Казіная воўна
Казіная воўна — тэкстыльны матэрыял, выраблены з поўсці свойскіх коз.
Апісанне
[правіць | правіць зыходнік]Шэрснае покрыва ў коз шэрсных парод складаецца з аднародных валокнаў, якія ўтвараюць коскі даўжынёй 15—18 см, у пуховых і малочных — з восцяў і пуху. Настрыг воўны 3—6 кг, начос пуху з пуховых коз да 0,5 кг. Казіны пух — прамысловая сыравіна, найтанчэйшае валакно жывёльнага паходжання, якому ўласцівы высокія прадзільныя і валкоўныя якасці, лёгкасць, эластычнасць, адносная трываласць і малая цеплаправоднасць. З яго вырабляюць хусткі, ажурныя шалі «павуцінка», паланціны і інш. У сумесі з тонкай мерыносавай воўнай і ў чыстым выглядзе казіны пух можна выкарыстаць на выраб трыкатажу і фетру лепшых гатункаў. Для аднароднай паўтонкай воўны (махер) коз ангорскай пароды характэрна трываласць, пругкаць, люстрынавы бляск, эластычнасць.
Стрыжка
[правіць | правіць зыходнік]Незадоўга да стрыжкі коз падрыхтоўваюць. Ім выдаляюць моцна забруджаныя ўчасткі поўсці з каўтунамі, лінялымі валасамі. Нарыхтоўшчыкі стрыгуць коз на асабістых гаспадарках або на фермерскіх прадпрыемствах. Стрыжку праводзяць ручнымі ці электрычнымі нажніцамі. Руно зразаюць каля скуры. Важна сачыць, каб яно было аднароднай даўжыні[1].
Пры ўважлівым доглядзе і дбайнай племянной працы праводзіць стрыжку коз можна два разы на год. Каб козы не захварэлі, іх трэба стрыгчы ў цёплае надвор’е, альбо даць ім цёплае памяшканне[1].
Нельга затрымліваць стрыжку коз. Гэта прывядзе да пагаршэння якасці воўны і страты пуху[1].
З буйных казлоў можна састрыгчы да 6 кг сыравіны ў год, гадавы настрыг з матак звычайна складае 1,5—2,5 кг[1].
Будова
[правіць | правіць зыходнік]Казіная поўсць па будове не падобная на авечую. У ёй ёсць пуховыя, пераходныя і восцевыя валокны[1]. Лускаваты пласт моцна злучаецца з коркавым, пры гэтым асобныя лускавінкі злучаныя адна з адной. Дзякуючы гэтаму казіная воўна валодае адмысловым бляскам, пругкасцю, эластычнасцю і трываласцю. Яе валокны нашмат трывалей валокнаў авечай. Казіная воўна згортваецца і прадзецца горш, чым авечая.
Віды казінай воўны
[правіць | правіць зыходнік]Казіная воўна атрымліваецца з разнастайных парод свойскіх коз, пераважна шэрснага кірунку. Найлепшымі відамі казінай воўны з’яўляюцца воўна ангорскай казы , званая таксама махерам, і воўна кашмірскай козы[2].
Выкарыстанне
[правіць | правіць зыходнік]З казінай воўны вырабляюць розныя прадметы адзення, такія як: хусткі, кофты і світары , шкарпэткі, шалікі. Таксама з воўны вырабляюць дываны[1]. З больш якаснай сыравінай вырабляюць пражу. Грубейшыя віды поўсці выкарыстоўваюць у вытворчасці пэндзляў, шчотак, лямцавых вырабаў (напрыклад, валёнак, вусцілак) і нават рамянёў ГРМ[1].
Зноскі
- ↑ а б в г д е ё Отличие козьего пуха от шерсти (руск.)
- ↑ Козья шерсть (руск.)
Казіная воўна на Вікісховішчы |