Кадзьяк[3] (Ursus arctos middendorffi) — падвід бурых мядзведзяў. Жыве на востраве Кадзьяк і іншых астравах Кадзьякскага архіпелага ў паўднёвага ўзбярэжжа Аляскі. Адзін з самых буйных сухапутных драпежнікаў у свеце.
Даўжыня — да 2,8 метраў, вышыня ў карку — да 1,6 метра. Вага самых масіўных экзэмпляраў перавышае паўтоны. Самы буйны кадзьяк важыў 780 кг.
Самы буйны падвід бурых мядзведзяў — у месцах іх пасялення кароткая зіма і багацце ежы. Маюць тыповы для бурых мядзведзяў целасклад з кампактным і мускулістым тулавам, доўгімі і моцнымі канечнасцямі і масіўнай галавой. Шырока расстаўленыя вочы маюць карычневы колер. Падэшвы задніх лап пакрытыя грубай скурай, таму абараняюць мядзведзя ад вільгаці і халадоў. Хвост у кадзьякаў, як і ва ўсіх мядзведзяў, вельмі кароткі.
Лад жыцця падобны да ладу жыцця іншых бурых мядзведзяў. Жывуць паасобку, але арэалы істотна меншыя за арэалы мядзведзяў у астатніх частках Паўночнай Амерыкі. Падчас халодных месяцаў упадаюць у зімовую спячку. Усяедныя жывёлы і могуць харчавацца як травой, ягадамі і карэньчыкамі, так і мясам і падалкай. Важнае значэнне ў харчаванні мае рыба. Падчас нераставых міграцый ласося ўлетку і ўвосень дзясяткі кадзьякаў збіраюцца ў плыткіх рэках, каб даставаць рыбу з вады ці лавіць яе ў паветры, калі тая выскоквае, пераадольваючы парогі.
Размнажэнне кадзьякаў таксама нагадвае паводзіны іншых бурых мядзведзяў. Спарванне праходзіць, як правіла, у чэрвені ці ліпені, аднак аплодненая яйцаклетка пачынае развівацца толькі ў лістападзе. Падчас зімовай спячкі ў студзені ці лютым на свет з’яўляюцца ад аднаго да трох дзіцянят. Маладняк застаецца пры маці да трохгадовага ўзросту. Яна перастае іх карміць, і ў яе арганізме адбываюцца гарманальныя змены, якія мяняюць і яе настрой. Мядзведзіца пачынае біць, кусаць і рыкаць на мядзведзікаў, пакуль яны не сыдуць. Толькі палова малых дажывае да дарослага ўзросту.
Кадзьякі не абараняюць сваю тэрыторыю, хаця ў кожнага яна ёсць. Участкі самцоў у некалькі разоў перавышаюць участкі самак.