Кабінетныя багі і духі беларускай міфалогіі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Кабінетныя багі і духі беларускай міфалогіі — міфічныя істоты, якія ніколі не існавалі ў вераваннях насельніцтва Беларусі, а былі свядома выдуманы ці памылкова вызначаны этнографамі і фалькларыстамі. Слова «кабінетныя» азначае тое, што яны нарадзіліся як бы ў кабінетах навукоўцаў, а не ў рэальнай народнай свядомасці.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

ХІХ стагоддзе[правіць | правіць зыходнік]

Павел Шпілеўскі (псеўданім Древлянский) займаўся даследваннем беларускай міфалогіі і фальклору ў 1-й траціне ХІХ ст. 23-гадовы аматар, ён ставіўся да сваёй працы непрафесійна, «ствараючы» імёны ніколі не існавалых багоў з беларускіх слоў і фразеалагізмаў. А. Тапароў, Т. Іванова, Л. Лапцеў і Е. Леўкіеўская прыйшлі да высновы, што значная, калі не параважная частка з 52 пазначаных ім духаў і багоў — па сутнасці, плён яго фантазіі. Назвы калектыўнай працы ці каляндарных тэрмінаў (каляда, талака, шчадрэц, купала) ці назвы прыродных з’яў (жыж, зюзя, знічка) у Шпілеўскага ператварыліся ў багоў. Шэраг іншых згаданых ім персанажаў — гарцукі, Дзявоя, Меша, Паляндра, Жыцень, Жытняя Баба, Кумяльган, Бордзя, Любмел, Цёця — не згадваюцца болей ні ў якіх крыніцах, іх не здолеў зафіксаваць ніводны пазнейшы фалькларыст. Адам Кіркор таксама падазраваўся ва ўласнай міфатворчасці (яго «бог» Бялун мог быць кантамінацыяй рысаў палевіка і ахоўніка кладаў).

ХХ стагоддзе[правіць | правіць зыходнік]

Кабінетныя багі і духі Шпілеўскага і Кіркора аказаліся вельмі жывучымі. На іх грунтаваліся нядаўнія, карыстаныя нават сёння выданні па беларускай міфалогіі (напрыклад, зборнік У. Васілевіча «Зямная дарога ў вырай»), многія дзіцячыя энцыклапедыі. Алесь Шамак, аўтар працы «Міфалогія беларусаў», выкарыстоўвае непацверджаныя звесткі П. Шпілеўскага і нават сам абвінавачваецца ва ўласнай фальсіфікацыі[1]. Максім Знак заўважае, што такія персанажы, як Бабар, Бадзюля, Зазоўкі, Хіхітун, Сербай, Цыгра, «усплылі» ў літаратуры ў апошнія дзесяцігоддзі, і чамусьці не былі зафіксаваныя ніводным даследчыкам ХІХ — пачатку ХХ стст[2]. М. С. Кацар, даследчык беларускіх арнаментаў, тлумачыць многія народныя ўзоры праз вобразы і катэгорыі, запазычаныя ў П. Шпілеўскага.

Тым не менш, вобразы Жыжаля, Зюзі (як, аднак, мог існаваць як духі сцюжы, а не як боства), Жытня развіваліся, з’яўляліся нават на ілюстрацыях беларускіх мастакоў (Валерыя Славука, Паўла Татарнікава). Фактычна, сёння яны ператварыліся ў паўнавартасных міфалагічных істот, якія, аднак, з’яўляюцца элементамі неаміфалогіі і не маюць нічога агульнага са старажытнымі вераваннямі беларусаў.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]