Зялёныя рукавы
Зялёныя рукавы | |
---|---|
Дата выпуску | 1580 |
Жанр | балада[d] |
Мова песні | англійская |
Кампазітар |

«Зялё́ныя рукавы́» (англ.: Greensleeves) — традыцыйная англійская фальклорная песня і мелодыя на матыў раманескі або яе мякчэйшага варыянту, пасамецца. Вядомая з XVI стагоддзя.
Паходжанне
[правіць | правіць зыходнік]Існуе павер’е, што «Зялёныя рукавы» склаў кароль Генрых VIII для сваёй каханкі і будучай жонкі Ганны Балейн. Тым не менш, гэта аблуда, паколькі мелодыя песні заснаваная на італьянскім стылі складання, які стаў вядомы ў Англіі толькі па смерці Генрыха[1]. Найбольш верагодная песня з’явілася ў перыяд валадарання Лізаветы I.
Першы вядомы запіс балады датаваны вераснем 1580 года[2] пад назвай «A Newe Northen Dittye of ye Ladye Greene Sleves» (запісаў Рычард Джонс)[3]. Цягам года з’явіліся яшчэ шэсць запісаў балады: «Ye Ladie Greene Sleeves answere to Donkyn hir frende» Эдуарда Уайта (3 верасня 1580); Генры Кара і яшчэ адзін Уайта — 15 і 18 верасня; яшчэ адзін Рычарда Джонса — 14 снежня; Уільяма Элдыртана — 13 лютага 1581; «Greene Sleeves is worne awaie, Yellow Sleeves Comme to decaie, Blacke Sleeves I holde in despite, But White Sleeves is my delighte» Уайта — жнівень 1581[4].
У 1584 тэкст «Зялёных рукавоў» апублікаваны ў зборніку «A Handful of Pleasant Delights» пад назвай «A New Courtly Sonnet of the Lady Green Sleeves. To the new tune of Green Sleeves». Гэты варыянт, які захаваўся да нашых дзён, уключае 18 чатырохрадкоўяў і рэфрэн, аднак прынята лічыць, што аўтэнтычныя толькі чатыры куплеты і рэфрэн. Мелодыя сустракаецца ў іншых крыніцах канца XVI — пачатку XVII стагоддзяў, такіх як «Ballet’s MS Lute Book» і «Het Luitboek van Thysius», а таксама ў шматлікіх рукапісах, якія захоўваюцца ў бібліятэках Кембрыджскага ўніверсітэта.
«Зялёныя рукавы» двойчы згаданыя ў камедыі Шэкспіра «Віндзарскія насмешніцы», прычым без аніякіх каментароў, што сведчыць пра тое, што песня ўжо была добра вядомая ў той час.
Тэкст
[правіць | правіць зыходнік]
Паводле адной з інтэрпрэтацый тэксту, лэдзі Зялёныя рукавы — маладая жанчына, якая вядзе бязладнае жыццё, магчыма, прастытутка[5]. У той час слова «зялёны» мела сексуальную канатацыю, як у выразе «зялёная верхняя сукенка», якою яна станавілася пасля любошчаў на прыродзе[6].
Вытворныя
[правіць | правіць зыходнік]З 1686 года на гэту мелодыю пачынаюць з’яўляцца калядныя і навагоднія песні. Да XIX стагоддзя амаль кожны друкаваны зборнік калядак уключаў некалькі версій тэкстаў, большасць з якіх сканчаліся рэфрэнам «On Christmas Day in the morning»[7]. Адною з найбольш папулярных калядак стала «Што гэта за Дзіцятка?», напісаная ў 1865 годзе Уільямам Чатэртанам Дыксам.
Выканаўцы
[правіць | правіць зыходнік]- Элвіс Прэслі — пад назвай «Stay Away» на другім баку «U.S. Male» (1968); уключаная ў саўндтрэк да фільму «Не набліжайся, Джо»
- Леанард Коэн — альбом «New Skin for the Old Ceremony» (1974)
- Rainbow — імправізацыя на тэму, канцэрт у Мюнхене (1977)
- Blackmore's Night — альбом «Shadow of the Moon» (1997)
- Jethro Tull — альбом «The Jethro Tull Christmas Album» (2003)
- Рокаш — альбом «Запалі агонь» (2011)
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Weir, Alison. Henry VIII: The King and His Court. — Ballantine Books, 2002. — С. 131. — ISBN 0-345-43708-X.
- ↑ Frank Kidson. English Folk-Song and Dance. — Read books, 2008. — С. 26. — ISBN 1-4437-7289-5.
- ↑ John M. Ward. And Who But Ladie Greensleeues? // The Well Enchanting Skill: Music, Poetry, and Drama in the Culture of the Renaissance: Essays in Honour of F. W. Sternfeld / edited by John Caldwell, Edward Olleson, and Susan Wollenberg. — Oxford: Clarendon Press, 1990. — С. 181. — ISBN 0-19-316124-9.
- ↑ Hyder Edward Rollins. An Analytical Index to the Ballad-Entries (1557—1709) // the Registers of the Company of Stationers of London. — Chapel Hill: University of North Carolina Press, 1924., цытуецца ў John M. Ward. And Who But Ladie Greensleeues? // The Well Enchanting Skill: Music, Poetry, and Drama in the Culture of the Renaissance: Essays in Honour of F. W. Sternfeld / edited by John Caldwell, Edward Olleson, and Susan Wollenberg. — Oxford: Clarendon Press, 1990. — С. 181—211. — ISBN 0-19-316124-9.
- ↑ Brown, Meg Lota & Kari Boyd McBride. Women's Roles in the Renaissance. — Greenwood Press, 2005. — С. 101. — ISBN 0-313-32210-4.
- ↑ Vance Randolph. «Unprintable» Ozark Folksongs and Folklore. — University of Arkansas Press, 1992. — Т. Volume I, Folksongs and Music. — С. 47. — ISBN 1-55728-231-5.
- ↑ John M. Ward. And Who But Ladie Greensleeues? // The Well Enchanting Skill: Music, Poetry, and Drama in the Culture of the Renaissance: Essays in Honour of F. W. Sternfeld / edited by John Caldwell, Edward Olleson, and Susan Wollenberg. — Oxford: Clarendon Press, 1990. — С. 193. — ISBN 0-19-316124-9.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]![]() |
Зялёныя рукавы на Вікісховішчы |
---|