Перайсці да зместу

Кайнэ

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Кайнэ
Рэгіёны Усход Рымскай імперыі
Класіфікацыя

Індаеўрапейскія мовы

Грэчаскія мовы
Старажытнагрэчаскія дыялекты
Усходнія
Атычны грэчаскі дыялект
Грэчаскае кайнэ
LINGUIST List grc-koi
Glottolog koin1234

Кайнэ́ (ад κοινή — бел.: «агульны», таксама вядомая як александры́йскі дыяле́кт, агу́льная аты́чная альбо эліністы́чная грэ́чаская) — былая агульная надрэгіянальная форма грэчаскай мовы, якая выкарыстоўвалася ў вусным і пісьмовым ужытку падчас эліністычнай эры і эпохі Рымскага панавання.

Узнікла ў выніку распаўсюджвання грэчаскай мовы пасля заваяванняў Аляксандра Македонскага ў IV ст. да н.э. і служыла ў якасці агульнага лінгва франка ў большай частцы рэгіёна Міжземнамор’я і Блізкага Усходу ў наступныя стагоддзі. Засноўвалася, у першую чаргу, на атычнай і блізкай да яе іанічнай маўленчых формах, а таксама ўключала некаторыя рысы іншых дыялектаў, ад чаго адбылося своеасаблівае згладжванне дыялектных рыс у параўнанні з іншымі дыялектамі[1].

Грэчаскае кайнэ было прадстаўлена шматлікімі формамі, пачынаючы ад больш кансерватыўных літаратурных форм да мясцовых гутарковых народных варыяцый[2].

Як асноўная мова Візантыйскай імперыі кайнэ далей развілася ў сярэдневяковую грэчаскую, якая стала галоўным продкам навагрэчаская мовы[3], мяжа паміж якімі адзначаецца ў прыкладна 600 гадоў.

Літаратурная мова кайнэ прысутнічала ў большай частцы посткласічнай грэчаскай літаратуры і навуцы, напрыклад, працах Плутарха і Палібія[1]. Грэчаскае кайнэ таксама з’яўлялася моваю, на якой былі напісаны Новы Запавет, а таксама Септуагінта (грэчаскі пераклад Яўрэйскай Бібліі, 3 ст. да н.э.) і самыя раннія тэалагічныя дакументы Айцоў Царквы. У гэтым кантэксце грэчаскае кайнэ вядомае таксама як «Біблейскае», «Новазапаветнае» або «патрыстычная грэчаская»[4].

Слова кайнэ (стар.-грэч.: κοινή) у перакладзе з грэчаскай азначае «агульны» і ў гэтым кантэксце абазначае «агульны дыялект» (стар.-грэч.: κοινὴ διάλεκτος). Старажытнагрэчаскае вымаўленне слова рэалізоўвалася як [koiˈneː], паводле навагрэчаскай мовы — як [ciˈni].

Тэрмін ужываўся ў розных сэнсах рознымі старажытнымі навуковымі школамі. Напрыклад, навуковая школа Апалонія Дыскола і Элія Герадыяна пад тэрмінам кайнэ мела на ўвазе протагрэчаскую мову, у той час як іншыя выкарыстоўвалі яго для пазначэння любой народнай формы грэчаскага маўлення, якія так ці іначай адрозніваліся ад літаратурнай мовы[5].

Аднак калі грэчаскае кайнэ стала ў I ст. да н.э. моваю літаратуры, некаторыя людзі сталі адрозніваць у кайнэ дзве формы: пісьмовую грэчаскую як літаратурную класічную[6] і простамоўную паўсядзённую формы[5]. Іншыя пад тэрмінам кайнэ сталі разумець александрыйскі дыялект (стар.-грэч.: περὶ τῆς Ἀλεξανδρέων διαλέκτου), дыялект Александрыі альбо нават тагачасны ўніверсальны дыялект. Раней таксама часта з’яўлялася мовай ужытку сярод сучасных класіцыстаў.

Паходжанне і гісторыя

[правіць | правіць зыходнік]

Грэчаскае кайнэ ўзнікла ў асяроддзі арміі Аляксандра Македонскага[5]. У перыяд панавання Македоніі зноў узнік агульны дыялект, які распаўсюдзіўся на тэрыторыі ад Егіпта да Месапатаміі[5]. Хаця элементы грэчаскага кайнэ аформіліся ў перыяд Класічнай Эры, пачатак грэчаскага паслякласічнага перыяду вызначаецца са смерцю Аляксандра Македонскага ў 323 годзе да н.э., калі культуры, што знаходзіліся пад эліністычным уплывам, сталі ў сваю чаргу аказваць уплыў на мову.

Наступны гістарычны перыяд пачынаецца з узнікненнем сярэдневяковай грэчаскай мовы і звычайна датуецца ад часу заснавання Канстанцінопаля Канстанцінам I у 330 годзе. Такім чынам, можна казаць пра ўзнікненне і развіццё грэчаскага паслякласічнага перыяду на працягу ўсёй эліністычнай і рымскай эпох ажно да пачатку Сярэдневякоўя[5].

Моўныя карані агульнага грэчаскага дыялекту заставаліся незразумелымі з самых антычных часоў. У эліністычную эпоху меркавалі, што кайнэ — вынік змяшэння чатырох галоўных дыялектаў старажытнагрэчаскай мовы (стар.-грэч.: ἡ ἐκ τῶν τεττάρων συνεστῶσα — «аб’яднанне чатырох»). Гэты погляд у пачатку XX ст. падтрымаў нямецкі лінгвіст Паўль Крэчмер у сваёй працы «Die Entstehung der Koine» (1901 год), у той час як Ульрых Вілямовіц і Антуан Мее, абапіраючыся на істотныя іанічныя элементы ў кайнэ (напрыклад σσ замест ττ, ρσ замест ρρ (θάλασσα — θάλαττα, ἀρσενικός — ἀρρενικός)) лічылі, што кайнэ з’яўляецца спрошчанай формай іанічных дыялектаў[5]. Погляд, прыняты на сёння акадэмічнай навукай, агучыў грэчаскі лінгвіст Георгіёс Хатцыдакіс. Ён даказаў, што, нягледзячы на тэзісы пра «аб’яднанне чатырох» і «ўстойлівае ядро», грэчаскае кайнэ мае атычнае паходжанне. Іншымі словамі, паходжанне кайнэ можна разглядаць як атычнае з дадаткам вызначаных іанічных элементаў (аднак пры гэтым дадатковыя элементы паходзяць не толькі з іанічных, а яшчэ і з іншых дыялектаў). Ступень прысутнасці неатычных моўных элементаў у кайнэ можа адрознівацца ў залежнасці ад рэгіёна эліністычнага свету[5]. Напрыклад, варыянты кайнэ, на якіх размаўлялі ў іанічных калоніях Малой Азіі (напрыклад, Понт), былі пад большым іанічным ўплывам чым, напрыклад, варыянты кайнэ, на якіх размаўлялі ў Лаконіі і Кіпры, і якія неслі ў сабе дарыйскі і аркада-кіпрскі ўплывы адпаведна.

Літаратурнае кайнэ эліністычнай эпохі мае падабенства з атычным дыялектам у такой ступені, што з гэтай прычыны яго [кайнэ] часта ўзгадваюць як агульную атычную[5].

Першымі вучонымі, якія вывучалі кайнэ (як у александрыйскі, так і ў найноўшы час), былі класіцысты, якія вывучалі літаратурны атычны дыялект класічнага перыяду, і, разам з гэтым, адмоўна ставіліся да іншых варыяцый грэчаскай мовы. З гэтай прычыны, кайнэ на працягу істотнага часу лічылася не вартай увагі сапсаванай формай грэчаскай мовы[5]. Перагляд гістарычнай і лінгвістычнай значнасці кайнэ пачаўся толькі ў пачатку ХІХ ст., калі была праведзена серыя даследаванняў на тэму эвалюцыі кайнэ на працягу ўсяго эліністычнага і рымскага перыядаў.

Крыніцы, выкарыстаныя ў гэтых даследаваннях кайнэ, шматлікія і нераўназначныя па якасці. Самыя значныя з іх — надпісы посткласічнага перыяду і папірусы — два віды тэкстаў з аўтэнтычным зместам, што могуць разглядацца як першакрыніцы[5]. Іншымі важнымі крыніцамі з’яўляюцца Септуагінта, грэчаскі пераклад Старога Запавету Бібліі, а таксама Новы Запавет. Інфармацую пра кайнэ таксама можна атрымаць з твораў некаторых атыцыстаў эліністычнага і рымскага перыядаў, якія, не прымаючы эвалюцыю мовы, публікавалі працы, згодна з якімі правільныя, на іх думку, фрагменты на атычным дыялекце параўноваліся, на іхнюю ж думку, з няправільнымі фрагментамі на кайнэ. Напрыклад, Фрыніх Арабій у II ст. н.э. пісаў:

  • Βασίλισσα οὐδείς τῶν Ἀρχαίων εἶπεν, ἀλλὰ βασίλεια ἢ βασιλίς.
    • «Basílissa (бел.: царыца) ніхто са старажытных не казаў, а basíleia ці basilís».
  • Διωρία ἐσχάτως ἀδόκιμον, ἀντ' αυτοῦ δὲ προθεσμίαν ἐρεῖς.
    • «Dioría (прызначаны тэрмін, час) абсалютна не літаратурна, замест гэтага трэба казаць prothesmía».
  • Πάντοτε μὴ λέγε, ἀλλὰ ἑκάστοτε καὶ διὰ παντός.
    • «Не кажыце pántote (бел.: заўсёды), а hekástote і diá pantós»

Іншыя крыніцы могуць засноўвацца на выпадковых знаходках, як напрыклад надпісы на вазах, напісаныя вядомымі мастакамі, памылкі, зробленыя атыцыстамі праз неідэальнае валоданне літаратурнай атычнай формай, а таксама грэка-лацінскія слоўнікі, якія захаваліся з рымскага перыяду[7], прыкладам:

  • Καλήμερον, ἦλθες;
    Bono die, venisti?
    • бел.: Добры дзень, Вы прыйшлі?
  • Ἐὰν θέλεις, ἐλθὲ μεθ' ἡμῶν.
    Si vis, veni mecum.
    • бел.: Калі хочаце, хадзем з намі.[8]
  • Πρὸς φίλον ἡμέτερον Λεύκιον.
    Ad amicum nostrum Lucium.
    • бел.: Да нашага друга Луцыя.
  • Τί γὰρ ἔχει;
    Quid enim habet?
  • Ἀρρωστεῖ.
    Aegrotat.

Урэшце, вельмі важнай крыніцай інфармацыі пра антычнае кайнэ з’яўляюцца сучасная грэчаская мова, яе дыялекты і свая ўласная форма кайнэ, якія захавалі шэраг вусных рыс старажытнай мовы, страчаных, аднак, у пісьмовай традыцыі. Напрыклад, пантыйскі і кападакійскі дыялекты захавалі вымаўленне η як ε (νύφε, συνέλικος, τίμεσον, πεγάδι і г.д.), разам з гэтым у цаконскім дыялекце захавалася вымаўленне падоўжанага α замест η (ἁμέρα, ἀστραπά, λίμνα, χοά і г.д.) і іншыя мясцовыя рысы дарыйскага грэчаскага дыялекту[5]. Дыялекты, носьбіты якіх жылі на поўдні грэчаскамоўных рэгіёнаў (Дадэканес, Кіпр) захавалі вымаўленне двайной зычнай (ἄλ-λος, Ἑλ-λάδα, θάλασ-σα), тады як у іншых дыялектах назіраецца вымаўленне υ як ου альбо захаванне ў вымаўленні антычных двайных форм (κρόμμυον — κρεμ-μυον, ράξ — ρώξ і г.д.). Моўныя з’явы, падобныя на пералічаныя вышэй, выжылі ў кайнэ, якая ў сваю чаргу мела вялікую колькасць варыяцый па ўсёй грэчаскамоўнай прасторы[5].

Варыяцыі кайнэ

[правіць | правіць зыходнік]
Папірус 46 — адзін з найстарэйшых захаваных рукапісаў Новага Запавету, напісаны на папірусе на грэчаскай мове. Найбольш імаверная дата стварэння — паміж 175—225 гг. н. э.

Біблейскае кайнэ

[правіць | правіць зыходнік]

Біблейскае кайнэ паходзіць ад віду грэчаскага кайнэ, выкарыстанага ў Грэчаскай Бібліі і іншых блізкіх да яе тэкстах. Яго асноўнымі крыніцамі з’яўляюцца:

  • Септуагінта. Грэчаскі пераклад Яўрэйскай Бібліі і тэкстаў, не ўключаных у яе. Датуецца III ст. да н.э.
  • Грэчаскі Новы Запавет. У арыгінале складзены на грэчаскай мове.

Грэчаская мова Септуагінты

[правіць | правіць зыходнік]

Існуюць дыскусіі датычна таго, у якой ступені біблейская грэчаская супадала з тагачаснымі нормамі размоўнага кайнэ, і ў якой ступені біблейская грэчаская змяшчала спецыфічныя рысы семіцкага субстрату. Імаверна, яны былі выкліканы практыкай перакладу непасрэдна з яўрэйска- ці арамескаймоўных арыгіналаў, альбо рэгіянальнымі формамі грэчаскага маўлення, што былі распаўсюджаны сярод арамейскамоўных яўрэяў. Некаторымі рысамі, што абмяркоўваліся ў гэтым кантэксце, з’яўляюцца, напрыклад, нарматыўная адсутнасць у Септуагінце часціц μέν і δέ, выкарыстоўванне слова ἐγένετο і г.д. Некаторыя рысы біблейскага варыянта грэчаскай мовы, якія, меркавана, з’яўляюцца першапачаткова ненарматыўнымі, урэшце рэшт увайшлі ва ўжытак грэчаскай мовы.

Грэчаская мова Новага Запавету

[правіць | правіць зыходнік]

Грэчаская мова Новага Запавету мае менш выражаны характар семіцкага ўплыву ў адрозненне ад мовы Септуагінты. У прыватнасці, гэта звязана з тым, што старажытнаяўрэйская і біблейская арамейская мовы не з’яўляліся першачарговымі крыніцамі для перакладу тагачаснага Новага Запавету[9].

Грэчаская мова Святых Айцоў

[правіць | правіць зыходнік]

Тэрмін грэчаская мова Святых Айцоў часам выкарыстоўваўся для пазначэння варыянта грэчаскай мовы, што выкарыстоўваўся ў пісьменстве грэчаскіх Айцоў Царквы — раннехрысціянскіх багасловаў позняй антычнасці. Раннія хрысціянскія аўтары аддавалі перавагу ўжыванню простага стылю кайнэ, які быў адносна блізкім да тагачаснага размоўнага маўлення, прытрымліваючыся такім чынам прыкладу маўлення Бібліі. Па IV ст., калі хрысціянства стала афіцыйнаю рэлігіяй Рымскай імперыі, ва ўжытак патрапілі і больш пісьменныя формы кайнэ[10].

Адрозненні між атычным дыялектам і грэчаскім кайнэ

[правіць | правіць зыходнік]

Даследаванне ўсіх крыніц, якія храналагічна адносяцца да перыяду ўжывання кайнэ, паказвае вызначаны пласт моўных змен у гутарковым маўленні. Прыкладам:

На працягу перыяду існавання грэчаскага кайнэ ў значнай ступені адбыліся пэўныя фаналагічныя змяненні. Так, напрыклад, у пачатку існавання кайнэ яе фанетыка была практычна ідэнтычнай старажытнагрэчаскай, тады як у канцы свайго існавання фанетыка кайнэ наблізілася да фанетыкі ў сучаснай грэчаскай мове.

Сярод гэтых змен найперш адзначаюцца страта адрознення даўжыні галосных, замена сістэмы танальнага націску сістэмаю сілавога, манафтангізацыя некаторых дыфтонгаў:

  • Старажытнае адрозненне паміж доўгімі і кароткімі галоснымі паступова страцілася, і з II ст. да н.э. усе галосныя гукі набылі аднолькавую даўжыню[5].
  • З II ст. да н.э. сістэма націску ў словах змянілася з тонавага на сілавы, гэта значыць музычны націск у складзе замяніўся на гучнейшы і/або мацнейшы[5].
  • Аспірацыя (прыдыханне), якое ўжо на той момант было страчана ў іанічнай малаазіяцкай і эанійскай лесбаскай маўленчых формах, перастала вымаўляцца і ўказвацца ў тэкстах шырокага ўжытку[5].
  • Знікненне ў вымаўленні і пісьме гука ι ў дыфтонгах з пачатковымі доўгімі галоснымі (ᾱͅ, ῃ, ῳ)[5].
  • Трансфармацыя дыфтонгаў αι, ει, οι ў звычайныя адзіночныя галосныя. Такім жа чынам, αι, якое з ІV стагоддзя да н.э. у беатыйскім маўленні ператварылася ў падоўжанае ε і запісвалася як η, у кайнэ стала падоўжаным ε, а пасля — кароткім. У V ст. да н.э. у такіх рэгіёнах, як Аргас, дыфтонг ει аб’яднаўся з ι (у Карынфе — нават у IV ст. да н.э.), потым гэта вымаўленне перайшло і ў кайнэ. Дыфтонг οι набыў вымаўленне накшталт французскага u [y], яно пратрымалася да Х ст. н.э. Дыфтонг υι стаў рэалізоўвацца як [yj] і пакінуў сваё дыфтонгавае вымаўленне. Дыфтонг ου з VI ст. да н.э. стаў рэалізоўвацца на ўзор лацінскага вымаўлення u, гэта вымаўленне захавалася і да сёння[5].
  • Дыфтонгі αυ і ευ сталі рэалізоўвацца як [av] і [ev] (паводле грэчаскага напісання — [aβ], [eβ]), пры гэтым выпрабаваўшы частковую асіміляцыю (прыпадабненне) ў [af] і [ef] перад глухімі зычнымі (θ, κ, ξ, π, σ, τ, φ, χ, ψ)[5].
  • Простыя галосныя захавалі сваё старажытнае вымаўленне, акрамя η, якое стала рэалізоўвацца як ι, і υ, якое здолела захаваць сваё вымаўленне як [y] толькі да Х ст. н.э. і пазней стала вымаўляцца таксама як ι. Рэалізацыя гэтых дзвюх літар як аднога гука стала прычынаю блытаніны ў пісьме між υ і οι, у гэты ж час пачалося пашырэнне ўжывання гука ι, што вядома як іятацызм[5].
  • Зычныя таксама ў дастатковай меры захавалі сваё старажытнае вымаўленне, за выняткам β, γ, δ, φ, θ, χ і ζ. Β, Γ, Δ. Першапачаткова яны мелі вымаўленне b, g, d, аднак потым сталі рэалізоўвацца як v, gh, dh, ɣ, ð, што захоўваецца і сёння, апроч выпадкаў, калі яны стаяць за насавымі галоснымі: у гэтым выпадку яны захоўваюць сваё старажытнае вымаўленне. Апошнія тры, гэта значыць Φ, Θ, Χ, якія першапачаткова з’яўляліся прыдыхальнымі зычнымі (вымаўленне як /pʰ/, /tʰ/, /kʰ/ адпаведна), перайшлі ў фрыкатыўнае [f]. Урэшце, літара Ζ, вымаўленне якой яшчэ класіфікуецца як падвойная зычная разам з ξ і ψ і якая першапачаткова вымаўлялася як /sd/, стала рэалізоўвацца як уласна /z/ (як у сучаснай навагрэчаскай мове)[5].

Фанетыка грэчаскага Новага Запавету

[правіць | правіць зыходнік]

Кайнэ, прыведзенае ў табліцы ніжэй, з’яўляецца рэканструкцыяй кайнэ паводле Новага Запавету, якое ў некаторай ступені паходзіць ад дыялектаў, якія ў I ст. н.э. былі распаўсюджаны ў Іўдзеі і Галілеі і былі падобныя на дыялекты Александрыі. Варта заўважыць, што рэалізацыя пэўных фанем адрозніваецца ад стандарту атычнага дыялекту кайнэ. Напрыклад, мяккае фрыкатыўнае β у інтэрвакальнай пазіцыі, захаванне прыдыхальных выбухных ph, th, kh, захаванне адрознення паміж i, ē, e, y (якая яшчэ заставалася агубленай, гл. раздзел «Фаналогія») і г.д.

Літара Грэчаская Транслітарацыя Запіс у МФА
Альфа α a a
Бэта β (-β-) b b (-β-)
Гама γ g ɣ
Дэльта δ d d
Эпсілон ε e ɛ
Дзэта ζ z
Эта η ē e
Тэта θ th
Ёта ι i i
Капа κ k k
Лямбда λ l l
Мі μ m m
Ні ν n n
Ксі ξ x ks
Амікрон ο o o
Пі π p p
Ро ρ r ɾ
Сігма σ (-σ-/-σσ-) s (-s-/-ss-) s (-z-/-sː-)
Таў τ t t
Іпсілон υ y y
Фі φ ph
Хі χ ch
Псі ψ ps ps
Амега ω ō o
. αι ai ɛ
. ει ei i
. οι oi y
. υι yi yj
. αυ au aw
. ευ eu ɛw
. ηυ ēu ew
. ου ou u

Прыклады тэкстаў на кайнэ

[правіць | правіць зыходнік]

Ніжэйпрыведзеныя прыклады тэкстаў паказваюць адрозненні ад атычнай грэчаскай па ўсіх аспектах: граматыцы, марфалогіі, лексіцы, а таксама адлюстроўваць шэраг змен у фанетыцы.

Тэксты паказваюць развіццё фаналогіі ў перыяд існавання кайнэ. Фанетычная транскрыпцыя з’яўляецца эксперыментальнай і ілюструе два рэканструяваныя этапы: ранейшы кансерватыўны від, досыць блізкі да атычнай грэчаскай, і пазнейшы, які па некаторых характарыстыках набліжаецца да навагрэчаскай.

Вытрымкі з указу рымскага сената горада Тысба (рэгіён Беотыя), які датуецца 170 годам да н.э. Вымаўленне тэксту з’яўляецца рэканструяваным і паказвае гіпатэтычны кансерватыўны від мацерыковага грэчаскага кайнэ у пачатку эліністычнай эры[11]. Транскрыпцыя ілюструе частковы (аднак не закончаны) уздым η, ει > /i/; захаванне танальнага націску; фрыкатывізацыю γ > /j/ (аднак яна пры гэтым адсутнічае ў іншых выбухных зычных) і захаванне ў пачатку густога прыдыхальнага /h/.

" стар.-грэч.: περὶ ὧν Θισ[β]εῖς λόγους ἐποιήσαντο· περὶ τῶν καθ᾿αὑ[τ]οὺς πραγμάτων, οἵτινες ἐν τῇ φιλίᾳ τῇ ἡμετέρᾳ ἐνέμειναν, ὅπως αὐτοῖς δοθῶσιν [ο]ἷς τὰ καθ᾿ αὑτοὺς πράγματα ἐξηγήσωνται, περὶ τούτου τοῦ πράγματος οὕτως ἔδοξεν· ὅπως Κόιντος Μαίνιος στρατηγὸς τῶν ἐκ τῆς συνκλήτου [π]έντε ἀποτάξῃ οἳ ἂν αὐτῷ ἐκ τῶν δημοσίων πρα[γμ]άτων καὶ τῆς ἰδίας πίστεως φαίνωνται.

ˈperì hôːn tʰizbîːs lóɡuːs epojéːsanto; perì tôːn katʰ hautùːs praɡmátoːn, hoítines en tîː pʰilíaːi tîː heːmetéraːi enémiːnan, hópoːs autoîs dotʰôːsin hoîs tà katʰ hautùːs práɡmata ekseːɡéːsoːntai, perì túːtuː tûː práɡmatos húːtoːs édoksen; hópoːs ˈkʷintos ˈmainios strateːɡòs tôːn ek têːs syŋkléːtuː pénte apotáksiː, hoì àn autôːi ek tôːn deːmosíoːn praɡmátoːn kaì têːs idíaːs písteoːs pʰaínoːntai
Датычна спраў, па якіх жыхары Тысбы зрабілі запыт. Датычна іх пытання наконт іх, жыхароў Тысбы, прапановы па атрыманні права весці справы тым, хто застаецца верным нашай дружбе, было прынята наступнае рашэнне: наш кіраўнік Квінт Меній мусіць дэлегаваць пяць членаў сената, якіх ён лічыць годнымі ў пытанні іх грамадскай дзейнасці і ўласнай добрасумленнасці.

"

Грэчаскі Новы Запавет

[правіць | правіць зыходнік]

Урывак, паказаны ніжэй, прадстаўляе з сябе рэканструяванае вымаўленне пачатку Евангелля паводле Яна. На ім можна праілюстраваць больш новую, распаўсюджаную ў раннехрысціянскую эру, варыяцыю кайнэ, якая паказвае прыбліжэнне вымаўлення галосных да таго, якое існуе ў навагрэчаскай мове[12].

" стар.-грэч.: Ἐν ἀρχῇ ἦν ὁ λόγος, καὶ ὁ λόγος ἦν πρὸς τὸν θεόν, καὶ θεὸς ἦν ὁ λόγος. οὗτος ἦν ἐν ἀρχῇ πρὸς τὸν θεόν. πάντα δι᾽ αὐτοῦ ἐγένετο, καὶ χωρὶς αὐτοῦ ἐγένετο οὐδὲ ἕν. ὃ γέγονεν. ἐν αὐτῷ ζωὴ ἦν, καὶ ἡ ζωὴ ἦν τὸ φῶς τῶν ἀνθρώπων. καὶ τὸ φῶς ἐν τῇ σκοτίᾳ φαίνει, καὶ ἡ σκοτία αὐτὸ οὐ κατέλαβεν.

ˈen arˈkʰi in o ˈloɣos, ke o ˈloɣos im bros to(n) tʰeˈo(n), ke tʰeˈos in o ˈloɣos. ˈutos in en arˈkʰi pros to(n) tʰeˈo(n). ˈpanda di aɸˈtu eˈjeneto, ke kʰoˈris aɸˈtu eˈjeneto ude ˈen o ˈjeɣonen. en aɸˈto zoˈi in, ke i zoˈi in to pʰos ton anˈtʰropon; ke to pʰos en di skoˈtia ˈpʰeni, ke i skoˈti(a) a(ɸ)ˈto u kaˈtelaβen
У пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Слова было Бог. Яно было ў пачатку ў Бога. Усё праз Яго пачало быць, і без Яго нічога не пачало быць, што пачало быць. У Ім было жыццё, і жыццё было святлом чалавечым. І святло ў цемры свеціць, і цемра не ахапіла яго.

"
  1. а б Bubenik, V. The rise of Koiné // A history of Ancient Greek: from the beginnings to late antiquity / A. F. Christidis. — Cambridge: University Press, 2007. — С. 342-345.
  2. Horrocks, Geoffrey. 4-6 // Greek: a history of the language and its speakers. — London: Longman, 1997.
  3. Horrocks, Geoffrey C. Greek: a history of the language and its speakers. — 2. — London: Longman, 2010. — С. xiii. — ISBN 978-1-4051-3415-6.
  4. A history of ancient Greek by Maria Chritē, Maria Arapopoulou, Centre for the Greek Language (Thessalonikē, Greece) pg 436 ISBN 0-521-83307-8
  5. а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с т у Andriotis, Nikolaos P. History of the Greek Language.
  6. Не варта блытаць з атыкізмам.
  7. Augsburg.
  8. Між тым, у лацінскай частцы памылкова ўжыты варыянт перакладу «са мною», тады як слушны пераклад — «з намі».
  9. Frederick Cornwallis Conybeare (1856—1924) Grammar of Septuagint Greek
  10. Horrocks (1997: ch.5.11.)
  11. G. Horrocks (1997), Greek: A history of the language and its speakers, p. 87), cf. also pp. 105—109.
  12. Horrocks (1997: 94).