Перайсці да зместу

Казка пра мядзведзіху

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Казка пра мядзведзіху
Сказка о медвѣдихѣ
Жанр літаратурная казка
Аўтар Аляксандр Сяргеевіч Пушкін
Мова арыгінала руская
Дата напісання 1830

«Ка́зка пра мядзве́дзіху» — няаўтарская назва казкі Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна (пачынаецца радком «Як вясенняй цёплаю парою...»), напісанай меркавана ў 1830 годзе[1].

Апублікавана П. В. Аненкавым у «Матэрыялах для біяграфіі А. С. Пушкіна» (Сачыненні Пушкіна, выд. Аненкава, т. I, 1855, с. 153—155)[1]. Выпраўленні і некаторыя варыянты дадзены В. Я. Якушкіным у апісанні рукапісаў Пушкіна — «Русская Старина» (1884, кастрычнік, с. 83—84). Варыянты радкоў 64—82 апублікаваны ў артыкуле А. Жаланскага «Новае пра „Доўбню“ і „Мядзведзіху“ Пушкіна» («Звенья», т. VI, 1936, с. 140—142); тут жа факсіміле гэтых радкоў. Паводле рукапісу — выпраўлены тэкст надрукаваны С. М. Бондзі (у кнізе: А. Пушкин. «Сказки». Рэдакцыя, уступны артыкул і тлумачэнні Аляксандра Слонімскага. Другое выданне. M. — Л., 1933, с. 124—128)[1].

Пытанне пра завершанасць

[правіць | правіць зыходнік]

Пытанне пра цэласнасць твора застаецца адкрытым.

Меркаванне, быццам казка не завершана, звычайна падмацоўваецца трыма аргументамі: казка пры жыцці паэта не публікавалася; яна захавалася не ў белавым, а ў чарнавым рукапісе; казка рознастылёвая: яе вясёлая апошняя частка не дапасуецца да папярэдніх па настроі і да таго ж не служыць развязкай[2].

Заключная сцэна

[правіць | правіць зыходнік]

Па частцы фальклорных вытокаў заключная сцэна лічыцца найбольш вывучанай; толькі ёй, у адрозненне ад усяго папярэдняга аповеду, знойдзены канкрэтны фальклорны аналаг. У. Ф. Мілер і М. К. Азадоўскі пераканаўча паказалі, што апісаны тут Пушкіным збор звяроў узыходзіць да скамарохавай песні «Пра птушак» («За морам сініца не пышна жыла»), вядомай паэту як паводле зборніка М. Д. Чулкова «Збор розных песень», так і ў выкананні Арыны Радзівонаўны, пра што ён узгадвае ў вершах:

Спей мне песню, як сініца

Дзесь за морамі жыла...[3]

Існуюць варыянты, у якіх пералічваюцца не толькі птушкі, як у Чулкова, але і звяры, як у Пушкіна. Да таго ж, прадстаўляючы ў фінале казкі чараду жывёл, Пушкін, відаць, карыстаўся, поруч з песняй, і з іншымі жанрамі фальклору — дастаткова ўспомніць пра казачную традыцыю даваць персанажам разгорнутыя імёны, асабліва паказальную для казак пра жывёл. Адзначалася і сувязь з прыказкамі кшталту «Зайца ногі носяць, воўка зубы кормяць, лісу хвост беражэ»[4], а таксама з быліннай вобразнасцю:

Відаць, гэта не зайка скакаў, не белы гарнастай,

Гэта ішоў Чурыла Пленкавіч да старога Бермякі Васілевіча[5].

Усё гэта пацвярджае слушнасць У. Ф. Мілера, які ў «Казцы пра мядзведзіху» ўбачыў «такое ж мастацкае збіранне ў адзін фокус народных фарбаў, якія ўрэзаліся ў багатую памяць паэта, як і ў яго знакаміты пралог да «Руслана і Людмілы», гэтага дзівоснага калейдаскопу рускіх казачных матываў»[6].

Паслядоўнасць з'яўлення жывёл, у прынципе, тая ж, што ў казках пра жывёл — паводле сілы кожнага. Ад жывёл «сур'ёзнейшых» казка пераходзіць да драбнейшых, больш несур'ёзных, а пад канец і ўвогуле гумарыстычных персанажаў фальклорнай казкі, такіх, як заяц і вожык. Аднак у такім складзе звяры ўпершыню сабраліся толькі ў пушкінскай казцы пра мядзведзіху. Амаль усе згаданыя ў «Казцы пра мядзведзіху» звяры сустракаюцца ў вясельных песнях і абрадавых варожбах — там згадваюцца і мядзведзь, і бабёр, і заяц, и гарнастай (апошнія два асабліва часта)[2].

  1. 1 2 3 ФЭБ: Бонди и др. Примечания: Пушкин. ПСС. Т. 3. — 1949 (текст). Архівавана з першакрыніцы 22 снежня 2019. Праверана 16 студзеня 2011.
  2. 1 2 Медриш, Д. Н. Путешествие в Лукоморье. Сказки Пушкина и народная культура.. — Волгоград: Перемена, 1992. ISBN 5-88234-131-0.
  3. Зимний вечер (Пушкин) — Викитека. ru.wikisource.org. Архівавана з першакрыніцы 29 чэрвеня 2020. Праверана 29 чэрвеня 2020.
  4. Волков, Р. М. Народные истоки творчества А. С. Пушкина (баллады и сказки). Черновцы, 1960. С. 56.
  5. Древние российские стихотворения... N 18. С. 91.
  6. Миллер, В. Ф. Пушкин как поэт-этнограф. С. 178.