Историко-юридические материалы
Гісторыка-юрыдычныя матэрыялы | |
---|---|
руск.: Историко-юридические материалы | |
Жанр | Сборник документов |
Мова арыгінала | Старабеларуская, руская |
Арыгінал выдадзены | 1871 |
Выдавецтва | Тыпаграфія губернскага праўлення |
Гісторыка-юрыдычныя матэрыялы (руск.: Историко-юридические материалы, извлечённые из актовых книг губерний Витебской и Могилёвской) (скар. ГЮМ, руск.: ИЮМ) — найбуйнейшае серыйнае выданне дакументаў па гісторыі усходняй Беларусі XVI—XVIII стст. Выдадзена ў 1871—1906 гг. (вып. 1—32) Віцебскім цэнтральным архівам старажытных актаў. Складальнікі і рэдактары А. М. Сазонаў (вып. 1—16), М. М. Мяшчэрскі і М. Л. Вяроўкін (вып. 17), М. Л. Вяроўкін (вып. 18—26), Дз. І. Даўгяла (вып. 27—32). 3 17-га кожны выпуск мае імянны і геаграфічны паказальнікі. Назвы, змест асобных дакументаў, прадмовы, а таксама першыя 5 вып. пададзены ў перакладзе на рускую мову, астатнія — на мове арыгінала.
Пераважная частка дакументаў выдадзена ўпершыню і датычыцца галоўным чынам сацыяльна-эканамічнаму боку жыцця гарадоў рэгіёна. Большасць іх адносіцца да гісторыі Магілёва (вып. 7—16, 30, 32 і часткова інш.). Сярод дакументаў прыходна-расходныя кнігі магістрата Магілёва за 1583—1716 гг., акты земскіх і гродскіх судоў Віцебска, Мсціслава, Оршы, Полацка за 1534—1789 гг., акты Віцебскага, Магілёўскага і Полацкага магістратаў за 1577—1791 гг., Крычаўскай і Ушацкай магдэбургій за 1662—1771 гг., каралеўскія прывілеі, інвентары і дакументы пра побыт і права Полаччыны і Віцебшчыны за 1506—1781 гг., дакументы Чачэрскага староства за 1629—1726 гг., фундушы, інвентары і дакументы па гісторыі царквы за 1618—1766 гг. і інш. Найбольш цікавыя дакументы пра стварэнне і дзейнасць цэхаў у Магілёве (вып. 8), «Аршанскі гербоўнік» з генеалагічнымі табліцамі і тлумачэннямі (вып. 28), перадрук часопіса езуітаў «Плады духоўныя» («Fructus Spirituaies»), інвентары маёнткаў, падараваных вялікім князем С. Баторыем Полацкай калегіі езуітаў (вып. 19—21), вопіс межаў паміж ВКЛ і Маскоўскім княствам (вып. 3, 4), звесткі пра суднаходства па Заходняй Дзвіне, Уле (вып. 4, 22), па метралогіі, тапаніміцы і гістарычнай геаграфіі Беларусі, дакументы, што тычацца біяграфіі знакамітага падарожніка М. Пржавальскага (вып. 20) і інш.
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Гісторыка-юрыдычныя матэрыялы // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1996. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2.