Перайсці да зместу

Казанскі кітаб

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Казанскі кітаб
Аўтар Габдулвахаб Муса ібн Мустафа (перапісчык), Хадына (перакладчык)
Жанр Кітаб
Мова арыгінала беларуская (арабскім пісьмом), цюркская
Выдавецтва рукапіс
Выпуск 1645
Старонак 76 аркушаў (захаваная пранумараваная частка)

Каза́нскі кіта́б (у навуковай літаратуры таксама пазначаецца шыфрам КУ-1446) — адзін з найстарэйшых датаваных рукапісных помнікаў (кітабаў) беларуска-літоўскіх татар, створаны ў 1645 годзе. Напісаны арабскім пісьмом на цюркскай і беларускай мовах. З’яўляецца ўнікальнай крыніцай для вывучэння гісторыі беларускай мовы, у прыватнасці, гаворак Палесся, а таксама ранняга этапу развіцця беларуска-татарскага пісьменства. Захоўваецца ў фондзе ўсходніх рукапісаў навуковай бібліятэкі Казанскага ўніверсітэта[1].

Гісторыя стварэння і бытавання

[правіць | правіць зыходнік]

Казанскі кітаб з’яўляецца адным з нямногіх татарскіх рукапісаў, які мае дакладную дату стварэння. У тэксце пазначана, што ён быў напісаны ў 1055 годзе паводле мусульманскага летазлічэння (Хіджра), што адпавядае 1645 году. Перапісчыкам зборніка выступіў Габдулвахаб Муса ібн Мустафа. Гісторыка-лінгвістычны аналіз паказвае, што помнік быў створаны на тэрыторыі паўднёва-ўсходняй Беларусі. Мова беларускіх тэкстаў кітаба адлюстроўвае асаблівасці слуцка-мазырскай групы гаворак, у прыватнасці, тых, што распаўсюджаны на стыку Мазырскага, Капаткевіцкага і Калінкавіцкага раёнаў[2][3].

У пачатку XX стагоддзя рукапіс пакінуў тэрыторыю Беларусі. Згодна з запісамі, у 1916 годзе ён быў завезены з «Заходняга краю» мулой Сафаравым у Татарскую слабаду пад Кастрамой. Там з ім азнаёміўся вядомы татарскі пісьменнік і паэт Міргазіз Укмасы. У 1923 годзе Укмасы пакінуў на першым аркушы дарчы надпіс, плануючы перадаць кнігу ў Цэнтральную Казанскую бібліятэку, што і зрабіў у 1925 годзе[4].

Далейшы лёс рукапісу быў складаным: нейкім чынам ён трапіў да мусульманскага рэлігійнага дзеяча Кадыра Расулева, які, паводле яго ўласных слоў, знайшоў кнігу ў 1942 годзе ў адной з мячэцяў. У 1959 годзе Расулеў перадаў кітаб у бібліятэку Казанскага ўніверсітэта. Там у 1962 годзе на яго звярнуў увагу супрацоўнік бібліятэкі Альберт Фатхіеў, пасля чаго помнік трапіў у поле зроку філолага Антона Антановіча, які зрабіў яго дэталёвае навуковае апісанне[1].

Палеаграфічнае апісанне

[правіць | правіць зыходнік]

Рукапіс напісаны на паперы, датаванне якой пацвярджаецца вадзянымі знакамі. На аркушах выразна прагледжваецца філігрань у выглядзе двухгаловага арла з каронай, на грудзях якога размешчаны сэрцападобны шчыт з напісанай на ім літарай «G». Гэты вадзяны знак цалкам супадае са знакамі на дакументах 1629—1630 гадоў, што пацвярджае ўзнікненне кнігі менавіта ў першай палове XVII стагоддзя[5].

Тэкст размешчаны ў дзве калонкі. Нумарацыя аркушаў (да 76-га) была зроблена пазней чырвоным алоўкам. Цэласнасць кнігі парушана: адсутнічае канец, а шосты сшытак (аркушы 35—42) страціў свой 42-і аркуш, прычым гэта адбылося яшчэ да правядзення нумарацыі[6].

Змест і аўтарства тэкстаў

[правіць | правіць зыходнік]

Паводле моўнага крытэрыю Казанскі кітаб выразна дзеліцца на дзве часткі. Аркушы з 1-га па 40-ы ўтрымліваюць тэксты на цюркскай мове. Пачынаючы з аркуша 41-га і да канца (аркуш 76) ідуць тэксты, напісаныя на беларускай мове[6].

Сярод беларускамоўных тэкстаў вылучаюцца два асноўныя блокі. Першы — гэта апакрыфічны дыялог прарока Мухамада з шайтанам, які абрываецца на сярэдзіне сказа і, відавочна, з’яўляецца копіяй з больш ранняга арыгінала. Падобны тэкст сустракаецца і ў Кітабе Івана Луцкевіча[7].

Другі, вельмі адметны тэкст (аркушы 40—55) — гэта «Аракул» (варажбітная кніга). У гэтым раздзеле прама пазначана імя перакладчыка: чалавек па імені Хадына (ці Хадзя). У тэксце ён паведамляе: «Я Хадыйна сую кнігу іс фарсійского і с турэцкого йазіка на рускій йезік пералажыў для неўмілых». Гэта рэдкі выпадак у гісторыі беларуска-татарскага пісьменства, калі дакладна вядома імя перакладчыка свецкага (або калясвецкага) твора з персідскай і турэцкай моў на старабеларускую. Тэкст «Аракула» змяшчае інструкцыі па варажбе, маральна-этычныя павучанні, прытчы пра ўсемагутнасць Бога і размову Мусы (Майсея) з Богам[8].

Графіка і моўныя асаблівасці

[правіць | правіць зыходнік]

Казанскі кітаб мае выключную каштоўнасць дзякуючы сваёй архаічнай графіцы. Паколькі гэта адзін з самых ранніх помнікаў, у ім яшчэ не да канца сфарміраваўся фанетычны прынцып пісьма, уласцівы пазнейшым татарскім рукапісам.

У прыватнасці, аканне ў ім адлюстравана значна слабей, чым у тэкстах XVIII—XIX стагоддзяў, і перапісчык часта захоўвае этымалагічнае «о» ў ненаціскных складах. Яшчэ адной архаічнай рысай з’яўляецца адсутнасць спецыяльна створанай літары для беларускай афрыкаты [дз’]. Калі ў пазнейшых помніках для яе выкарыстоўвалася літара даль з трыма кропкамі ўнізе (ࢮ), то ў Казанскім кітабе мяккі [дз’] перадаецца звычайнымі арабскімі літарамі даль (د) або заль (ذ). Гэта сведчыць пра тое, што спецыфічныя літары беларускай арабіцы былі вынайдзены татарамі пазней, у працэсе ўдасканалення свайго пісьменства[9][3]. Таксама ў рукапісе зафіксавана ўнікальная для ўсёй кітабістыкі з’ява — выкарыстанне знака гамза з кясрай для пазначэння галоснага гуку [і] на пачатку слова[10].

  • Антонович А. К. Белорусские тексты, писанные арабским письмом, и их графико-орфографическая система. — Вильнюс: ВГУ, 1968. — 418 с.
  • Пісьмовая спадчына татараў Вялікага Княства Літоўскага і яе гісторыка-культурны кантэкст: зборнік навуковых прац / навук. рэд.: І. А. Сынкова, М. У. Тарэлка. — Мінск: Беларуская навука, 2024. — 205 с. — ISBN 978-985-08-3174-3.