Зямля Адэлі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Зямля Адэлі (фр.: Terre Adélie) — сектар Антарктыкі, на які прэтэндуе Францыя, з’яўляецца адміністрацыйнай акругай яе Паўднёвых і Антарктычных тэрыторый. Межы тэрыторыі праходзяць па ўзбярэжжы Антарктыды паміж пунктамі з каардынатамі 66°12′ пд. ш. 136°11′ у. д. і 66°48′ пд. ш. 142°02′ у. д., ад гэтых пунктаў мяжа ідзе ўглыб кантынента на 2600 км аж да Паўднёвага полюса. Агульная даўжыня берагавой лініі складае каля 350 км. Тэрыторыя займае плошчу звыш 432 тыс. км², якая амаль цалкам пакрыта лёдам.

Узбярэжжа адкрыў у 1840 годзе французскі мараплаўца Жуль Дзюмон-Дзюрвіль (д’Юрвіль) і назваў яго ў гонар сваёй жонкі Адэлі.

З 12 студзеня 1956 года на тэрыторыі дзейнічае пастаянная круглагадовая французская навукова-даследчая палярная станцыя Дзюмон д’Юрвіль, размешчаная на антарктычным узбярэжжы з каардынатамі 66°40′ пд. ш. 140°01′ у. д., насельніцтва складае 33 чалавекі зімой і да 78 чалавек летам. Першая ж французская станцыя Порт-Марцін была заснавана 9 красавіка 1950 года ў кропцы з каардынатамі 66°49′04″ пд. ш. 141°23′39″ у. д., але была знішчана пажарам у ноч з 23 на 24 студзеня 1952 года. Зімовае насельніцтва Порт-Марціна складала 11 чалавек у 1950 і 17 чалавек у 1951 гадах.

У Францыі таксама была яшчэ адна палярная база — станцыя Шарко, размешчаная ў глыбіні кантынента на антарктычным ледзяным шчыце на вышыні 2400 м, за 320 км ад станцыі Дзюмон д’Юрвіль, каардынаты 69°22′ пд. ш. 139°01′ у.д. Станцыя была адкрыта ў 1957 годзе напярэдадні Міжнароднага геафізічнага года і праіснавала да 1960 года. Персанал станцыі складаўся ўсяго з трох чалавек. База ўяўляла сабой укапаныя ў снег (для абароны ад моцных вятроў) будынкі.

Зямля Адэлі з двух бакоў мяжуе з Аўстралійскай антарктычнай тэрыторыяй, а менавіта з Берагам Клары (частка Зямлі Уілкса) на захадзе і з Зямлёй Георга V на ўсходзе.