Казімір Сваяк

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Шаблон:Вызнч Шаблон:Вызн, сапр.: Шаблон:Вызн2 (Шаблон:Вызн2) (19 лютага 1890, в. Барані Свянцянскага пав. — 6 мая 1926, Вільня), беларускі каталіцкі святар, грамадска-нацыянальны дзеяч, паэт.

Нарадзіўся ў сям’і селяніна–поўвалочніка Мацея Стаповіча, у сям’і было шасцёра дзяцей (у т.л. браты Альбін і Бернард[1] Стаповічы) і яна месціліся ў невялікай хатцы пакуль мясцовы пан Сволькен, у якога Мацей служыў лесніком, не выдзеліў участак зямлі і дрэва на будаўніцтва новага дома. Новы вялікі (па тагачасных мерках) – “на два канцы” – дом стаіць (часткова) у Баранях і сёння (адзін “канец” перавезены).

Скончыў пачатковую і Свянцянскую павятовую школы (1905). У 1906 – 1907 жыў у Вільні дзе пазнаёміўся з “Нашай Нівай”. У 1908 паступіў у Пецярбургскую духоўную семінарыю. У 1912 захварэў на сухоты, у тым жа годзе напісаў першы верш “На імяніны майго пробашча”. Зіму 1912-1913 правёў на курорце ў Закапанэ. У 1913 у газеце “Беларус” друкуюцца яго творы. З-за хваробы толькі вясной 1915 быў высвечаны на ксяндза ў Петраградзе з рук біскупа Цепляка і атрымлівае прызначэнне вікарыем у Камайскі касцёл. Неўзабаве, к вялікай радасці К. Стаповіча, яго пераводзяць у Клюшчаны, што побач Баранёў, 19 чэрвеня 1915 газета “Беларус” змясціла віншаванне ксяндзу Стаповічу з нагоды яго прыміцыі ад жыхароў Клюшчан.

У Клюшчанах К. Стаповіч стварыў хор, у якім, паводле звестак Я. Драўніцкага, спявалі хлопцы і дзяўчаты з Вялікай Казаноўшчыны, Будрань, Пятрашышак, Кісялёў, некаторыя нават з Трашчан. У самаго К. Стаповіча быў добры слых і лірычны тэнар, ён добра граў на скрыпцы, а смычком дырыжыраваў. З хорам ён развучваў не толькі рэлігійныя, але і народныя беларускія песні: “Чырвона каліначка”, “Гусі”, “Зялёны дубочак”, “Салавейка”. Першае казанне на беларускай мове прагучала ў Клюшчанскім касцёле 21 лістапада 1915 года.

У Клюшчанах узнік нелегальны гурток “Хаўрус Сваякоў”, галоўнай задачай якога з’яўлялася самаадукацыя на аснове хрысціянскай этыкі. Тут рыхтавалі і чыталі рэфераты, ладзілі канцэртна-дэкламацыйныя сходы, арганізоўвалі прадстаўленні (для пастаноўкі выкарыстоўваліся найчасцей п’есы самаго Сваяка), народныя бібліятэкі. У Клюшчанскай акрузе намаганнямі К. Стаповіча было адкрыта сем школ. Адна з іх – бараньская – размяшчалася ў бацькоўскай хаце – займала яе палову, потым, калі стала цесна, перайшла да суседа – Вітаўта Буйкі. Не хапала настаўнікаў – К. Стаповіч адкрыў курсы па іх падрыхтоўцы. Падручнікі, школьныя прылады ён таксама прывозіў з Вільні, часта – набытыя за ўласныя грошы. У канцы 1916 за беларусізацыю касцёла К. Стаповіча пераводзяць на Беласточчыну. Дзе ён таксама спрабаваў увесці беларускую мову ў касцёле, але гэта было адразу забаронена мясцовым пробашчам.

У 1917-1919 хварэў, зноў паехаў у Закапанэ дзе адначасова працаваў капеланам кліматычнага шпіталя. У ліпені 1919 сабраўся дадому, у Клюшчаны. Па дарозе заехаў да сябра – ксяндза Я. Германовіча (Вінцук Адважны) у Лапіцу, што пад Ваўкавыскам. Там К. Стаповіч выступаў з казаннямі па-беларуску, прычыніўся да арганізацыі школ. У выніку з’явіўся пратэст, падпісаны мясцовымі ксяндзамі, супраць ўжывання беларускай мовы ў касцёле.

Узімку 1919-1920 – зноў у Закапанэ. З гэтага часу яго творы – вершы, апавяданні, эсэ, філасофскія эцюды, гумарэскі, публіцыстычныя артыкулы рэлігійнага і літаратурна-крытычнага зместу, у т.л. нарыс пра Ф. Багушэвіча, нататку пра аповесць "Дзве душы" М. Гарэцкага, пачынаюць друкаваць ў віленскіх беларускіх перыядычных выданнях. З Закапанэ прыехаў у Пабродзе, дзе закончыў пісаць навуковую працу аб уніі на Беларусі для рэдакцыі “Крыніцы”. Калі пачалася савецка-польская вайна, К. Стаповіч пераязджае з Пабродзя ў Клюшчаны, дзе падчас прыходу Чырвонай арміі заступае ўцёклага пробашча, а таксама і пробашча ў Буйвідзях.

У кан. 1920 К. Стаповіч атрымлівае размеркаванне ў Засвір, дзе служыў ў напаўразбураным кармяліцкім саборы, пераробленым пасля паўстання 1863 года ў праваслаўную царкву. К. Стаповіч стаў першым пробашчам пасля аднаўлення касцёла, тоўстыя і вільготныя сцены будынка былі шкоднымі для яго здароўя. З-за даносу недобразычліўцаў хутка К. Стаповічу было забаронена служыць на беларускай мове, нават уладамі быў учынены вобыск, з мэтаю знайсці беларускамоўную літаратуру.

У Засвір К. Стаповіча прыяджаў мастак Ракіцкі, сябра “Хаўрусу Сваякоў”, які намаляваў абраз св. Язафата Кунцэвіча для галоўнага алтара. У гонар св. Язафата К. Стаповіч устанавіў у парафіі 16 лістапада фэст. Таксама прыяджаў кс. В. Гадлеўскі з Жодзішак, які рабіў казанні па-беларуску. Бываў мастак і пісьменнік Язэп Драздовіч, яны з К. Стаповічам абмяркоўвалі тэмы беларускага мастацтва, літаратуры, гісторыі, беларускага адраджэння, Драздовіч падарыў Стаповічу некалькі абразоў. Заяджаў Людовік Хамінскі.

Восенню 1922 стан здароўся К. Стаповіча пагаршаецца. Восень 1923 – вясну 1924 зноў правёў у Закапанэ. Вяртаецца ў Засвір, але хварэе. У 1924 у Вільні выходзіць зборнік паэзіі Казіміра Сваяка “Мая Ліра”, зборнік аб’яднаў самыя розныя творы Сваяка: вершы-медытацыі, і вершы–звароты да Бога, вершы–імпрэсіі і вершы ў прозе, балады і жартаўлівыя прыпеўкі, вершы на евангельскія сюжэты. Зіма 1924-1925 – зноў Закапанэ, але стан здароўя пагаршаецца, зімой 1926 К. Стаповіч нават думае што памрэ на чужыне, некалькі разоў просіць брата Альбіна і кс. Адама Станкевіча забраць яго з Закапанэ. Урэшце кс. А. Станкевіч паехаў за ім, у К. Стаповіча нават з’явілася надзея што на радзіме ў Клюшчанах ён выздаравее, але з цягніка ў Вільні яго давялося выносіць ужо на руках.

Паміраў ён у Вільні, у шпіталі, пры смерці быў пры ім ксёндз Адам Станкевіч. Памёр 6 мая, 7 мая цела перавезлі ў касцёл святога Мікалая. Там сабралася ўсё віленскае беларускае грамадства. Прамову меў ксёндз Адам Станкевіч.

К. Стаповіч прасіў у сяброў, каб яго пахавалі ў Клюшчанах – ён даўно выбраў сабе месца, але пахавалі яго ў Вільні на могілках Роса, непадалёк ад магілы Чурлёніса. Хор Віленскай беларускай гімназіі спяваў беларускія рэлігійныя песні. Згодна з жаданнем, выказаным у тастаменце, над магілай прагучалі ўсе тры мовы: кс. Гадлеўскі – па-беларуску, кс. Рэпаць – па-польску, кс. Чыбірас – па-літоўску. На адкрыццё помніка К. Стаповічу ў Вільню за 85 км прыйшла вялікая група моладзі з Клюшчан.

Друкаваўся з 1913 ("Беларус"). Аўтар зборніка вершаў "Мая ліра" (Вільня, 1924), вершаванага апавядання "Чарку дай, браце" (Вільня, 1926). Выступаў як публіцыст, пісаў драматычныя творы. Асобнымі выданнямі выйшлі "Янка Канцавы" (Вільня, 1920, 1924), "Купальле" (Вільня, 1930). Напісаў філасофскі дзённік "Дзея маёй мысьлі, сэрца і волі" і "Аўтабіяграфію".

У 1990 А. Мальдзіс падчас візіту ў Ватыкан пры размове з папам унёс прапанову прылічыць Канстанціна Стаповіча да ліку блаславёных.

Зноскі

  1. Нар. 30.8.1907 у вёсцы Барані на Віленшчыне. Вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі. У 1939 скончыў агранамічны факультэт Віленскага універсітэту. У 1945 прыехаў у Сопат, да 1952 працаваў у Аддзеле сельскай гаспадаркі ваяводзкай ўправы ў Гданьску, пасля ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі ў Варшаве. У 1972 выйшаў на пенсію, пісаў артыкулы па аграноміі ў часопіс "Gromada Rolnik Polski". Пам. 9.8.1982.