Зіновій Ісакавіч Гарбавец
Зіновій Ісакавіч Гарбавец | |
---|---|
Дата нараджэння | 5 (17) мая 1881 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 31 кастрычніка 1979 (98 гадоў) |
Месца смерці | |
Род дзейнасці | графік, экслібрысіст |
Месца працы | |
Жанр | партрэт, пейзаж |
Вучоба | Чарнігаўскае рэальнае вучылішча, ВМАТЭІН |
Уплыў | У. А. Фаворскі, П. Я. Паўлінаў |
Зіновій Ісакавіч Гарбавец (5 (17) мая 1881, Звэныгародка Кіеўскай губерні (цяпер Чаркаская вобласць), Расія — 31 кастрычніка 1979, Масква) — расійскі і беларускі графік, член Саюза мастакоў СССР, адзін са стваральнікаў беларускай абразной гравюры — ксілаграфіі (дрэварыта).
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзіўся ў працоўнай сям’і. З 1915 года пераехаў у Чарнігаў, дзе вучыўся ў рэальным вучылішчы. Там жа некаторы час займаўся ў народнай студыі выяўленчага мастацтва і прымаў актыўны ўдзел у мастацкім жыцці. Па заканчэнні заняткаў у студыі некаторы час выкладаў малюнак у чарнігаўскай сярэдняй школе. У 1919 годзе вярнуўся на радзіму, у Звянігародку, дзе стаў выкладаць малюнак дзецям-сіратам. У 1923 годзе пераехаў у Беларусь. У 1923—1924 выкладаў у паліграфічнай школе Мінскага паліграфічнага камбіната. У лістападзе 1924 года атрымаў пасаду выкладчыка малюнка у Віцебскім мастацкім тэхнікуме. Сярод яго вучняў былі вядомыя ў будучыні мастакі Заір Азгур, Мікола Гусеў, Раман Семашкевіч, Валянцін Дзежыц, Андрэй Бембель, Мікола Пашкевіч.
Састаяў членам Віцебскага абласнога таварыства краязнаўства.
У сярэдзіне 1925 года дырэктар тэхнікума Міхаіл Керзін паведаміў мастаку аб тым, што, з прычыны закрыцця яго курсаў, з новага навучальнага года ён будзе звольнены са службы. Ні апеляцыя ў Трацейскі суд пры Віцебскім акруговым аддзеле працы, ні станоўчая экспертыза на прафпрыдатнасць з удзелам аўтарытэтнай камісіі, ні падтрымка з боку прафсаюза работнікаў мастацтва, пракуратуры, народнага суда не дапамаглі мастаку дамагчыся справядлівасці і аднавіцца на пасадзе выкладчыка тэхнікума. Таму ўжо восенню 1925 года ён быў вымушаны ўладкавацца настаўнікам у школе. А праз год стаў выкладчыкам Віцебскага педагагічнага тэхнікума[1]. У 1928 годзе пры мастацкім тэхнікуме былі адкрыты курсы малюнка для рабочых і чырвонаармейцаў. Зіновія Гарбаўца ўзялі на пасаду кіраўніка гэтых курсаў, дзе займалася больш за паўсотні моладзі. Там ён прапрацаваў да свайго ад’езда ў Маскву ў 1929 годзе.
Болей у Беларусь не вяртаўся. У 1929 — 1931 гг. вучыўся ў ВМАТЭІН, дзе яго настаўнікамі былі вядомыя расійскія мастакі Уладзімір Фаворскі і Павел Паўлінаў. З 1931 года выкладаў у Маскоўскім рэдакцыйна-выдавецкім тэхнікуме.
Творчасць
[правіць | правіць зыходнік]У 1926 годзе вядомы краязнаўца Мікола Каспяровіч прывёў Гарбаўца ў Віцебскае акружное таварыства краязнаўства, каб той прыняў удзел у выхадзе ў свет унікальнага выдання — кнігі нямецкага мастацтвазнаўцы Альберта Іпеля «Беларускае мастацтва». Зіновій Гарбавец пераклаў кнігу на рускую мову, а Каспяровіч з рускай мовы — на беларускую. Гэтая кніга стала адным з першых выданняў пра беларускае мастацтва. Зіновій Гарбавец аформіў выданне малюнкамі для вокладкі і тытульнага аркуша. Таксама ўпрыгожыў графічнымі кампазіцыямі два выпускі краязнаўчага зборніка «Віцебшчына».
У 1927 годзе ў выдавецтве «Камінтэрн» тыражом 75 асобнікаў выйшла ў свет 44-х старонкавая кніга «З. И. Горбовец. Гравюры на дереве»[2]. Прадмову напісаў Усевалад Воінаў, тэкст — Іван Фурман. У кнізе было прадстаўлена 10 гравюр Зіновія Гарбаўца. Як сведчыць Барыс Крэпак (мастацтвазнаўца і даследчык творчасці Зіновія Гарбаўца):
На сённяшні дзень захавалася некалькі асобнікаў, адзін з якіх — з аўтографам мастака на пярэднім форзацы: «Глубокоуважаемому Дмитрию Ермолаичу Блохину от автора гравюр Зиновия Горбовца. 12 августа 1929 г. Москва». Дарэчы, гэтае выданне да сённяшняга дня з’яўляецца ці не адзіным у нашай краіне альбомам абразных гравюр, створаных адным майстрам[3].
У лістападзе 1927 года разам з Саламонам Юдовіным, Меерам Аксельродам і Акімам Шаўчэнкам браў удзел у выстаўке «Гравюра СССР за 10 гадоў», якая адбылася ў маскоўскім Музеі прыгожых мастацтваў. У экспазіцыі былі прадстаўлены ксілаграфіі настаўніка Гарбаўца — Паўла Паўлінава, а таксама творы вядучых савецкіх майстроў таго часу: Арыстарха Лентулава, Яўгена Лансерэ, Роберта Фалька і іншых. Па словах Барыса Крэпака,
у 1920-я Віцебск нароўні з Ленінградам і Масквой стаў адным з цэнтраў развіцця мастацтва савецкай ксілаграфіі, і ў гэтую «палітру» сваю ноту ўнёс і Зіновій Гарбавец[3]
.
Вядомыя творы
[правіць | правіць зыходнік]- 1924 — лінагравюра «Партрэт паэта М. І. Готліба»
- 1926 — архітэктурныя пейзажы «Віцебск», «Вадакачка ў Віцебску»;
- 1927 — партрэты віцебскага мастацтвазнаўцы Івана Фурмана, навукоўца-заатэхніка У. І. Авітоўскага, партрэт дзяўчынкі з кнігай;
- 1933 — партрэты паэтаў Уладзіміра Лугаўскога, Эдуарда Багрыцкага, Яраслава Смелякова, Барыса Пастэрнака, Міколы Бажана;
- 1965 — лінагравюра «Выгляд з акна»;
- 1966 — лінагравюра «Аўтапартрэт»;
Таксама ілюстраваў шэраг літаратурных выданняў, у тым ліку паэмы «Маё жыццё» Уладзіміра Лугаўскога і «Застольную песню аб Ганне Дзянісаўне і яе сыне Паўле» С. А. Васільева.
Зноскі
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- И. П. Фурман. З. И. Горбовец. Гравюры на дереве. — 1927. Архівавана 16 студзеня 2021.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Барыс Крэпак. Маэстра абразной гравюры // Культура № 50 (1124) 14.12.2013 - 20.12.2013 г..
- Нарадзіліся 17 мая
- Нарадзіліся ў 1881 годзе
- Нарадзіліся ў Звянігародскім павеце
- Памерлі 31 кастрычніка
- Памерлі ў 1979 годзе
- Памерлі ў Маскве
- Выкладчыкі Віцебскага Народнага мастацкага вучылішча
- Асобы
- Мастакі паводле алфавіта
- Мастакі Беларусі
- Графікі Беларусі
- Мастакі СССР
- Мастакі Украіны
- Графікі Украіны
- Краязнаўцы Беларусі
- Нарадзіліся ў Чаркаскай вобласці
- Экслібрысісты Беларусі