Казьма і Даміян
Казьма́ і Дамія́н, або Казьма́ і Дзям'я́н (грэч. Κοσμᾶς (Cosmas) καὶ Δαμιανός, сербск.: Козма и Дамјан) — браты, святыя-бяссрэбранікі, лекары і цудатворцы, якія паводле царкоўнай традыцыі жылі прыкладна ў другой палове III — пачатку IV стст.
Казьма і Дзям'ян у праваслаўі
[правіць | правіць зыходнік]Праваслаўная царква шануе тры пары святых, якія жылі, як лічыцца, у розны час і розных месцах:
- Казьма і Дзям'ян Асійскія (1/14 лістапада)
- Казьма і Дзям'ян, пацярпелыя ў Рыме (1/14 ліпеня)
- Казьма і Дзям'ян Аравійскія (17/30 кастрычніка)
Казьма і Дзям'ян Асійскія
[правіць | правіць зыходнік]Казьма і Дзям'ян, нарадзіліся ў Асіі (частка Малой Азіі). Час нараджэння і смерці дакладна не вядомыя. Лічыцца, што яны жылі не пазней за IV стагоддзе. Іх бацька, грэк і язычнік, памёр калі яны былі яшчэ малымі дзецьмі. Выхаваннем братоў у хрысціянскай веры займалася маці — Феадоція. Пазней дзеці былі аддадзены на навучанне доктарскай навуцы. Лічыцца, што Бог дараваў ім мастацтва вылячэння, што прыцягвала да іх мноства хворых. З хворых, якіх лячылі святыя, яны ніколі не бралі платы, выконваючы запаведзь Ісуса Хрыста: «Задарам атрымалі, задарам давайце» (Мф. 10, 8). Слава пра Казьму і Дзям'яна прайшла па ўсёй акрузе, і людзі назвалі іх бяссрэбранікамі.
Паводле легенды, святых аднойчы паклікалі да цяжка хворай жанчыны, якую лячыць адмовіліся ўсе ўрачы з-за яе безнадзейнага стану. Паладыя (так клікалі хворую) у сілу сваёй веры і па малітве братоў вылечылася. Поўная ўдзячнасці лекарам і жадаючы, каб яны прынялі ад яе хоць які-небудзь дар, Паладыя прыйшла да Дзям'яна. Яна прынесла яму тры яйкі і сказала: «Прымі гэты малы дар у Імя Святой Жыццепачатнай Тройцы — Бацькі, Сына і Святога Духа». Пачуўшы імя Троіцы, бяссрэбранік не асмеліўся адмовіцца. Казьма, даведаўшыся пра тое, што здарылася, быў засмучаны. Ён палічыў, што брат парушыў іх строгі зарок. Калі найшоў час Казьме паміраць, ён завяшчаў, каб брата не хавалі побач з ім. Праз некаторы час памёр і Дзям'ян. Людзі не маглі вырашыць, дзе будзе магіла Дзям'яна. Але тут адбыўся цуд: да людзей прыйшоў вярблюд, якога калісьці святыя вылечылі ад шаленства, і прамовіў чалавечым голасам, каб не сумняваючыся паклалі Дзям'яна побач з Казьмой, таму што «не дзеля ўзнагароды прыняў Дзям'ян дар жанчыны, а дзеля Бога». Так мошчы святых братоў былі пакладзены разам у Ферэмане (Месапатамія). Паводле падання і пасля смерці святыя бяссрэбранікі здзейснілі шмат цудаў.
Казьма і Дзям'ян, які пацярпелі ў Рыме
[правіць | правіць зыходнік]Казьма і Дзям'ян — браты родам з Рыма, урачы па прафесіі, прынялі мучаніцкую смерць у Рыме пры імператары Карыне (283—285). Выгадаваныя бацькамі-хрысціянамі ў правілах набожнасці, яны, паводле падання, вялі строгае, цнатлівае жыццё і валодалі дарам вылячэння хвароб. Сваім дабразычлівым стаўленнем да людзей браты многіх звярталі да веры ў Хрыста.
Духоўнае ўздзеянне на людзей, якое многіх прыводзіла да Царквы, прыцягнула ўвагу да братоў рымскіх улад. За ўрачамі былі пасланы воіны. Паводле легенды, пачуўшы пра гэта, хрысціяне папрасілі Казьму і Дзям'яна схавацца на час дзеля людзей, якія звярталіся да іх па дапамогу. Але, калі воіны не знайшлі братоў, яны схапілі іншых хрысціян у паселішчы, дзе жылі святыя. Тады Казьма і Дзям'ян пакінулі сховішча і аддалі сябе ў рукі рымскіх воінаў, папрасіўшы адпусціць узятых замест іх закладнікаў.
У Рыме святых спачатку пасадзілі ў вязніцу, а затым павялі на суд. Браты адкрыта прызналі перад рымскім імператарам і судом сваю веру ў Хрыста і адмовіліся прынесці ахвяру язычніцкім багам. Яны кахалі: «Мы нікому не прычынілі зла, мы не займаемся чараўніцтвам і вядзьмарствам, у чым вы нас вінаваціце. Мы лечым хваробы сілай Бога і Збавіцеля нашага Ісуса Хрыста і не бярэм ніякай узнагароды за дапамогу хворым».
Аднак імператар працягваў настойваць. Па малітве святых братоў, Бог паразіў Карына раптоўнай хваробай, каб ён на сабе зведаў усемагутнасць Бога, які не прабачае знеслаўлення Святога Духу. Людзі, якія бачылі цуд, усклікалі: «Вялікі Бог хрысціянскі і няма іншага Бога, акрамя Яго!». Многія прасілі святых урачоў вылечыць імператара, і сам ён маліў святых, абяцаючы звярнуцца ў хрысціянскую веру. Святыя вылечылі яго. Пасля гэтага Казьма і Дзям'ян былі адпушчаны на свабоду і зноў прыняліся за лячэнне хвароб.
Але стары ўрач-настаўнік, у якога браты вывучалі доктарскае мастацтва, стаў зайздросціць іх славе. Ён паклікаў братоў быццам бы для збору рэдкай лекавай травы і, завёў іх далёка ў горы, забіў, а целы кінуў у раку.
Казьма і Дзям'ян Аравійскія
[правіць | правіць зыходнік]Казьма і Дзям'ян Аравійскія былі амаль сучаснікамі рымскіх. Радзіма іх — Аравія. Яны таксама займаліся доктарскай навукай. Атрымаўшы ад Бога дар цудатварэнняў, яны вылечвалі хваробы людзей імем Хрыста.
Калі слых пра іх цуды і вучэнне дасягнуў гегемона Лісія, ён загадаў узяць іх пад варту. Прыведзеныя ў Кілікію, яны былі прадстаўлены перад гегемонам. Распытаўшы пра веру, імёны і айчыну, гегемон загадаў Казьме і Дзям'яну прынесці ахвяру ідалам. Яны не сталі выконваць загад, а насупраць прызналі сваю веру ў Хрыста. Тады Лісіны загадаў іх збіць і звязаных кінуць у мора. Але паводле легенды, Бог выратаваў іх ад патаплення. Анёл разарваў іх ланцугі і здаровых вывеў на сушу. Гэта цудоўнае выратаванне было прыпісана вядзьмарству. Раздражнёны гегемон загадаў пасадзіць іх у вязніцу. На другі дзень ён загадаў кінуць іх у агонь.
Бог і тут ахоўваў іх: агонь страціў натуральную сілу і не кранаў іх. Гегемон падвяргаў іх усё новым пакаранням, але ўсё дарма. Павесіўшы іх, спачатку загадаў кідаць у іх камяні, а потым страляць з лукаў, але камяні і стрэлы адскоквалі ад іх целаў і паражалі саміх катаў. Не знаходзячы больш сродкаў для дасягнення сваёй мэты, гегемон загадаў абезгаловіць іх мячом. Разам з імі пацярпелі яшчэ трое хрысціян: Лявонцій, Анфім і Еўтропій.
Усе пяць мучанікаў, якія пацярпелі разам, былі разам і пахаваны. Час іх смерці дакладна невядомы: лічыцца, што яны пацярпелі ў канцы III стагоддзя, у часы валадарання Дыяклетыяна і Максіміяна.
Казьма і Даміян у каталіцкай традыцыі
[правіць | правіць зыходнік]Каталіцкая царква шануе Казьму і Даміяна (нар. у Кілікіі або Аравіі, пам. каля 303) 26 верасня (дата была перанесена з 27 верасня пасля Другога Ватыканскага сабору, які рэфармаваў каталіцкі Літургічны каляндар).
Лічыцца, што вылечвалі людзей ў порце Эгея (Ægea) заліва Іскендэрун (сучасны турэцкі горад Аяс (Ayas), затым у рымскай правінцыі Сірыя.
Паводле Каталіцкай Энцыклапедыі, яны не прымалі за свае паслугі ніякай платы, за што называліся бяссрэбранікамі. Таксама гаворыцца, што з'яўляючыся хрысціянамі, яны многіх звярталі да веры ў Хрыста.
Падчас кіравання імператара Дыяклетыяна Казьма і Даміян былі арыштаваны па загадзе прэфекта Кілікіі Лісія, які катаваў іх з мэтай дамагчыся іх адрачэння ад сваёй веры. Аднак, паводле легенды, яны вынеслі ўсе выпрабаванні і тыя не аказалі ім ніякай шкоды. Тады яны былі пакараны смерцю праз адсячэнне галавы. Разам з імі былі пакараны смерцю іх малодшыя браты: Antimo, Leonzio і Euprepio, якія ішлі за імі на працягу ўсяго жыцця.
Адно з самых вядомых дзеянняў святых — аперацыя па замене ампутаванай нагі з язвай аднаго з пацыентаў, нагой нядаўна памерлага маўра (эфіёпа?). Гэты сюжэт знайшоў сваё адлюстраванне ў многіх творах сярэдневяковага мастацтва.
Гэты эпізод апісаны ў тэксце інкунабулы з жыцця святых, які з'явіўся ў Аўгсбургу ў 1489 годзе, наступным чынам: «Адзін чалавек пакутаваў ад хворай нагі. Лекі не дапамагалі. Аднойчы ў сне яму з'явіліся абодва святыя. З сабой у іх былі хірургічныя інструменты і мазь. Адзін спытаў у іншага: „Дзе нам узяць нагу, каб замяніць гэту?“ Той адказаў: „Сёння будуць хаваць чорнага маўра са здаровай нагой“. Першы сказаў: „Прынясі яе“. Ён адрэзаў нагу маўра, прыставіў яе да нагі хворага і багата наклаў мазі. А хворую нагу паклалі маўру ў труну. Калі пацыент прачнуўся, болю як не было. Ён устаў і загадаў слугам прынесці свечкі. Ён паўсюль распавядаў, што з ім адбылося. Людзі збегліся да труны маўра і ўбачылі адрэзаную нагу. Яны былі ўсцешаны цудам і з запалам дзякавалі Богу і святым Казьме і Даміяну»[1].
Ужо пачынаючы з IV стагоддзя ў гонар святых будуюцца цэрквы ў Іерусаліме, Егіпце і Месапатаміі. Іх рэліквіі, якія лічыліся цудатворнымі, былі пахаваны ў сірыйскім горадзе Кір. У гонар святых былі пабудаваны цэрквы Патрыярхам Проклусам і імператарам Юстыніянам I (527—565), які аднавіў Кірасу і прысвяціў гэта дзеянне святым, але мошчы святых перанёс у Канстанцінопаль. Юстыніян пабудаваў у Канстанцінопалі царкву ў гонар святых, якая стала месцам паломніцтва. У Рыме Папа Фелікс IV пераасвяціў Бібліятэку Міру ў базіліку ў гонар святых Казьмы і Даміяна на Форуме Веспасіяна. У гэтай царкве, якая добра захавалася, маюцца мазаікі VI стагоддзя, якія ілюструюць жыццё святых.
Галовы святых шануюць у жаночым манастыры Кларыс у Мадрыдзе, у якім яны знаходзяцца з тых часоў як былі падораны ў 1581 г. дачцэ імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі Карла V — Марыі. Да гэтага ў X стагоддзі яны былі дастаўлены з Рыма ў Брэмен. Таксама лічыцца, што чэрапы святых захоўваюцца ў Царкве Святога Міхаіла ў Мюнхене. Паводле надпісу на рацы з мошчамі, апошняя была выраблена каля 1400 года ў Брэмене і затым у 1649 годзе перанесена каралём Баварыі Максіміліянам I, які нарадзіўся прыблізна праз 100 гадоў, у 1756 г., у Царкву Святога Міхаіла ў Мюнхене.
Казьма і Даміян лічацца заступнікамі ўрачоў і хірургаў і іх выявы часам змяшчаюцца на медыцынскіх эмблемах. У Бразіліі святыя браты лічацца заступнікамі дзяцей і 27 верасня дзецям раздаюцца пакецікі з цукеркамі, на якіх намаляваны Казьма і Даміян. У горадзе Ізернія (Італія) яны шанаваліся ў рамках фалічнага культу, закліканага дараваць урадлівасць і дастатак.
Казьма і Даміян таксама лічацца заступнікамі горада Эсэна, дзе знаходзяцца іх мошчы ў скарбніцы Эсэнскага каталіцкага сабора. Яны былі перанесены біскупам г. Гільдэсгайма Альтфрыдам († 874), заснавальніка першага манастыра ў Эсэне.
Литература
[правіць | правіць зыходнік]- Косьмо-Дамиановский женский монастырь в Крыму. Краткое описание. Составлено П. Г. Киреевым. — Ялта, 1913
- Brigitte Bönisch-Brednich: «Kosmas und Damian, Hll.» In: Enzyklopädie des Märchens Bd. 8 (1996), Spp. 311–313 Google-Booksearch
- Anneliese Wittmann: Kosmas und Damian: Kultausbreitung und Volksdevotion. Berlin: Schmidt, 1967
- Шеппинг Д. О. Борис и Глеб, Кузьма и Демьян — Божьи кузнецы /Этюды из народных сказаний Архівавана 11 лістапада 2013. // Филологические записки. Воронеж, 1884.
Зноскі
- ↑ Хірургія ў выяўленчым мастацтве Архівавана 13 сакавіка 2006.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Казьма і Даміян
- Sts. Cosmas and Damian // Каталіцкая энцыклапедыя (англ.)
- Leslie G. Matthews, «SS. Cosmas and Damian — Patron Saints of Medicine and Pharmacy: Their Cult in England» in Medical History Архівавана 12 красавіка 2006.: notes on the few English churches dedicated to these saints
- Kosmas im ökumenischen Heiligenlexikon
- Damian im ökumenischen Heiligenlexikon
- Orthodox Calendar
- Santi Cosma e Damiano (англ.)
- Saint Cosmas (англ.)