Перайсці да зместу

Казімір Крыштоф Клакоцкі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Казімір Крыштоф Клакоцкі
стольнік плоцкі[d]
з 1666
8-ы харунжы менскі[d]
17 мая 1684 24 кастрычніка 1684
Папярэднік Ежы Статкевіч[d]
Пераемнік Казімір Караль Уніхоўскі[d]

Нараджэнне каля 1625
Смерць 24 кастрычніка 1685(1685-10-24)
Род Клакоцкія[d]
Жонка Рэгіна Мірская[d][1][2]
Дзеці Геранім Клакоцкі
Грамадзянства

Казімір Крыштаф Клокоцкі герба Наленч (польск.: Kazimierz Krzysztof Kłokocki;' каля 1625, Мазовія — 24 кастрычніка 1685, Старынкі) — дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага, ініцыятар адкрыцця Слуцкай друкарні.[3][4]

Паходзіў з мазавецкай шляхты. У 1645—7 гг. вучыўся ў Арлеане, у 1645 г. быў там бібліятэкарам германскай нацыі. У маладосці падарожнічаў па Еўропе. Добра ведаў лаціну, грэчаскую, нямецкую, французскую, турэцкую і татарскую мовы.

Як прыдворны каралевіча Караля Фердынанда, плоцкага біскупа, падпісаў разам з мазавецкай шляхтай элекцыю Яна Казіміра. У 1652 г. ваяваў пад Батогам як паручнік і трапіў у татарскі палон, з якога яго выкупіў бацька. У 1656 удзельнічаў у бітве пад Модлінам супраць шведаў, вызначыўся пад Памехавам.

Прынамсі з 1657 г. быў на службе ў Багуслава Радзівіла, потым у яго дачкі Людвікі Караліны. Выконваў у радзівілаўскіх маёнтках розныя гаспадарчыя функцыі, з 1658 г. — галоўным чынам у Слуцку. З 1660 г. быў кіраўніком слуцкай фартэцыі і арганізоўваў там супраціў Івану Хаванскаму. У 1663 г. стаў губернатарам Капыльскага і Слуцкага княстваў, у 1665 г. — плоцкім стольнікам. У 1677 г. быў паслом на сойм. Паводле тэстамента Багуслава Радзівіла (1668) быў прызначаны адным з 12 апекуноў яго дачкі Людвікі Караліны, а адначасова — адным з 3 эканомаў (кіраўнікоў) яе маёнткаў на Літве.

У 1665 г. схіляў Багуслава Радзівіла да набыцця друкарні для Слуцка. Пасля клапаціўся пра выбар твораў, якія там друкаваліся, і пра арганізацыю працы друкарні. Дзякуючы яго стараньням, там у 1678 г. выйшла «Турэцкая манархія» Поля Рыко, пераклад якой яму прыпісвалі, аднак гэтая гіпотэза была пастаўлена пад сумнеў. Паводле некаторых звестак, Клакоцкі з’яўляецца таксама перакладчыкам «Жыцця Магамета» і «Апісання Аль-Карана» Мішэля Бадзье (у рукапісе).

Клакоцкі меркаваў выдаць у Слуцку зборнік вершаў Збігнева Морштына, выбітнага паэта-арыяніна, з якім сябраваў. Ананімна надрукаваў у Слуцку «Слаўную перамогу…» З. Морштына (1674, 2 выданні).

Быў католікам, вызначаўся вялікай верацярпімасцю.

Заўзяты бібліяфіл, сістэматычна папаўняў сваю бібліятэку, у чым яму дапамагаў, у прыватнасці, З. Морштын. Некалькі рукапісаў з яго бібліятэкі (палітычныя сільвы, так званыя «Kłokociana») былі перададзены сынам Янам Геранімам пасля яго смерці ў бібліятэку Слуцкага езуіцкага калегіума (цяпер сярод збораў AGAD).

Пражываў пераважна ў радзівілаўскіх маёнтках: у Слуцку, у Бранчыцах каля Слуцка, у Старынках у Мінскім павеце, а таксама ў сваім уладанні Румоцы ў Млаўскім павеце.

Быў палкоўнікам ЯКМ (Яго Каралеўскай Мосці). У 1684 г. стаў мінскім харужым.

Памёр у Старынках 24.X.1684 г., пахаваны ў Слуцку 20.II.1685 г.

Ад шлюбу з Рэгінай Тэафілай Мірскай пакінуў сына Яна Гераніма, рэчыцкага харужага, пазней езуіта.

  1. Złota księga szlachty polskiej. Rocznik IV / пад рэд. T. ŻychlińskiPoznań: Jarosław Leitgeber, 1882. — С. 190. — 452 с.
  2. Złota księga szlachty polskiej. Rocznik V / пад рэд. T. ŻychlińskiPoznań: Jarosław Leitgeber, 1883. — С. 142. — 491 с.
  3. Клакоцкі Казімір Крыштоф. www.vkl.by. Праверана 4 жніўня 2026.
  4. Kłokocki Kazimierz Krzysztof // Polski Słownik Biograficzny, t. 13 str. 64