм і клаўнада таксама папса, толькі робленая па іншых законах. Стандарты тэксту гэтых гуртоў гл. абзац вышэй. Толькі яшчэ больш цёмна й таямніча. А так усе пяюць адно і тое ж. Як сапраўдныя папсачы.

Сьледаваньне з боку музыкаў пэўнаму сучаснаму стандарту азначае, што яны прагнуць застацца ў межах вядомасьці пэўнае групы слухачоў. Калі яны зробяць крок убок ад рамак, слухачы іх не зразумеюць, і перастануць паважаць.

Вядомасьць (хаця б лякальная) будзе страчаная. Страты вядомасьці трэба пазьбягаць. «Фармат» трэба захоўваць. Ці не заўважаеце вы тыповыя папсовыя ўстаноўкі: імкнуцца да набыцьця вядомасьці, захоўваць вядомасьць, захоўваць «фармат». «Альфа радыё» захоўвае свой фармат. Тупа і пасьлядоўна. Дзякуючы гэтаму мае сродкі для існаваньня. Тое ж адбываецца з тусоўкай, якая ніколі не прагучыць на «Альфе»: хардкор, усе гатункі мэталу, рэп і г. д.

Яна захоўвае фармат: ніякая папса не павінна пракрасьціся на гэтую тэрыторыю. Бо слухачы не зразумеюць (як і ў прыкладзе з «Альфай»). Дык што тут папса і што не папса? Калі асноўныя накірункі дзейнасьці й прынцыпы йснаваньня аднолькавыя. Прынцыповая розьніца музычны фармат. Але, насамрэч, гэтая розьніца непрынцыповая, калі аднолькавыя прынцыпы зрабіць шоў і атрымаць за яго ганарар. НАКАРМІЦЬ ПУБЛІКУ ТЫМ, ШТО ЯНА ХОЧА ЗЬЕСЬЦІ. Гэта галоўны прынцып папсы. Папсы з аднаго і з другога боку ўяўнае мяжы.

Высновы:

Сучасны музычны сьвет падзелены на некалькі попсаў, якія робяць адно і тое ж рознымі музычнымі сродкамі: чапляюцца за музычны фармат і зарабляюць на ім вядомасьць і грошы. Пры гэтым і самі музыкі, і іхныя прыхільнікі абвінавачваюць канкурэнтаў у папсовасьці, сатанізму, дэструкцыі, тупасьці і г. д. Яны ня бачаць, адкуль ногі растуць, самі зьяўляючыся часткай вялікага папсовага працэсу. У гэтай сытуацыі гурт ZET мусіць заявіць, што дзеля таго, каб пазьбегнуць «фармату», будзе выконваць песьні ў розных стылях, з рознымі тэкстамі на розных мовах. Імідж будзе пастаянна зьмяняцца. Трэба, каб ніхто ня ведаў, што ў наступны раз зграе і як будзе выглядаць гурт. Гэта робіцца, каб пазьбегнуць гарачай любові слухачоў граньня аднаго і таго ж цягам дзесяцігодзьдзяў (хаця матар’ял даўно ўжо не выклікае ў выканаўцаў ніякіх эмоцыяў). Ад скрайніх мэтал-плыняў да блятняку! Каб не прызвычайваліся.

Хаця й ёсьць небясьпека такім чынам стварыць новы фармат.

"

Radzima.com (2006)[правіць | правіць зыходнік]

Дыск «Radzima.com» выйшаў у чэрвені 2006 года на гомельскім лэйбле «GO-Records», хоць дэма-запіс зрабілі ў 2003 годзе[10]. У змесце песняў альбома пераважала сацыяльная лірыка, што змяшчала кпіны з ветэранаў кожнае крывавае вайны (песня «O yeah! O yo!») і старшыняў калгасаў (песня «Светлы шлях»), аматараў БТ (песня «Дзяржтэлерадыё») і лозунгу «Back in USSR» (песня «I love you»), са спажывання на шкоду годнасці (песні «Аб’явы» і «Мужчына»), з ідэолагаў (песні «Крумкачы» і «The best») і апазіцыянераў (песні «Джала» і «Анёл»). Песні «1, 2, 3», «Светлы шлях», «The best» і «Анёл» выдаваліся да выпуску альбома[11].

Спіс песняў:

НазваАўтар Працягласць
1. «1, 2, 3»   3:05
2. «Твая Айчына»   4:01
3. «Аб’явы»   3:02
4. «Чорнае сонца»   2:50
5. «Крумкачы»   2:35
6. «Мужчына»   3:24
7. «Дзяржтэлерадыё»   4:28
8. «Джала»   3:34
9. «Заўтра»   1:56
10. «Светлы шлях (ранейшая назва «Калгас»)»   2:05
11. «I love you»   1:42
12. «The best (ранейшая назва «Краіна дурняў»[11]  3:37
13. «Love story — don’t worry»   3:12
14. «O yeah! O yo!»   2:00
15. «Геадэзія-картаграфія»   2:00
16. «Змяя ўнутры цябе»   5:07
17. «Анёл (ранейшая назва «Белакрылы анёл»)»   3:38

Удзел у зборніках[правіць | правіць зыходнік]

Удзельнікі (мянушкі)[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Зося Лемеш. Мелі «Рацыю» Архівавана 6 красавіка 2009.// Ніва. № 49 (2430), 8 снежня 2002 г. С. 1-2.
  2. Алёна Скарабагатая. Zet: «Мы не займаемся мэйнстрымам»(недаступная спасылка)// Тузін Гітоў. 5 ліпеня 2006
  3. а б 222 альбомы беларускага року і ня толькі…: Праз рок-прызму / Вітаўт Мартыненка, Анатоль Мяльгуй; прадмова й прад’юсаваньне В. Супрановіча. — Мінск: Медысонт, 2006. — 448 с., [8] с. іл. ISBN 985-6530-38-5 — Старонка 320.
  4. Мікола Ваўранюк. Новая хваля Архівавана 10 жніўня 2010.// Ніва. № 31 (2307), 30 ліпеня 2000 г. С. 1, 3.
  5. WM. Кароны раздадзеныя. Заслона (недаступная спасылка). Тузін Гітоў (1 сакавіка 2006). Архівавана з першакрыніцы 17 жніўня 2012. Праверана 13 ліпеня 2020.
  6. Алёна Скарабагатая. Zet: «Мы не займаемся мэйнстрымам»(недаступная спасылка)// Тузін Гітоў. 5 ліпеня 2006
  7. Пераможцы цырымоніі «Рок-каранацыя» за 2004—2005 гг.// Радыё «Свабода». 1 сакавіка 2006
  8. Сяргей Будкін. Беларускі рок пад забаронай Архівавана 8 студзеня 2008.// Тузін Гітоў. 15 мая 2007
  9. Сямён Печанко. Be Free: Свабода пад дажджом і сонцам Архівавана 8 сакавіка 2021.// Наша Ніва. № 30 (580) 14 жніўня 2008. Старонкі 1, 11.
  10. Гурт Zet выдаў новы альбом// Сеціўная газета «Белорусские новости». 4 ліпеня 2006
  11. а б Сяргей Балахонаў. Zet «Radzima.com» Архівавана 28 чэрвеня 2011.// Тузін Гітоў. 10 ліпеня 2006

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Акорды[правіць | правіць зыходнік]

Гуказапісы[правіць | правіць зыходнік]

Кліпы і выступы[правіць | правіць зыходнік]

Здымкі[правіць | правіць зыходнік]