Зялёныя водарасці
Зялёныя водарасці | ||||||||||||
![]() Разнастайнасць сіфонавых водарасцяў. Ілюстрацыя з кнігі Эрнста Гекеля «Kunstformen der Natur», 1904 | ||||||||||||
Навуковая класіфікацыя | ||||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Міжнародная навуковая назва | ||||||||||||
Chlorophyta Pascher, 1914 | ||||||||||||
Класы | ||||||||||||
|
Зялёныя водарасці (Chlorophyta) — аддзел ніжэйшых раслін.
Выдзяляюць 5 класаў: вальвоксавыя, кан'югаты, сіфонавыя водарасці, пратакокавыя, улотрыксавыя; каля 400 родаў, да 20 тыс. відаў. Адна- і шматклетачныя, каланіяльныя, цэнабіяльныя арганізмы рознай марфалагічнай структуры цела (акрамя амебоіднай), памерам ад 1 мкм да дзесяткаў сантыметраў. Колер зялёны (хларафіл пераважае над жоўтымі пігментамі — карацінамі і ксантафіламі), рэдка бясколерныя арганізмы. Клеткі з цэлюлознай, цэлюлозна-пекцінавай ці пекцінавай абалонкай, адна- або шмат'ядравыя. Хларапластаў адзін ці некалькі, восевыя ці пасценныя, розный формы. Запасныя рэчывы — крухмал і зрэдку алей.
Пашыраны на ўсіх кантынентах і ў морах; трапляюцца ў вадаёмах, глебе, на скалах і сценах, кары дрэў, поўсці млекакормячых. У якасці эндасімбіёнтаў жывуць у клетках прасцейшых, губак, гідраў (зоахларэла). Планктонныя і бентасныя арганізмы, ёсць эпіфіты на раслінах і жывёлах, сімбіёнты з іншымі арганізмамі (напр., лішайнікі). На Беларусі 140 родаў, каля 650 відаў; найбольш пашыраныя роды: аацысціс, анкістрадэсмус, вальвокс, гідрадыкцыён, дэсмідыум, зігнема, кладофара, кластэрыум, лагерхеймія, мужоцыя, пандарына, спірагіра, сцэнедэсмус, тэтраэдран, улотрыкс, хламідамонас, хларэла, цэластрум, эўдарына і інш.
Размнажэнне вегетатыўнае, бясполае (заа-, апланаспорамі або акінетамі), полавае (ізагамія, гетэрагамія, голагамія, аагамія і кан'югацыя). У рухомых зялёных водарасцей ёсць вочка, 2—4 і больш жгуцікаў.
У складзе планктону выклікаюць «цвіценне» вады. Некаторыя (напр., ульва) ядомыя. Актыўныя фотасінтэтыкі і ўдзельнікі самаачышчэння вады, аб'екты даследаванняў як крыніцы харчовай біямасы ў замкнёных экалагічных сістэмах (напр., хларэла і сцэнедэсмус).
Зялёныя водарасці — найбольш верагодныя папярэднікі наземных раслін.
Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Мельнікаў С. Зялёныя водарасці // БЭ ў 18 т. Т. 7. Мн., 1998.