Кадук

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Кадук — у беларускай міфалогіі адзін з галоўных злых духаў, персаніфікацыя хваробы эпілепсіі.

Этымалогія імя[правіць | правіць зыходнік]

Сваё імя атрымаў ад лацінскай назвы хваробы caducus — «падучы».

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Жыве ў самым цёмным лесе, да таго ж у самым багністым балоце. Тут у яго на службе знаходзяцца меншыя нячысцікі. Тут Кадук чыніць над імі расправу; адсюль жа ён пасылае іх шкодзіць людзям. Бяда, калі чалавек раптам трапляе ў гэтае балота — ён непазбежна гіне. На яго находзіць чароўны дурман: чалавеку здаецца, нібыта ён ходзіць, а на самой справе стаіць на адным і тым жа месцы.

Кадук рэдка пакідае сваё балота. Ён заўсёды заняты рознымі распараджэннямі і выдумваннем шкодаў супраць людзей. Ён толькі тады выходзіць з балота і накіроўваецца да людзей, калі нейкі падначалены яму нячысцік не здолеў выканаць загад. Беларусы вераць, што Кадук есць маленькіх дзяцей, якіх яму носяць падначаленыя духі, чым прыводзіць той ці іншы род да вымарачнасці.

Кадук уяўляўся беларусам у даволі неакрэсленым выглядзе. Па адных звестках, ён падобны да капны сена ці кучы моху, якая можа напалохаць хіба толькі нязвыклым рухам. Па іншых звестках Кадук — звер з вялізарнай калматай галавой і шырокім горлам аж да самых вушэй. У яго пашчы блішчаць белыя зубы і чырванее, як агонь, язык, і здаецца, што ён гатовы праглынуць чалавека цалкам, з касцямі і патрахамі.

Часам сярдзітыя людзі казалі: «Каб яго ўзяў Кадук!», «Вазьмі яго Кадук!». Але Кадук бярэ рэдка, бо можа з'яўляцца на зямлі толькі пры ўзыходзе сонейка, у самы поўдзень альбо сярод ночы. Калі б не гэтыя абмежаванні, то Кадук, лічылі беларусы, даўно пахапаў бы ўсіх людзей. І, калі нехта менавіта ў такі ліхі момант пажадае, каб іншага чалавека ўзяў Кадук, то праклён здзесніцца. Пазней страшэнны праклён «А каб цябе Кадук…» страціў першапачатковы сэнс і набыў характар лагоднага выслоўя, папроку.

Беларусы таксама верылі, што, калі скаціна з начы ў хлеве стаіць мокрая, — гэта значыць, на ёй ездзіў Кадук. Магчыма, ён, нябачны, сядзіць на жывёліне і цяпер. Каб прагнаць Кадука, трэба гальнік (венік) абрабіць у самы горшы брут і біць ім па храбце жывёліны, прыгаворваючы: «Які госць, такая й чэсць».

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Васілевіч У. Зямная дарога ў вырай. Беларускія народныя прыкметы і павер'і. Мінск : Беларусь, 2010.- 717 с. : іл.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Кадук на сайце «Родныя вобразы»