Талом тонкі, зрэдку амаль непрыкметны, злітны або пляміста-разарваны, парошысты або дробназярністы, шаравата-белы, шаравата-зялёны да аліўкава-зялёнага. Падслаявіна белаватая. Апатэцыі даволі шматлікія, 0,1-0,5 мм у дыяметры, сядзячыя. Дыск злёгку ўвагнуты або плоскі, ад светла-аранжавага да цялесна-карычневага. Слаявінны край пастаянны, выпуклы, аднаго колеру з дыскам або крыху святлейшы. Уласны край апатэцыю (эксцыпул) 30-80 мкм шырынёй, бясколерны або амаль бясколерны, у верхняй частцы бывае бледна-брудна-жаўтаватым. Парафізы прамыя, у верхняй частцы часам з перагародкамі, неразгалінаваныя, на канцах злёгку булавападобна патоўшчаныя да 2-3 мкм, бясколерныя або ў верхняй частцы ад светла-карычнева-жаўтаватых да светла-аліўкава-жоўтых. Сумкі падоўжана-цыліндрычныя, споры падоўжаныя, 9-12 × 3-4 мкм.
Вядома каля 90 відаў, распаўсюджаны па ўсім свеце, прычым большасць з іх з трапічных рэгіёнаў Паўднёвага паўшар’я (Цэнтральная і Паўднёвая Амерыка). Растуць у вільготных трапічных лясах на ствалах дрэў, галінах, ліянах і лісці, радзей на драўніне, грыбах, раслінных рэштках. У Беларусі адзначаны каенагоніум жоўты (Coenogonium luteum) і каенагоніум хваёвы (Coenogonium pineti), апошні від сустракаецца даволі часта, расце на кары хвоі і елкі ў хвойных і мяшаных лясах, радзей на кары ліставых дрэў (алешына, дуб, ліпа, клён), на раслінных рэштках (гумусе).