Кадывеу

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Кадывеу
(Kadiwéu)
1892 г.
Агульная колькасць 2100 (2021 г.)
Рэгіёны пражывання Бразілія
Мова кадывеу
Рэлігія анімізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы абіпон, макаві, пілага

Кадыве́у (саманазва Kadiwéu) — індзейскі народ у Паўднёвай Амерыцы. У нашы дні жывуць пераважна ў бразільскім штаце Мату-Гросу. Агульная колькасць (2021 г.) — 2 100 чалавек[1].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Кадывеу паходзяць ад паўночных гуайкуру, што да іспанскай каланізацыі Новага Свету насялялі тэрыторыі на захад ад ракі Парана. Іспанцы найчасцей выкарыстоўвалі ў дачыненні да іх назву мбая, запазычаную ў гуарані. Першаснымі заняткамі паўночных гуайкуру былі вандроўнае паляванне і збіральніцтва. Яны здолелі падпарадкаваць мясцовае земляробчае насельніцтва з ліку аравакаў і вялі войны супраць гуарані. У XVII ст. мбая асвоілі конегадоўлю і ператварыліся ў мабільную ваенную сілу, якая стрымлівала каланіяльную экспансію.

Паўночныя гуайкуру не мелі адзінства і падзяляліся на тэрытарыяльныя групы. Адной з іх былі кадывеу. Сваю назву яны атрымалі ад наймення ручая, каля якога качавалі. У канцы XVIII ст. кадывеу сталі аднымі з апошніх мбая, што пераправіліся на левы бераг Параны і заключылі саюз з партугальцамі. Яны пасяліліся на мяжы Бразіліі і Парагвая, працягвалі займацца конегадоўляй, зганялі свойскую жывёлу з парагвайскіх ферм і перапрадавалі яе бразільцам.

Падчас Парагвайскай вайны (18641870 гг.) кадывеу ўдзельнічалі ў ваенных дзеяннях на баку Бразіліі. У 19001903 гг. улады штата Мату-Гросу аддзячылі ім перадачай зямель, у тым ліку далучаных пасля вайны. У 1931 г. перадача была пацверджана цэнтральным урадам. Такім чынам, кадывеу сталі адной з першых індзейскіх груп Бразіліі з асабістай уласнасцю на зямлю. Аднак у другой палове XX ст. яны сутыкнуліся з праблемамі далейшага развіцця конегадоўлі і спробамі перасяленцаў з іншых штатаў незаконна захапіць іх тэрыторыі. Выйсце было знойдзена ў перадачы часткі зямлі бразільскім сялянам у доўгатэрміновую арэнду. Арэндныя выплаты былі фіксаваны і хутка згубілі сваю вартасць у сувязі з інфляцыяй. Кадывеу апынуліся ў сітуацыі, калі пры захаванні правоў на зямлю не могуць самастойна карыстацца ёю. Спробы перагледзець арэндныя дагаворы выклікаюць сацыяльную напружанасць і канфлікты з суседзямі.

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Галоўным традыцыйным заняткам кадывеу лічыцца качавая жывёлагадоўля, якая ў нашы дні пераўтворана ў загонную. Кадывеу таксама займаюцца перапродажам коней і кароў, трымаюць невялікія надзелы, дзе вырошчваюць кукурузу і гародніну для ўнутранага ўжытку. З сярэдзіны XIX ст. улады Мату-Гросу і каталіцкія місіянеры імкнуліся ператварыць кадывеу ў аселы народ, але працэс аселасці набыў сталае распаўсюджанне толькі ў XX ст. Клод Леві-Строс апісваў хаціны кадывеу пачатку XX ст. як кампраміс паміж жытламі еўрапейцаў і індзейцаў. Кадывеу ўкопвалі слупы, на якія ставілі пальмавы дах, аднак не будавалі сцен.

Пераход спачатку ад вандроўнага палявання і збіральніцтва да качавой конегадоўлі, а потым паступовая аселасць значна змянілі грамадскія адносіны. Галоўнай сацыяльнай адзінкай, што захавалася ад качавога перыяду, з'яўляецца падраздзяленне tolderia на чале з правадыром. У ідэале ён павінен з'яўляцца «чыстым» кадывеу, не мець сярод продкаў выхадцаў з іншых народаў. Сям’я правадыра абмяжоўвалася жонкай з такіх жа «чыстых» кадывеу і некалькімі дзецьмі. У мінулым колькасць чальцоў сям'і рэгулявалася дзетазабойствам. Асабліва часта ахвярамі рэгулявання станавіліся дзеці гаспадара і палонных жанчын, якія адыгрывалі ролю другасных жонак і хатніх памагатых. Сям'і правадыра падпарадкоўваліся сем'і gootagi (літаральна «нашых палонных»). Пераважна гэта былі захопленыя ў палон прадстаўнікі іншых плямён або іх нашчадкі. Самастойную групу падпарадкаваных уяўлялі сабою земляробы-гуана. Яны жылі ў асобных сталых паселішчах і мелі сваю сацыяльную іерархію. Часам правадыры кадывеу жаніліся на жанчынах гуана, хаця такія шлюбы не былі пажаданымі. У нармальнай сітуацыі сыны правадыра пасля заключэння шлюбу павінны былі пераехаць у сям'ю жонкі. Такім чынам шлюб з жанчынай гуана быў магчымы толькі ў выпадку адсутнасці сястры, муж якой павінен быў пасля смерці бацькі стаць правадыром.

Аселасць прывяла да практычнага знікнення «чыстых» сем'яў, але tolderia як гаспадарчая адзінка, дзе вызначальная роля належыць адной малой нуклеарнай сям'і, захавалася. Кадывеу працягваюць падтрымліваць асаблівыя шчыльныя адносіны з тэрэна, нашчадкамі гуана. Паколькі ў нашы дні былыя качэўнікі жывуць у вёсках, што складаюцца з некалькіх tolderia, у іх прынята выбіраць супольнага правадыра capitão.

У вусным фальклоры асобна вылучаюцца міфы і былі. Апошнія найчасцей з'яўляюцца гістарычнымі апавяданнямі пра знакамітых воінаў. Кадывеу любяць спевы, музыку і танцы. Распаўсюджаныя народныя музычныя інструменты: флейта і барабан. Жанчыны кадывеу славяцца ўменнем маляваць складаныя ўзоры. У першую чаргу яны выкарыстоўваюцца ў жаночай татуіроўцы, а таксама ў роспісе керамікі.

Мова[правіць | правіць зыходнік]

Родная мова кадывеу адносіцца да гуайкуруанскай плыні моўнай сям'і матака-гуайкуру. Для яе характэрна вылучэнне мужчынскай і жаночай гаворак. Пісьмовасць на аснове лацінкі. Выкладаецца ў школах штата Мату-Гросу.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

Большасць сучасных вернікаў — хрысціяне, аднак захоўваюцца рысы старажытных традыцыйных культаў. Кадывеу вераць, што бог-стваральнік Go-noeno-hodi мала ўмешваецца ў жыццё простых людзей, яны болей залежаць ад зносін з духамі прыроды і людзей. Па іх перакананнях, замагільнае жыццё вельмі падобнае да зямнога. У кожнай tolderia маецца пэўны набор імёнаў, якія перадаюцца па спадчыне. Пасля смерці сваяка прынята галіць галаву. Практыкуецца ініцыяцыя дзяўчат.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]