Кагальны роў

Кагальны роў — верхняя частка яра ў цэнтральнай частцы Гомеля, колішняга рэчышча ручая Гамяюк. Адасоблены ад нізоўя яра вуліцай Пралетарскай. На сёння захаваўся невялікі яго ўчастак — зарослая дрэвамі, хмызам і травой нізіна.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Як паказваюць раскопкі, у XII-XIII стст. на правым беразе Гамеюка існавала сядзіба мясцовага феадала. Таксама ў наваколлях яра размяшчаўся «паўднёвы» пасад старажытнага Гомеля. Як мяркуе гомельскі археолаг Алег Макушнікаў, частка гэтага паселішча была заселена гарадской беднатой[1]. Пасля татара-мангольскага уварвання, жыццё тут замерла, і як паказваюць археалагічныя раскопкі, пачало адраджацца толькі ў XVIII-XIX стагоддзях[2]. Ад здаўна вядомай у беларускай моўнай практыцы лексемы «кагал»[3][4], якой абазначалася яўрэйская грамада, меркавана і ўзнікла назва «Кагальны роў», што ўказвала на склад жыхароў гэтай мясцовасці. Зрэшты, дакладны час узнікнення гэтай назвы яшчэ мае быць высветлены. Філолаг і краязнавец Аляксандр Рогалеў лічыць, што азначэнне «кагальны» тут, хоць і паходзіць ад слова «кагал», але не ў асноўным, а ў пераносным значэнні — «шумны натоўп, зборышча»[5].
Прынамсі, да канца ХІХ ст. мяцовасць магла па-ранейшаму ўспрымацца гомельцамі як частка Гамеюка і называцца адпаведна. На гэта ўказваюць сведчанні Л. Вінаградава (1900 г.) пра змены гарадской прасторы цягам ХІХ ст.: калі ў 1840-я гг. Гамяюк (маецца на ўвазе менавіта яго верхняя частка), парослы хмызняком, выкарыстоўваўся жыхарамі як выган для коней, то на 1900 г. тут знаходзілася «некалькі сотняў домікаў»[6].
Уладзімір Багараз-Тан адзін з разделаў свайго дакументальнага нарыса «Гомельскія сілуэты» (1904 г.) прысвяціў жыхарам Кагальнага рову, называючы яго проста «Ровъ» ці на нібыта беларускі манер «Рой»[7]. Яр апісваўся ім як крайне занядбаная мясціна, дзе пануюць гразь, бруд і галеча, адсутнічае планіроўка[8]:
«У Рове не было ні вуліц, ні падворкаў, толькі бязгладнае награмаджэнне паўразбураных жытлаў, і ўсе праходы паміж імі былі залітымі суцэльнай плынню цёмна-шэрай гразі, густой, быццам мёд, і замешанай, быццам найлепшае цеста для бліноў».Арыгінальны тэкст (руск.)«Во Рву не было ни улиц, ни дворов, только беспорядочная куча полуразрушенных жилищ, и все проходы между ними были залиты сплошным потоком темно-серой грязи, густой как мед, и вымешенной как лучшее тесто для блинов».
Адно з паліцэйскіх данясенняў часоў першай расійскай рэвалюцыі ад 2 (15) лютага 1906 г. аб правядзенні ў Гомелі павальнага вобшуку «на прадмет адабрання зброі» фіксуе назву «Кагальны Роў» («Кагальный Ровъ»)[9]. Е. Раманаў (1910 г.) сярод арыенціраў у апісанні граніц колішняга гомельскага гарадзішча ўказаў роў, называны «Жыдоўскім» («Жидовскимъ»)[10]. На гарадскіх планах 1910 і 1913 г., нягледзчы на існаванне лакальных назваў мясцовасці, яна была пазначана як «Оврагъ» (яр)[11][12]. Пазбеглі выкарыстання тапонімаў у дачыненні да гэтай мясцовасці і аўтары прысвечанага Гомелю краязнаўчага нарыса 1911 г. — яр згадваецца ў ім як «вядомы гомельскі роў» («извѣстный гомельскій ровъ»)[13]. Прызнаючы непраглядную галечу яго жыхароў і іх вымушанасць туліцца ў паўразваленых халупах, краязнаўцы, аднак, не ўдакладнілі, што роў быў населены пераважна яўрэямі[13]. Практыка намінацыі азначанай мясцовасці Ровам была характэрна і для тагачаснай прэсы Гомеля. Прывядзем пачатак аднаго з тыповых паведамленняў газеты «Полесье» (1912 г.)[14]:
«Жыхар Рова, д. №33, Герцэль Ціценскі 2 красавіка пайшоў з дому і дагэтуль не вяртаўся».Арыгінальны тэкст (руск.)«Живущий во Рву, д. №33, Герцель Титенский 2 апреля ушел из дому и до сих пор не вернулся».
У пачатку XX стагоддзя Кагальны роў выглядаў як тры вялікія яры паміж сучаснымі вуліцамі Пралетарскай, праспектам Леніна, Інтэрнацыянальнай, і якія трохі не даходзілі да вуліцы Гагарына. З гэтых вуліц у роў вяло некалькі ўваходаў. Паміж ярамі знаходзіўся чыгуналіцейны і машынабудаўнічы завод М. Фруміна і сыноў, дзе станам на 1911 г. працававала 38 рабочых[15]. З-за панаваўшай тут антысанітарыі і адсутнасці каналізацыі тут адбываліся ўспышкі халеры і тыфу[16].
У ноч з 18 на 19 жніўня 1917 г. Кагальны Роў з усімі забудовамі затапіла моцнымі дажджамі. Гарадское самакіраванне мусіла выдаць пацярпелым домаўладальнікам па 300 рублёў дапамогі[17].
У час рэвалюцыіі 1905—1907 гг. тут праходзілі мітынгі, існавала майстэрня па вырабу бомбаў. У 1918 годзе, падчас нямецкай акупацыі Гомеля, на тэрыторыі Кагальнага рова адбыўся з'езд партызанаў і падпольшчыкаў Палесся, арганізаваны Гомельскім рэўкомам[16].
У 1950 годзе галоўны архітэктар Гомеля Чарнышоў прадставіў новы Генеральны план развіцця горада, які заклаў асновы яго сучаснага аблічча. У Кагальным рове планавалі стварыць Цэнтральны гарадскі стадыён, відавочна, выкарыстаўшы яго натуральныя схілы як трыбуны. На 38 гектараў, перашагнуўшы вуліцу Пралетарскую, пашыраўся парк Луначарскага. Але гэтыя планы не былі рэалізаваны[16].
Большая частка Кагальнага рову была забудавана новымі карпусамі Станкабудаўнічага завода імя Кірава. Замест стадыёна ў 1961 годзе быў пабудаваны Палац спорту. Не сталі засыпаць толькі самую глыбокую частку Кагальнага рову[16].
Галерэя
[правіць | правіць зыходнік]-
Забудова Кагальнага рову, 1925 г.
-
1933 г.
-
Будынак каля аднаго са схілаў Кагальнага рову.
-
Той жа будынак з боку вуліцы.
Зноскі
- ↑ Макушников, О. А. Гомельское Поднепровье в V — середине XIII вв. : Социально-экономическое и этнокультурное развитие [Текст] : монография О. А. Макушников; М-во образования РБ, Гомельский гос. ун-т им. Ф. Скорины. — Гомель : ГГУ им. Ф. Скорины, 2009. — С. 66, 72.
- ↑ Штеменко, А. И. Некоторые итоги археологического исследования Кагального посада древнерусского Гомия / А. И. Штеменко // Краеведч. записки (к 80-летию Гомельск. обл. краеведч. музея) / Гомельск. обл. краеведч. музей; отв. ред. А. И. Дробушевский. — Гомель. 2000. — С. 79.
- ↑ Гістарычны слоўнік беларускай мовы. Вып. 14. Игде — Катуючий / Склад. Т. І. Блізнюк [і інш.]. — Мінск : Навука і тэхніка, 1996. — С. 214.
- ↑ Носович, И. И. Словарь белорусского наречия / Сост. И.И. Носовичем. — Санкт-Петербург : Отд-ние рус. яз. и словесности Акад. наук, 1870. — С. 227.
- ↑ Рогалев, А. Ф. Топонимический словарь Гомеля и Гомельского района [Текст] / А. Ф. Рогалев. — Гомель : Барк, 2012. — С. 104.
- ↑ Виноградов, Л. Гомель. Его прошлое и настоящее. 1142—1900 гг. / Л. Виноградов [Репринт. изд.]. — Гомель: КИПУП «Сож», 2005. — С. 34.
- ↑ Богораз, В. Г. Гомельские силуэты // Собрание сочинений В. Г. Тана [Текст]. — Санкт-Петербург : Просвещение, 1910—1911. — 18 см. — (Всемирная библиотека). Т. 5: Американские рассказы : очерки и рассказы. — 1911. — С. 291—430; гл. раздзел «Во Рву» — с. 299—316.
- ↑ Богораз, В. Г. Гомельские силуэты // Собрание сочинений В. Г. Тана [Текст]. — Санкт-Петербург : Просвещение, 1910—1911. — 18 см. — (Всемирная библиотека). Т. 5: Американские рассказы : очерки и рассказы. — 1911. — С. 299.
- ↑ Материалы к истории русской контрреволюции. — Санкт-Петербург. : тип. «Обществ. польза», 1908. — С. 394.
- ↑ Романов, Е. Археологический очерк Гомельского уезда / Е. Романов // Записки Северо-Западного отдела Императорского Русского географического общества. — Вильна : тип. А. Г. Сыркина, 1910. — Кн. 1. — С. 110.
- ↑ Гомель. План города на 1910 г.
- ↑ Схематический план гор. Гомеля с пригородом за линией железн. дороги и предм. Белицей [на 1913 г.] / Состав. Г. Ханин и А. Месин-Поляков.
- ↑ а б Жудро, Ф. А. Город Гомель (Могилевской губ.) : с 68 автотипиями / сост. Ф. А. Жудро, И. А. Сербов, и Д. И. Довгялло. — Вильна : Сев.-Зап. отд. Имп. Русского географического о-ва, 1911. — С. 10.
- ↑ Еще исчезновение // Полесье — 1912. — 5 апреля. — С. 3.
- ↑ Жудро, Ф. А. Город Гомель (Могилевской губ.) : с 68 автотипиями / сост. Ф. А. Жудро, И. А. Сербов, и Д. И. Довгялло. — Вильна : Сев.-Зап. отд. Имп. Русского географического о-ва, 1911. — С. 50.
- ↑ а б в г Зачем разровняли Кагальный ров? На территории бывшего исторического предместья ведутся земляные работы.
- ↑ Мятліцкая, В. М. На паграніччы эпох і дзяржаў. Старонкі гісторыі Гомеля (1917—1918) / Валянціна Мятліцкая. — Гомель : Барк, 2021. — С. 77.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Гомель. Энциклопедический справочник. Мн.: БелСэ, 1991. — 521 с.