Казахскі нацыянальны акадэмічны тэатр оперы і балета імя Абая
Казахскі нацыянальны акадэмічны тэатр оперы і балета імя Абая | |
---|---|
каз.: Абай атындағы Қазақ ұлттық опера және балет театры | |
Заснаваны | 1934 |
Краіна | |
Размяшчэнне | |
Будынак | |
Сайт | gatob.kz |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Казахскі нацыянальны тэатр оперы і балета імя Абая (у 1934—2021 гадах — Казахскі дзяржаўны ордэна Леніна акадэмічны тэатр оперы і балета імя Абая Міністэрства культуры Казахскай ССР) — тэатр оперы і балета ў горадзе Алматы, адзін з вядучых оперных тэатраў Казахстана.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]1930 — 1950-я
[правіць | правіць зыходнік]У 1933 годзе ў горадзе Алматы была створана музычная студыя, якая складалася з пяцідзесяці акцёраў, дваццаці музыкаў сімфанічнага і дванаццаці чалавек нацыянальных аркестраў. У 1934 годзе яе пераўтварылі ў музычны тэатр[1][2]. Каля вытокаў новага тэатра стаялі работнікі Казахскага тэатра драмы (цяпер Казахскі дзяржаўны акадэмічны тэатр драмы імя М. А. Аўэзава)[3].
13 студзеня 1934 года пад эгідай музычнай студыі адбылося першае публічнае выкананне музычнай камедыі «Айман Шолпан» на лібрэта Мухтара Аўэзава. У склад твора ўвайшлі народныя песні і кюі, апрацаваныя Іванам Коцыкам. Гэта падзея лічыцца днём нараджэння Казахскага музычнага тэатра.[2]
Яўген Брусілоўскі стаў першым кампазітарам тэатра, які паклаў пачатак нацыянальнаму опернаму мастацтву Казахстана. Брусілоўскі стварыў оперы «Кыз-Жыбек » (1934), «Жалбыр» (1935), «Ер Таргын».[3]
З 1937 года тэатр называецца Казахскім тэатрам оперы і балета.[3] Дзякуючы абмену вопытам з артыстамі Куйбышаўскага (цяпер Самарскага) тэатра оперы і балета была арганізавана балетная трупа, якая ажыццявіла першыя пастаноўкі: «Капелія» Леа Дэліба (1937, балетмайстар Ю. П. Кавалёў), «Лебядзінае возера» П. І. Чайкоўскага, балетмайстар Л. А. Жукаў).[4] У 1938 годзе таксама быў пастаўлены першы казахскі балет «Калкаман і Мамыр» Васіля Веліканава .[2]
У 1941 годзе адбылося афіцыйнае адкрыццё новага будынка тэатра, якому ў 1945 годзе было прысвоена імя казахскага паэта, кампазітара і філосафа Абая Кунанбаева.[5]
У ваенныя і пасляваенныя гады значную долю сярод пастановак тэатра складаў нацыянальны рэпертуар. Знакавымі пастаноўкамі таго перыяду сталі оперы «Абай » Ахмета Жубанава і Латыфа Хамідзі (1944), «Біржан і Сара » Мукана Тулебаева (1946; 2-я рэд. — 1957), «Дударай» Я. Брусілоўскага (1953), а таксама ўйгурская опера «Назугум» Куддуса Кужам’ярава.[6]
У пачатку 1950-х гадоў у тэатры працаваў вядомы савецкі балетмайстар Міхаіл Майсееў , які паставіў такія балеты, як «Чырвоны мак» Р. Гліэра, «Камбар і Назым» В. Веліканава. У сярэдзіне 1950-х гадоў балетмайстар Даурэн Абіраў ажыццявіў пастаноўку балетаў «Юнацтва » Міхаіла Чулакі (1952), «Бераг шчасця» Антоніа Спадавекія (1953), «Медны вершнік » Р. Гліэра (1955), «Шурале » Фарыда Яруліна . У той жа час у тэатр прыйшоў Заурбек Райбаеў , які стаў не толькі танцорам, але і пастаноўшчыкам шэрагу балетаў: «Шапэніяна» Міхаіла Фокіна на музыку Ф. Шапэна, «Балеро» М. Равеля, «Франчэска да Рыміні» П. І. Чайкоўскага, «Легенда пра белую птушку» Газізы Жубанавай (сумесна з Д. Абіравым) і інш.[4]
Народны артыст Казахскай ССР Газіз Дугашаў тройчы быў галоўным дырыжорам тэатра (1950—1951, 1956—1958 і 1969—1971), а ў прамежках працаваў у Маскве (Вялікі тэатр), Кіеве (Украінскі оперны тэатр) і Мінску (Беларускі оперны тэатр).[7]
У 1959 годзе тэатр узнагароджаны ордэнам Леніна.[8]
1960 — 2000-я
[правіць | правіць зыходнік]Галоўныя нацыянальныя пастаноўкі тэатра перыяду 1960-х гадоў — оперы «Камар-сулу» (1963, 2-я рэд. — 1982) Еркегалі Рахмадыева і «Айсулу» Сыдыка Мухамеджанава (1964, 2-я рэд. — 1973), балеты «Легенда» і «Хірасіма» Г. Жубанавай (абодва 1966).[6] У 1969 годзе З. Райбаевым на сцэне тэатра быў пастаўлены першы уйгурскі балет «Чын-Тамур» на музыку К. Кужам’ярава.[3]
У 1970-я гады вядомы дырыжор і пастаноўшчык, заслужаны дзеяч мастацтваў Казахскай ССР Валерый Рутэр паставіў на сцэне тэатра імя Абая 15 опер і балетаў.[9] Іншыя вядомыя пастаноўкі гэтага перыяду — оперы «Алпамыс» (1973) Е. Рахмадыева, «Энлік і Кебек» (1975) Г. Жубанавай,[6] балеты «Спартак » Арама Хачатурана (балетмайстар З. Райбаеў), «Руская казка» М .Чулакі, «Аксак-кулан» A. Серкебаева (балетмайстар Мінтай Тлеубаеў ), «Алія» Мансура Сагатава (балетмайстар Жанат Байдаралін).[4]
У 1980-я — 1990-я гады ў рэпертуары тэатра з’явіліся авангардныя балеты «Фрэскі» Цімура Мынбаева (балетмайстар З. Райбаеў), «Брат мой, Маўглі» А. Серкебаева, «Дама з камеліямі» на аснове музыкі з оперы «Травіята» Джузэпэ Вердзі, «Развітанне з Пецярбургам» на музыку Іагана Штрауса (балетмайстар М. Тлеубаеў). Іншыя новыя пастаноўкі балетаў 1990-х гадоў — «Мадам Батэрфляй» на музыку Г. Жубанавай (1996, балетмайстры Асамі Макі і Кіёза Meтанi, Японія), «Каракоз» (1991, балетмайстар Георгій Алексідзэ ). У стылі мадэрн-балета і неакласіцызму вытрыманы пастаноўкі сясцёр Габасавых, «Космас душы» Альфрэда Шнітке і «Тэатр Масак» Франсіса Пуленка ў пастаноўцы Г. Туткібаевай.[4]
З чэрвеня 1995 па 13 снежня 2000 года ў тэатры была ажыццёўлена генеральная рэканструкцыя, якая захавала асноўны архітэктурны стыль — ампір, які спалучаецца з італьянскім класіцызмам і традыцыйнымі элементамі нацыянальнай формы ў архітэктуры Казахстана.[10]
19 снежня 2020 года Указам Прэзідэнта Рэспублікі Казахстан тэатру прысвоены статус «Нацыянальны».[11]
Будынак тэатра
[правіць | правіць зыходнік]Будаўніцтва будынка пачалося ў 1936 годзе і было завершана ў 1941 годзе (архітэктары М. Круглоў, М. Прастакоў, Т. Басенаў , В. Бычкоў, П. Паліванаў, мастакі В. Крошын, М. Цыўчынскі , кансультант — акадэмік архітэктуры А. Шчусеў).[5] Першы спектакль у новым будынку адбыўся 7 лістапада 1941 года.[10]
Будынак вытрыманы ў стылі сталінскі ампір у спалучэнні з італьянскім класіцызмам і нацыянальнымі казахскімі элементамі. Пасля неаднаразовых перапрацовак праекта (1933—1941) у рэалізаваным варыянце насычаны арнаментаванымі формамі фасады будынка, які аб’ёмна-планіровачна і кампазіцыйна-пластычна нагадвае Александрынскі тэатр у Санкт-Пецярбургу (1816—1832 гг., архітэктар К. Росі).[12]
У 1971 годзе ў заходнім скверы тэатра быў устаноўлены бюст Джамбулу Джабаеву. Скульптар — народны мастак Казахстана Х. Наўрызбаеў , архітэктар М. Мендзікулаў . У скульптары — выява акына ў момант творчасці.[13]
У прылеглых да тэатра скверах таксама размяшчаюцца бюст Мухтара Аўэзава і фантаны.[14]
Вядомыя выканаўцы оперы
[правіць | правіць зыходнік]- Курманбек Джандарбекаў (1933—1944)
- Куляш Байсеітава (1933—1957)
- Гарыфула Курмангаліеў (1934—1966)
- Жамал Амарава (1934—1937)
- Рышат Абдулін (1939—1985)
- Байгалі Дасымжанаў (1941—1964)
- Шабал Бейсекава (1941—1966)
- Каўкен Кенжэтаеў (1946—1966)
- Роза Багланава (1947—1949)
- Ермек Серкебаеў (1947—2006)
- Роза Джаманава (1953—1977)
- Бібігуль Тулегенава (1954—1956), (1971—1982)
- Алібек Днішаў (1978—1997)
- Нуржамал Усенбаева (1984—1997)
- Майра Мухамед-кызы (1996—2002)
Вядомыя артысты балета
[правіць | правіць зыходнік]- Шара Жыенкулава (1934—1940)
- Аляксандр Селязнёў (1937—1945)
- Інеса Манская (1945—1965)
- Булат Аюханаў (1957—1959)
- Людміла Рудакова (1965—1980)
- Рамазан Бапаў (1966—1988)
- Раўшан Байсеітава (1966—1986)
- Ларыса Сычова (1974—1978)
- Майра Кадырава (1976—1997)
- Гульжан Туткібаева (1982—2002)
- Сауле Рахмедава (1987—1989, 2009—2019)
- Куралай Саркытбаева (1993—2006)
- Лейла Альпіева (1995—1996) і (2000—2009)
- Сержан Каукаў (1998—1999)
- Досжан Табылды (2003—2005)
- Фархад Бурыеў (2005—2017)
- Гульвіра Курбанава (2004—ц.ч.)
Зноскі
- ↑ Алма-Ата. Энциклопедия / Гл. ред. Козыбаев М. К.. — Алма-Ата: Гл. ред. Казахской советской энциклопедии, 1983. — С. 512—513. — 608 с. — 60 000 экз.
- ↑ а б в Казахский театр оперы и балета / Л. В. Измайлова // Большая российская энциклопедия : [в 35 т.] / гл. ред. Ю. С. Осипов. — М. : Большая Российская энциклопедия, 2004—2017.
- ↑ а б в г Казахский театр драмы // Казахстан. Национальная энциклопедия. — Алматы: Қазақ энциклопедиясы, 2005. — Т. III. — ISBN 9965-9746-4-0. (CC BY-SA 3.0)
- ↑ а б в г Казахский балет // Казахстан. Национальная энциклопедия. — Алматы: Қазақ энциклопедиясы, 2005. — Т. III. — ISBN 9965-9746-4-0. (CC BY-SA 3.0)
- ↑ а б Е. Г. Малиновская. Театр эпохи строительства социализма. Н. А. Круглов (1883–1938) // Academia. Архитектура и строительство. — Российская академия архитектуры и строительных наук, 2017. — № 2. — С. 25—35. Архівавана з першакрыніцы 25 жніўня 2017.
- ↑ а б в Казахский театр оперы и балета / Л. В. Измайлова // Исландия — Канцеляризмы. — М. : Большая Российская энциклопедия, 2008. — (Большая российская энциклопедия : [в 35 т.] / гл. ред. Ю. С. Осипов; 2004—). — ISBN 978-5-85270-343-9.
- ↑ Л. Григорьев, Я. Платек. Современные дирижёры. — М.: Советский композитор, 1969.
- ↑ Путеводитель по фондам советского периода . ЦГА РК. Архівавана з першакрыніцы 14 ліпеня 2014. Праверана 14 ліпеня 2014.
- ↑ Б. Г. Ерзакович. Казахский театр оперы и балета // Музыкальная энциклопедия / Ю. В. Келдыш. — М.: Советская энциклопедия; Советский композитор, 1974. — Т. 2. — 960 с.
- ↑ а б История театра . www.gatob.kz. Архівавана з першакрыніцы 26 мая 2020. Праверана 29 кастрычніка 2021.
- ↑ Театру оперы и балета имени Абая присвоили статус национального . Архівавана з першакрыніцы 16 студзеня 2021. Праверана 13 студзеня 2021.
- ↑ Д. Ш. Кузенбаев, К. И. Самойлов Своеобразие интерпретации традиций классической архитектуры Т. К. Басеновым в аспекте его значения для современного зодчества Казахстана // Global Science and Innovations 2019; Central Asia : материалы конференции. — 2019. — 18 сакавіка
- ↑ Жамбылу памятник-бюст // Казахстан. Национальная энциклопедия. — Алматы: Қазақ энциклопедиясы, 2005. — Т. II. — ISBN 9965-9746-3-2. (CC BY-SA 3.0)
- ↑ Казахский государственный театр оперы и балета . Достопримечательности г. Алматы. Архівавана з першакрыніцы 1 красавіка 2016. Праверана 25 жніўня 2019.