Зіўсудра

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Зіўсудра
Fragment of the Babylonian flood story Epic of Atrahasis, Akkadian, Mesopotamia, First Dynasty of Babylon, reign of King Ammi-saduqa, c. 1646-1626 BC, clay- Morgan Library & Museum - New York City - DSC06597.jpg
Вавілонская таблетка з апавяданнем пра сусветны патоп, 2 тысячагоддзе да н. э.
валадар Шурупака
Міфалогія шумера-акадская
Пол мужчынскі пол
Бацька Убара-туту
У іншых культурах Утнапіштым, Атрахасіс

Зіўсудра́, у акадскай міфалогіі Утнапіштым, Атрахасіс — шумерскі культурны герой, легендарны валадар Шурупака, які перажыў сусветны патоп.

Шумерская міфалогія[правіць | правіць зыходнік]

Аповед пра Зіўсудру ў вершаванай форме на шумерскай мове захаваўся толькі на 1 клінапіснай таблетке з Ніпура, што адносіцца да першай трэці 2 тысячагоддзя да н. э. Прычым, яна дайшла да нашага часу ў пашкоджаным стане, таму некаторыя часткі адсутнічаюць. Таблетка была перакладзена і апублікавана ў 1914 г. Згодна аповеду, богі вырашылі наслаць вялікую паводку, каб знішчыць чалавецтва. Бог Энкі папярэжвае Зіўсудру і прапануе пабудаваць карабель. Пасля лакуны з-за пашкоджання таблетка паведамляе, што бура, насланая багамі, доўжылася 7 дзён. Потым з'явілася сонца, і Зіўсудра прынёс у ахвяру карову і авечку. Пасля заканчэння патопу ён схіляецца перад небам і зямлёю. Ан і Энліль даюць яму неўміручасць і вядуць жыць у Дыльмун.

У лісце шумерскіх валадароў, складзеным, відавочна, ў Ісінскі перыяд (пачатак 2 тысячагоддзя да н. э.), Зіўсудра ўзгаданы як дзевяты, апошні перад сусветным патопам валадар, што кіраваў у Шурупаку пасля Убара-туту на працягу 3600 гадоў. Сыну Убара-туту таксама прыпісваецца больш ранні твор, напісаны каля 2600 г. да н. э., вядомы як «Павучанні з Шурупаку».

Акадская міфалогія[правіць | правіць зыходнік]

У старажытнай Вавілоніі Зіўсудра быў вядомы як Атрахасіс (літаральна «надзвычай мудры»), у Асірыі — як Утнапіштым (літаральна «захавацель жыцця»). У літаратуры на акадскай мове, якая ўжывалася ў гэтых краінах, прапаноўваліся пашыраныя версіі шумерскага аповеда. Так, у вавілонскіх версіях прычынай патопу названа перанаселенасць, якую Энліль спярша імкнецца ўтаймаваць з дапамогай голаду і засухі, што насылаюцца з інтэрвалам прыкладна 1200 гадоў, апісваецца карабель Атрахасіса, абшмараваны бітумам.

У асірыйскай версіі бог Эа сам малюе абрысы вялізарнага карабля на зямлі. Пасля 12 дзён на вадзе Утнапіштым спыняецца на 7 дзён на схілах міфічнай гары Нісір (літаральна «на гары выратавання»). Ён пасылае голуба, ластаўку і крумкача адшукаць сушу. Толькі крумкач бачыць, што вада адступіла, кружыць над сушай, але не вяртаецца. Шчаслівы Утнапіштым выпускае з карабля жывёл і прыносіць ахвярапрынашэнні багам. За гэта багі даюць яму і яго жонке неўміручасць.

Акрамя версій гісторыі пра сусветны патоп Утнапіштым прысутнічае ў акадскіх версіях эпаса пра Гільгамеша, дзе спярша радзіць валадару Урука адмовіцца ад пошукаў неўміручасці, а потым паведамляе пра расліну на дне мора ў краіне Дыльмун, што можа даць Гільгамешу вечнае жыццё. Гільгамеш здабывае расліну, але яе крадзе змяя.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]