Каба-Вердэ

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Рэспубліка Каба-Вердэ
República de Cabo Verde
Flag of Cape Verde.svg Герб Каба-Вердэ
Сцяг Каба-Вердэ Герб Каба-Вердэ
Location Cape Verde AU Africa.svg
Дэвіз: «Unidade, Trabalho, Progresso (Адзінства, Праца, Прагрэс)»
Гімн: «Cantico da Liberdade»
Дата незалежнасці 5 ліпеня 1975 (ад Партугаліі)
Афіцыйныя мовы партугальская, кабавердыяну
Сталіца Прая
Найбуйнейшы горад Прая
Форма кіравання Прэзідэнцкая рэспубліка
Прэзідэнт

Прэм'ер-міністр
Жоржы Карлуш Фансека
(Jorge Carlos Fonseca)
Жазэ Марыя Невіш
(José Maria Neves)
Плошча
• Усяго
166-я ў свеце
4033 км²
Насельніцтва
• Ацэнка (2008)
Шчыльнасць

542 000 чал.
102 чал./км²
ВУП
  • Разам (2007)
  • На душу насельніцтва

$2990 млн
$2430
Валюта эскуда Каба-Вердэ
Інтэрнэт-дамен .cv
Код ISO (Alpha-2) CV
Код ISO (Alpha-3) CPV
Код МАК CPV
Тэлефонны код +238
Часавыя паясы -1

Каба-Вердэ, Рэспубліка Каба-Вердэ (РКВ) (парт.: República de Cabo Verde, вымаўляецца ˈrepublika dɨ kabu ˈveɾdɨ) — астраўная дзяржава ў Атлантычным акіяне каля ўзбярэжжа Заходняй Афрыкі. Архіпелаг складаецца з 18 астравоў -- 10 буйных (9 заселеных) і 8 дробных. Тэрыторыя краіны — 4,033 тыс. км².

Topographic map of Cape Verde-by.png

Насельніцтва 485,6 тыс.чал., складаюць мулаты партугала-афрыканскага паходжання (каля 71 %), банту (28 %), еўрапейцы (пераважна партугальцы) — 1 %.

Сталіца — Прая (востраў Сант'ягу), насельніцтва каля 125 тыс. жыхароў.

Нацыянальнае свята — Дзень нацыянальнай незалежнасці — 5 ліпеня. Афіцыйная мова — партугальская, таксама шырока ўжываецца крэольская мова. Асноўную рэлігію -- каталіцтва, вызнае каля 90 % насельніцтва. Грашовая адзінка — эскуда (станам на 2006 год, 1 дол. ЗША каля 85 эскуда).

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Адкрыццё[правіць | правіць зыходнік]

Распаўсюджана думка, што астравы Каба-Вердэ былі вядомыя карфагенскім і арабскім мараплаўцам, а таксама сярэднявечным заходнеафрыканскім здабыўцам солі. Аднак прамых доказаў гэтага няма.

Да XV ст. астравы не згадваліся еўрапейскімі географамі. Толькі ў 1456 годзе партугальскі кароль Афоншу V атрымаў паведамленне навігатараў, партугальца Дыега Гомеша і генуэзца Антоніў ды Нолі, пра адкрыццё бязлюднага вострава на захад ад афрыканскага ўзбярэжжа. Паводле падання, судна навігатараў пацярпела ад буры, таму, узрадаваныя, яны назвалі востраў Боа-Вішта (Цудоўны Выгляд). У наступныя некалькі гадоў былі даследаваны іншыя астравы. Партугальскія картографы злучылі іх пад адзінай назвай Каба-Вердэ па найменні афрыканскага кантынентальнага мыса на захад ад астравоў.

Каланіяльны перыяд[правіць | правіць зыходнік]

Партугальскае ўмацаванне Св. Піліпа ў Сідадзі-Велья

У 1462 годзе з'явілася першае партугальскае паселішча Рыбейра-Грандэ (зараз Сідадзі-Велья) на востраве Санцьягу. У 1463 годзе астравы Каба-Вердэ афіцыйна абвешчаны ўладаннем Партугальскай Кароны. Пэўны час новыя тэрыторыя былі месцам высылкі непажаданых асоб, у тым ліку арыстакратычнага паходжання. Да пачатку XVI ст. пераважала дробная плантацыйная гаспадарка, заснаваная на жывёлагадоўлі і вырошчванні бавоўны і цукровага трыснягу. Праз недахопу таннай працоўнай сілы з 1466 года плантатары ўвозілі афрыканскіх неграў-рабоў.

Паводле рапарта, у 1513 годзе на астравах жыло 162 чалавекі, у тым ліку 130 еўрапейцаў (партугальцаў, галісійцаў і італьянцаў) і толькі 32 негры. Але пасля адкрыцця Амерыкі і ўзнікнення буйных плантацый на поўдні Бразіліі і Антыльскіх астравах Каба-Вердэ ператварыліся ў транзітную базу для гандляроў чарнаскурымі рабамі. Гандаль рабамі і каланіяльнымі таварамі спрыяў хуткаму асваенню незаселеных зямель.

Ужо ў 1582 годзе насельніцтва складала 16000 чалавек, у тым ліку 14000 неграў. Большасць нявольнікаў паходзіла з Гвінейскага ўзбярэжжа, яны розніліся гендэрам, прававым станам, заняццямі і мовай. Большасць аселых рабоў прымусова працавала на плантацыях, але былі таксама рабы-слугі, пастухі, рыбаловы, падмайстры, якія мелі адносную свабоду, уласнасць і нават зброю.

Змяніўся і статус астравоў. Яны сталі цэнтрам уладанняў Партугаліі ва ўсёй Заходняй Афрыцы. У 1550 годзе была створана пасада намесніка караля, двор якога знаходзіўся на востраве Санцьягу.

Багацці партугальскіх пасяленцаў вабілі піратаў. Найбольш вядомыя пірацкія акцыі – рабаванне Рыбейра-Грандэ англійскім капёрам Фрэнсісам Дрэйкам у 1585 годзе і французскае ўварванне на Санцьягу ў 1712 годзе.

Да пачатку XVIII ст. партугальцы паступова страцілі вызначальную ролю ў трансатлантычным гандлі, што абумовіла адток насельніцтва з астравоў і пераарыентацыю эканомікі на сельскую гаспадарку. Экстэнсіўныя формы земляробства і засухі (падчас засухі 1685–1689 гадоў загінула каля 4000 чалавек, у 1773–1775 гадах ад галода памерла каля 28000 чалавек) прывялі да пераразмеркавання зямлі на карысць буйных землеўладальнікаў. Але класічная буйная плантацыйная гаспадарка з-за складаных кліматычных умоў і неўстойлівых коштаў на бавоўну таксама не прыжылася. Таму землеўладальнікі былі вымушаны перадаваць дробныя надзелы ў карыстанне рабам ці ў арэнду вольным пасяленцам.

У XIX ст. вытворчасць таварных культур (бавоўны, тытуню, цукровага трыснягу) паступова пачала саступаць месца вырошчанню зерневых, бабовых, садавіны і гародніны. Важную ролю адыгрывалі марскі промысел, здабыча пемзы і солі, рамонт і абслугоўванне суднаў. Пасля адмены рабства і дазволу на абслугоўванне брытанскіх караблёў галоўны эканамічны цэнтр на некалькі дзесяцігоддзяў перамясціўся ў порт Міндэлу на востраве Сан-Вісенці, хаця адміністрацыйным цэнтрам з 1770 года была Прая на востраве Санцьягу.

У 2-й палове XIX – пачатку. ХХ ст. партугальскія ўлады праводзілі рэформы ў сваіх каланіяльных уладаннях, што адбілася на становішчы Каба-Вердэ: з 1863 года развівалася прымусовая эміграцыя ў іншыя афрыканскія калоніі (галоўным чынам на востраў Прынсіпі для працы на плантацыях какавы); у 1878 годзе адменена рабства; у 1879 годзе адменена заходнеафрыканскае намесніцтва, у выніку вылучылася Партугальская Гвінея (цяпер Гвінея-Бісау), а астравы Каба-Вердэ былі падпарадкаваны непасрэдна метраполіі; у 1910-я гады прадпрымаліся меры аднаўлення таварнай гаспадаркі – вырошчання на продаж бананаў, ананасаў, кавы і г. д.

Шлях да незалежнасці[правіць | правіць зыходнік]

Лагер у Тарафале (сучасны выгляд)

Пасля ўсталявання ў 1926 г. у Партугаліі дыктатуры Антоніў ды Алівейры Салазара эканамічнае і прававое становішча астравіцян пагоршылася. Пад час засухі 19451949 гг. ад галоднай смерці памерла каля 30000 чалавек. Каля мястэчка Тарафал на Санцьягу дзейнічаў концлагер, у якім утрымоўваліся палітычныя вязні з Партугаліі і іншых калоній. З-за высокай смяротнасці яго параўноўвалі з падобнымі ўстановамі ў нацысцкай Германіі. У 1951 г. пад ціскам нацыянальных рухаў у Анголе і Мазамбіку партугальскі ўрад зноў правёў рэформы. Каба-Вердэ атрымалі статус заморскай правінцыі з унутраным самакіраваннем. У 1972 г. яны атрымалі ўнутраную аўтаномію.

Нацыянальны рух Каба-Вердэ пачаў дзейнічаць толькі ў другой палове ХХ ст. Гэта тлумачыцца адноснай ізаляванасцю астравоў, нізкім узроўнем пісьменнасці насельніцтва і прысутнасцю моцнага партугальскага ваеннага і паліцэйскага кантынгенту. Пачынальнікамі нацыянальнага руху сталі каба-вердыйцы, працаваўшыя за межамі Каба-Вердэ. У 1960 г. была створаная Афрыканская партыя незалежнасці Гвінеі-Бісау і Каба-Вердэ (ПАІГК) на чале выхадца з Каба-Вердэ, Амілкара Кабрала (19241973 гг.). Пасля яго забойства партыю ўзначаліў Арыстыдаш Перэйра. З самага пачатку ПАІГК арыентавалася на марксісцкую ідэалогію. У праграме абвяшчалася культурная і гістарычная еднасць Гвінеі-Бісау і Каба-Вердэ. ПАІГК вяла ўзброеную барацьбу супраць партугальцаў на тэрыторыі Гвінеі-Бісау. Акрамя таго, палітычныя групы эмігрантаў з Каба-Вердэ існавалі ў Сенегале і ЗША.

Пасля звяржэння дыктатуры ў Партугаліі 25 красавіка 1974 г. актывізаваўся палітычны рух на астравах. Адбыліся выступленні ў Прае, Тарафале і Асамадзе. Былі створаныя палітычныя партыі Саюз народаў астравоў Каба-Вердэ і Дэмакратычны саюз астравоў Каба-Вердэ. Члены ПАІГК працягвалі дзейнічаць у Каба-Вердэ нелегальна. Але ў сувязі з небяспекай ПАІГК на кантыненце партугальскі ўрад вёў перагаворы менавіта з гэтай партыяй. У верасні 1974 г. партугальцы фактычна прызналі незалежнасць Гвінеі-Бісау. 19 снежня 1974 г. у Лісабоне была падпісаная дамова паміж партугальскім урадам і ПАІГК аб стварэнні пераходнага ўрада Каба-Вердэ і падрыхтоўцы выбараў у Нацыянальную народную асамблею. На выбарах 30 чэрвеня 1975 г. ПАІГК перамагла. Яе кандыдаты занялі ўсе дэпутацкія пасады. 5 ліпеня 1975 г. Нацыянальная народная асамблея абвясціла незалежнасць Рэспублікі Каба-Вердэ. Першым прэзідэнтам стаў А. Перэйра.

Перыяд незалежнасці[правіць | правіць зыходнік]

Помнік А. Кабралу ў Прае

З 1975 г. ПАІГК была правячай партыяй адначасова ў дзвюх дзяржавах, таму яе палітыка арыентацыі на сацыялізм і ўсталяванне аднапартыйнай сістэмы праводзілася з улікам інтарэсаў урада Гвінеі-Бісау. Але ў 1980 г. у выніку ваеннага правароту гвінейская частка ПАІГК фактычна перастала ўзгадняць сваю дзейнасць з Каба-Вердэ. У гэтай сувязі астраўная частка ПАІГК была ператвораная ў Афрыканскую партыю незалежнасці Каба-Вердэ (ПАІКВ). На І з'ездзе ПАІКВ канстатавалася, што партыя "кіруе і накіроўвае грамадства і дзяржаву". У 1982 г. Нацыянальная народная асамблея прыняла першы чатырохгадовы план развіцця гаспадаркі.

Пераход да планавай эканомікі меў супярэчлівыя вынікі. Дзякуючы знешняй падтрымцы (у тым ліку з боку ААН і СССР) была пашыраная сетка адукацыйных устаноў, пабудаваныя новыя прамысловыя і транспартныя прадпрыемствы. Аднак гэта прывяло да вялізарнай вонкавай запазычанасці (400 млн долараў у 1986 г.), скарачэнню вытворчасці таварных сельскагаспадарчых культур, міграцыі працаздольнага насельніцтва з вёскі ў гарады і, як вынік, павелічэнню рэчаіснага беспрацоўя. У другой палове 1980-ых гг. узровень жыцця значна знізіўся. Пад уплывам пераўтварэнняў у краінах Усходняй Еўропы апаненты ПАІКВ запатрабавалі лібералізацыі.

У 1990 г. была адмененая аднапартыйная сістэма. На выбарах 1991 г. перамогу атрымаў апазіцыйны Рух за дэмакратыю. Яго прадстаўнікі здолелі стабілізаваць фінансавую сістэму, прыцягнуць знешнія інвестыцыі, развіць сферы абслугоўвання і турызму. Але ўзровень жыцця застаўся на нізкім узроўні, вырасла колькасць эмігрантаў.

У 2001 г. ПАІКВ зноў атрымала большасць на выбарах. Яе старшыня і прэзідэнт рэспублікі П. Пераш абяцаў працягваць рэфармаванне эканомікі з улікам вырашэння сацыяльных праблем. У вострым палітычным канфлікце 2002 г. з-за паправак у бюджэт паміж урадам і апазіцыяй Вярхоўны суд прыняў бок апазіцыйных палітыкаў.

Прырода і геаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Астравы Каба-Вердэ (выгляд з космасу)

Астравы[правіць | правіць зыходнік]

Архіпелаг Каба-Вердэ мае вулканічнaе паходжанне, размяшчаецца на шырокім падводным вулканічным плато, агульнай плошчай звыш 70 тыс. кв. км. Рэльеф астравоў гарысты. Берагі звілістыя. Глыбіня акіяну каля астравоў часам дасягае 1000 м.

Ён складаецца з 10 адносна буйных і 15 невялікіх астравоў і скал. Агульная працягласць берагавой лініі - 1053 км. У залежнасці ад становішча ў дачыненні да пасатаў астравы падзяляюцца на 2 групы - Барлавенту (Наветраныя) і Сатавенту (Падветраныя).

Дзякуючы паходжанню і кліматычным умовам кожны буйны востраў мае непаўторны ландшафт, эканамічную інфраструктуру і этнакультурныя асаблівасці.

Клімат[правіць | правіць зыходнік]

Кліматтрапічны пасатны, вельмі сухі і спякотны. Сярэднемесячныя тэмпературы 22 — 27 °C. Штогадовая колькасць ападкаў 100—250 мм.

Кліматычныя ўмовы ў значнай ступені залежаць ад сезонных пануючых ветраў. Паўночна-ўсходнія пасаты прыносяць сухое і халоднае паветра. З кастрычніка па чэрвень з Сахары дзьмуць усходнія спякотныя вятры харматан, якія часам фарміруюць пылавую смугу. Са жніўня па кастрычнік пануюць вільготныя паўднёвыя і паўднёва-заходнія ветры. У жніўні і верасні паветра вельмі душнае, дзённая тэмпература падымаецца да 36 градусаў і вышэй, а ноччу падае да 18 - 20 градусаў. Найбольш халодная пара ў студзені і лютым.

Халодная Канарская плынь таксама моцна ўплывае на мясцовы клімат. Яна астуджае паверхневыя воды акіяна і паветра над астравамі. У чэрвені Канарская плынь адступае на поўнач. Затое з поўдня набліжаецца цёплая Гвінейская плынь. Прыбярэжныя воды награваюцца да 24 - 28 градусаў.

Малая колькасць ападкаў стварае сталыя праблемы з забеспячэннем вадой. Найбольшая частка вільгаці прыпадае на высокія астравы, дзе хмары затрымоўваюцца гарамі. Але ападкі размеркаваны сезонна, часцяком у выглядзе кароткіх але моцных ліўняў, так што за дзень-два можа вылліца палова сярэднягадавой нормы. Ліўні фарміруюць рэчышчы, якія запаўняюцца вадою толькі ў вільготны сезон. Засухі цягнуцца 5 - 10 і болей гадоў.

Карысныя выкапні[правіць | правіць зыходнік]

Карысныя выкапні - вапняк, галіт, базальт, белая лава, пемза, пуцалан.

Глебы[правіць | правіць зыходнік]

Для паверхні ў той ці іншай ступені характэрныя скальныя выступы. Глебы - ў асноўным багатыя трапічныя чырвоназёмы, але з-за недахопу вады ў сельскагаспадарчай вытворчасці многія землі не выкарыстоўваюцца. На адкрытых для ветру раўнінах, дзе развіваецца эрозія, можна бачыць самотны пустынны ці паўпустынны пейзаж: стромыя голыя скалы, шэрыя глебы, пясок або камяні. Урадлівы пласт хутка выносіцца ветрам. Толькі ў вільготны сезон раўніны пакрываюцца расліннасцю.

Раслінны і жывёльны свет[правіць | правіць зыходнік]

Лес на востраве Фогу

Раслінны свет наогул бедны. На паўночных схілах гор сустракаюцца невысокія дрэвы бамбардэйра з шырокім мясістым лісцем. Іх сок выкарыстоўваюць у якасці лека. Натуральныя лясы захаваліся толькі ў горных раёнах, асабліва на поўначы Фогу. Большасць астатніх насаджэнняў мае штучны характар. Ля крыніц вады часта саджаюць какосавую і фінікавую пальму, у населеных пунктах - акацыі, садовыя дрэвы, трыснягі і хмызняк.

Да з'яўлення еўрапейцаў на астравах не было сысуноў. Нават птушыны свет быў бедным. Перасяленцы прывезлі з сабою трусоў, малпаў, пацукоў і мышоў, якія хутка распладзіліся. Звычайнымі сталі аслы, каровы, коні, свінні. У гарах трымаюць буйвалаў. Вельмі шмат насякомых. Прыбярэжныя воды насяляюць самыя розныя рыбіны, у тым ліку прамысловыя. Сустракаюцца розныя віды акул, марскія чарапахі, лангусты.

Дзяржаўны лад[правіць | правіць зыходнік]

Будынак Нацыянальнага сходу

РКВ — прэзідэнцкая рэспубліка. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт Жоржы Карлуш Фансека. Апошнія па часе выбары адбыліся 9 верасня 2011 г.

Выканаўчая ўлада належыць ураду, які валодае досыць шырокімі паўнамоцтвамі і складаецца з 14 міністраў і 6 дзяржсакратароў. Прэм'ер-міністр Жазэ Марыя Невіш, які выконвае свае абавязкі з 2001 г.

Нацыянальны сход (аднапалатны парламент) складаецца з 72 дэпутатаў, якія маюць 5-гадовы мандат.

У РКВ дзейнічае шэсць палітычных партый: Афрыканская партыя незалежнасці Каба-Вердэ (ПАІКВ), Рух за дэмакратыю (МПД), Дэмакратычная партыя (ПКД), Сацыял-дэмакратычная партыя (ПСД), Партыя працы і салідарнасці (ПТС) і Хрысціянска-дэмакратычная партыя (УСІД-ПКД).

Сімволіка[правіць | правіць зыходнік]

Эканоміка[правіць | правіць зыходнік]

Вулічны гандаль

Эканоміка развіта слаба, найперш праз брак прыродных рэсурсаў і неспрыяльны клімат. Паводле класіфікацыі ПРААН Каба-Вердэ займае 105-е месца па ўзроўні эканамічнага развіцця. Агульны аб'ём ВУП у 2006 склаў 690 млн дол. ЗША, што на 6,5 % болей за 2005 год. Доля сельскагаспадарчай вытворчасці ў ВУП — каля 10 %, прамысловасці — у межах 16 %, на сферу паслуг, уключна з гандалем і турызмам, прыпадае да 74 %. Прыбытак на душу насельніцтва ў 2006 — 2181 дол. ЗША. Інфляцыя ў 2006 годзе склала 5,6 %. Знешняя дзяржаўная запазычанасць склала 53 % ад агульнай сумы (835 млн дол. ЗША). Аб'ём дзяржбюджэту ў 2006 -- 561 млн дол. ЗША.

Асноўным фактарам, які вызначае жыццяздольнасць эканомікі, па-ранейшым застаецца значная бязвыплатная замежная дапамога, а таксама ільготныя крэдыты і паступленні валюты з-за мяжы ад кабавердэанскай дыяспары. Пры гэтым аб'ём замежных інвестыцый у эканоміку краіны за 2006 год склаў каля 60 млн дол. ЗША, накіраваных на будаўніцтва інфраструктуры (дарогі, сеткі электра- і водазабеспячэння, вадасховішчы).

Сельская гаспадарка нізкапрадукцыйная (у краіне вырабляецца да 30 % неабходных сельгаспрадуктаў). Вырошчваюць цукровы трыснёг, бананы, каву, клешчавіну, кукурузу, бульбу, фасолю, маніёк, таматы і садавіну ў асноўным на землях з арашэннем. У сельскай гаспадарцы занята каля 50 % працаздольнага насельніцтва. Плошча культываваных земляў 42 тыс. га (10 % агульнай плошчы архіпелага). Больш за 80 % харчавання імпартуецца або пастаўляецца як гуманітарная дапамога. У рыбалоўстве (6 % ВУП) занята 3 % актыўнага насельніцтва краіны. Асноўная частка морапрадуктаў экспартуецца ў краіны Еўропы.

Прамысловасць развіта слаба (16 % ад ВУП краіны) і сканцэнтраванаяна трох астравах -- Санцьягу, Сан-Вісэнці, Сал (каля 80 % прадпрыемстваў). Ёсць прадпрыемствы харчовай, тэкстыльнай, абутковай прамысловасці, будаўнічых матэрыялаў. Дзейнічае таксама нацыянальная авіякампанія, будаўнічыя, аўта- і суднарэмонтныя прадпрыемствы. Здабываюць соль (астравы Сал і Майю), пуцалан (Майю), гліну, базальт.

Знешнегандлёвае абарачэнне ў 2006 склала 551,4 млн дол. ЗША, што на 25 % вышэй за 2005 год. Асноўныя артыкулы экспарту — гарбарныя вырабы (абутак -- больш за 50 %), морапрадукты, тэкстыльныя вырабы. Каля 26 % імпарту прыпадае на харчаванне. Таксама імпартуюць электратэхнічнае абсталяванне (17,35 %), энерганосьбіты (9,9 %).

Найбольш актыўныя гандлёва-эканамічныя сувязі падтрымліваюць з Партугаліяй (на яе долю прыпадае 49,7 % экспарту і 31 % імпарту), Нідэрландамі, ЗША, Германіяй, Іспаніяй, Францыяй.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]