Казімір Рагоўскі

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Казімір Рагоўскі
польск.: Kazimierz Rogowski
Дата нараджэння 9 чэрвеня 1728(1728-06-09)
Месца нараджэння Беларусь
Дата смерці 15 чэрвеня 1810(1810-06-15) (82 гады)
Месца смерці Вільня
Род дзейнасці вучоны
Навуковая сфера тэалогія, філасофія
Месца працы Віленская акадэмія
Навуковая ступень доктар філасофіі і вольных навук, доктар тэалогіі
Навуковае званне прафесар
Альма-матар Віленская акадэмія, Полацкі езуіцкі калегіум

Казімір Рагоўскі (польск.: Kazimierz Rogowski; 9 чэрвеня 1728, Беларусь – 15 чэрвеня 1810, Вільня[1]) – езуіцкі тэолаг, філосаф, пісьменнік, педагог.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Скончыўшы езуіцкія школы ў Слоніме, 13 жніўня 1745 г. уступіў у Вільні ў Таварыства Ісуса. Пасля выпрабаванняў у навіцыяце (1745–1747) асвойваў педагагічнае майстэрства пад кіраўніцтвам прафесара Ігнація Петрыцыя ў Слуцку (1747–1748). Вывучаў філасофію ў Навагрудку (1748–1751), а пасля сканчэння гэтага курса выкладаў у мясцовым калегіуме ў гімназічных класах (1751–1756). Тэалогію вывучаў у Полацкім езуіцкім калегіуме (1756–1759) і Віленскай акадэміі (1759–1760), дзе на добрым узроўні авалодаў грэчаскай мовай і ў 1759 г. быў высвечаны на ксяндза.

У 1760–1761 гг. выкладаў у Слоніме. У 1761–1763 гг. – прафесар паэтыкі і моў у Віленскай акадэміі. У верасні 1762 г. выступіў з урачыстай прамовай з нагоды пачатку новага навучальнага года ў віленскай альма-матэр (Oratio… adversus iniquas studiosorum juvenum querelas et postulations (Вільня, 1762)). У 1762 г. атрымаў у акадэміі ступень доктара філасофіі і вольных навук. Прафесар філасофіі для свецкіх студэнтаў у Крожах (1763–1764).

Дзякуючы свайму багатаму педагагічнаму вопыту быў прызначаны прафесарам рыторыкі настаўніцкай семінарыі для семінарыстаў-езуітаў у Вільні пры касцёле Св. Ігнація (1765–1768). Прафесар філасофіі (1768–1770), прафесар маральнай тэалогіі і грэчаскай мовы, а таксама асістэнт тэалагічнага факультэта (1770–1773) Віленскай акадэміі. У 1772 г. атрымаў ступень доктара тэалогіі.

Пасля скасавання Таварыства Ісуса папам Кліментам XIV (1773) застаўся ў Віленскай акадэміі як прафесар філасофіі, а потым красамоўства, лацінскай і грэчаскай. У 1781 г. на ўрачыстай цырымоніі адкрыцця навучальнага года выступіў з прамовай, у якой патлумачыў значэнне валодання гэтымі мовамі. Даваў прыватныя лекцыі для менш паспяховых студэнтаў. У 1783 г. звольнены з пасады з атрыманнем пенсіі ў памеры 800 злотых на год. У 1798 г. быў запрошаны аднавіць выкладчыцкую кар’еру, гэтым разам на пасадзе прафесара грэчаскай мовы (да 1804 г.)[2].

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Апрача значнай колькасці прамоў на адкрыццё і заканчэнне навучальнага года апублікаваў шэраг панегірычных твораў: Żal powszechny abo Threny żałobne po śmierci Michała Sapiehy, Podkanclerzego, podczas aktu solennego pogrzebu, imieniem Rezydencji Słonimskiej SJ (Вільня, 1761); Oratio sub auspiciis magni nominis Rever. Caroli Karp, canonici (Вільня, 1762). Выдаў тэзісы па філасофіі[1] і падручнік рыторыкі Gnomae orationis gemmae sive sententiae variae variis ex authoribus sacris et profanis... collectae (Вільня, 1792), які змяшчаў лацінскія і грэчаскія выказванні[3].

Зноскі

  1. 1,0 1,1 Grzebień, L. (Ed.), Encyklopedia Wiedzy o jezuitach na ziemiach Polski i Litwy, 1996.
  2. Królikowska, A. Profesorowie jezuickich seminariów nauczycielskich od XVI do XVIII wieku. Słownik biograficzny. / A.Królikowska. – Kraków: Wydawnictwo Naukowe Akademii Ignatianum w Krakowie – Wydawnictwo WAM, 2017. – s. 130.
  3. Królikowska, A. Profesorowie jezuickich seminariów nauczycielskich od XVI do XVIII wieku. Słownik biograficzny. / A.Królikowska. – Kraków: Wydawnictwo Naukowe Akademii Ignatianum w Krakowie – Wydawnictwo WAM, 2017. – s. 130–131.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Encyklopedia wiedzy o jezuitach na ziemiach Polski i Litwy 1564–1995 / оprac. L. Grzebień. – Kraków: Wyd-wo WAM, 1996. – 882 s.
  • Królikowska, A. Profesorowie jezuickich seminariów nauczycielskich od XVI do XVIII wieku. Słownik biograficzny. / A.Królikowska. – Kraków: Wydawnictwo Naukowe Akademii Ignatianum w Krakowie – Wydawnictwo WAM, 2017. – 188 s.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]