Перайсці да зместу

Каланіяльны падзел Афрыкі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Параўнанне Афрыкі ў 1880 і 1913 гадах

Каланіяльны падзел Афрыкі — падзел афрыканскіх тэрыторый паміж шэрагам еўрапейскіх дзяржаў у XV—XX стагоддзях.

Пачатак еўрапейскай каланізацыі

[правіць | правіць зыходнік]

Пранікненне еўрапейцаў у Афрыку на поўдзень ад Сахары пачалося ў XV стагоддзі, калі да берагоў Заходняй Афрыкі былі накіраваны партугальскія караблі. Да 1485 года партугальцы стварылі апорныя пункты на ўзбярэжжы Гвінейскага заліва, затым падняліся па рацэ Конга і дасягнулі аднайменнага каралеўства.

Адкрыццё марскога шляху ў Індыю ў 1498 годзе паклала пачатак партугальскай экспансіі ва Усходняй Афрыцы.

Партугальскія факторыі ў Заходняй і Усходняй Афрыцы сталі цэнтрамі гандлю рабамі, у якую ўцягваліся шырокія вобласці Афрыканскага кантынента. Нараўне з партугальцамі пастаўкай рабоў у Амерыку займаліся купцы іншых еўрапейскіх краін.

На мяжы XVI—XVII стагоддзяў частку партугальскіх каланіяльных уладанняў захапілі Нідэрланды. У Афрыцы пад іх уладай апынуўся востраў Маўрыкій, які яны з 1598 года пачалі асвойваць. У 1652 годзе ўзнікла нідэрландская калонія ў Паўднёвай Афрыцы на мысе Добрай Надзеі (Капская калонія).

Каланіяльная экспансія

[правіць | правіць зыходнік]

Англійская каланіяльная экспансія разгарнулася ў XVII стагоддзі. У выніку англа-галандскіх войнаў XVII—XVIII стагоддзяў была падарвана каланіяльная гегемонія Нідэрландаў, а падчас Вайны за іспанскую спадчыну 1701—1714 гадоў Вялікабрытанія атрымала права асьента[es] — манапольнае права на ўвоз у іспанскія калоніі рабоў-неграў з Афрыкі. У 1795—1806 гады яна захапіла Капскую калонію.

У XVII стагоддзі захоп уладанняў на заходнім узбярэжжы Афрыкі, паміж вусцем ракі Сенегал і Гвінейскім залівам, пачала Францыя. Французы ўстанавілі кантроль над востравам Рэюньён у Індыйскім акіяне, заснавалі гандлёвы пост у Сенегале, у 1643—1674 гадах паспрабавалі стварыць калонію на востраве Мадагаскар.

Пасля паражэння Францыі ў Сямігадовай вайне 1756—1763 гадоў асноўныя французскія каланіяльныя ўладанні, у тым ліку ў Афрыцы, перайшлі да Вялікабрытаніі. Пасля напалеонаўскіх войнаў Францыя па Парыжскім мірным дагаворы 1814 года захавала за сабой у Афрыцы невялікую тэрыторыю ў Сенегале і на востраве Рэюньён.

Гандаль рабамі

[правіць | правіць зыходнік]

Гандаль рабамі працягваўся на тэрыторыі Афрыкі 400 гадоў — з сярэдзіны XV да сярэдзіны XIX стагоддзяў. Што абярнулася для Афрыкі велізарнымі людскімі стратамі, дэфармацыямі ў эканамічным, сацыяльна-палітычным і культурным развіцці, дэградацыяй і запусценнем шырокіх раёнаў. Пасля забароны гандлю рабамі еўрапейскія камерсанты пераарыентаваліся на гандаль золатам, спецыямі, прадуктамі алейнай пальмы, каўчукам, слановай косцю і іншым.

Поўная каланізацыя кантынента

[правіць | правіць зыходнік]

У перыяд «каланіяльнага падзелу свету» (апошняя чвэрць XIX стагоддзя) еўрапейскія дзяржавы ўстанавілі кантроль над унутранымі раёнамі Афрыкі. Спрэчкі і супярэчнасці паміж імі вырашаліся двухбаковымі і шматбаковымі пагадненнямі (гл. Берлінская канферэнцыя 1884—1885 гадоў) — самыя вялізныя і эканамічна важныя раёны аказаліся пад брытанскім і французскім панаваннем.

Вялікабрытанія ў 1880—1890-х гадах захапіла Самалі, Паўночную Нігерыю, Бечуаналенд, Зулуленд, Паўднёвую і Паўночную Радэзію, Ньясаленд, Кенію, Занзібар, Залаты Бераг. Брытанскі кантроль быў устаноўлены над Суэцкім каналам (1875 год) і над Егіптам (1882 год). У выніку вайны супраць бурскіх рэспублік Паўднёвай Афрыкі 1899—1902-х гадоў іх тэрыторыі былі пераўтвораны ў брытанскую калонію (з 1910 года — дамініён Паўднёва-Афрыканскі Саюз).

З 1830-х гадоў Францыя зноў пачала каланіяльны захоп у Афрыцы. Да пачатку Першай сусветнай вайны ёй належалі Алжыр, Туніс, Марока, Мадагаскар, Рэюньён, Французскае Самалі, шырокія ўладанні ў Заходняй і Экватарыяльнай Афрыцы.

У канцы XIX — пачатку XX стагоддзяў у Афрыцы суверэннымі лічыліся толькі дзве дзяржавы — Эфіопія і Ліберыя. Астатняя тэрыторыя кантынента ўваходзіла ў склад каланіяльных уладанняў Вялікабрытаніі, Францыі, Германіі, Бельгіі, Партугаліі, Іспаніі, Італіі. Афрыканцы аказвалі супраціўленне, нярэдка ўзброенае, каланіяльнай экспансіі (гл. у артыкулах Чака, Абд аль-Кадзір).

Пасля Першай сусветнай вайны

[правіць | правіць зыходнік]

У выніку Першай сусветнай вайны Германія страціла свае калоніі: Германскую Усходнюю Афрыку, Германскую Паўднёва-Заходнюю Афрыку, Камерун і Тогаленд. Раздзел каланіяльных уладанняў Германіі паміж Вялікабрытаніяй, Францыяй, Бельгіяй і Партугаліяй быў юрыдычна аформлены мандатнай сістэмай Лігі Нацый.

У 1922 годзе суверэннай дзяржавай быў абвешчаны Егіпет.

Пасля Першай сусветнай вайны метраполіі сталі больш інтэнсіўна асвойваць захопленыя тэрыторыі, ператвараючы іх у свае аграрна-сыравінныя прыдаткі.

Сельскагаспадарчая вытворчасць пад ціскам каланіяльных уладаў пераарыентавалася на экспарт. Усё больш калоній станавілася тэрыторыямі монакультурнай гаспадаркі. Напярэдадні Другой сусветнай вайны ў многіх з іх ад 2/3 да 98 % кошту экспарту прыпадала на якую-небудзь адну культуру — земляны арэх, какава-бабы, кава, гарбата, бавоўна, тытунь і іншае. Экспартная прадукцыя вырошчвалася як у гаспадарках афрыканскіх сялян, так і на фермах еўрапейскіх пасяленцаў.

Прамысловасць, якая стваралася ў Афрыцы — галоўным чынам горназдабыўная — таксама мела выяўленую экспартную арыентацыю і хутка развівалася. Да канца 1930-х гадоў Афрыка займала адно з вядучых месцаў у свеце па здабычы алмазаў, кобальту, золата, храміту, літыевых мінералаў, марганцавай руды, медзі, фасфатаў.

Сістэма кіравання

[правіць | правіць зыходнік]

Эфектыўна эксплуатаваць насельніцтва Афрыкі еўрапейцы не маглі без удзелу саміх афрыканцаў — яны былі ўключаны ў сістэму як прамога, так і ўскоснага каланіяльнага кіравання.

Пры прамым кіраванні каланіяльная адміністрацыя прызначала афрыканскіх правадыроў у той ці іншы раён, без уліку мясцовых інстытутаў улады і паходжання прэтэндэнта, плаціла ім заробак.

У сістэме ўскоснага кіравання каланіяльныя ўлады фармальна захоўвалі інстытуты ўлады, якія склаліся, але перабудавалі іх у адпаведнасці са сваімі патрэбамі. Правадыром мог стаць толькі чалавек, які належаў да мясцовай шляхты, ён атрымліваў адлічэнні ад сумы сабраных ім падаткаў.

Сістэма прамога кіравання часцей выкарыстоўвалася ў французскіх калоніях, ускоснага — у брытанскіх, але гэта не было правілам.

Пасля другой сусветнай вайны

[правіць | правіць зыходнік]

У 1950—1960-я гады пад напорам нацыянальна-вызваленчага руху адбыўся распад каланіяльнай сістэмы ў Афрыцы, які завяршыўся ў 1970-х гадах[1].