Перайсці да зместу

Кальвінскі збор (Койданава)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Славутасць
Кальвінскі збор
Кальвінскі збор у Койданаве. Малюнак Н. Орды. 1876
Кальвінскі збор у Койданаве. Малюнак Н. Орды. 1876
53°41′26,71″ пн. ш. 27°07′39,89″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Горад Дзяржынск
Канфесія Кальвінізм
Тып будынка збор
Архітэктурны стыль готыка
Заснавальнік Крыштаф Мікалай Радзівіл Пярун
Дата пабудовы 1613 год
Дата скасавання 1945
Стан знішчаны
Глобус Беларусі globustut.by/dzerzhinsk/…
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Койданаўскі кальвінскі збор — рэлігійная грамада і кальвінскі храм у пачатку XVII — першай палове XX ст. у мястэчку Койданава (з 1932 года — Дзяржынск).

Койданаўскі збор. 1918

Пабудаваны ў 1613 годзе ў гатычным стылі па фундацыі Крыштафа Мікалая Радзівіла «Пяруна» на месцы старажытнага гарадзішча, вядомага як Койданаўскі замак. Пры будаўніцтве выкарыстоўвалі цэглу памерам 27х13х7 см на вапнава-пясчанай рошчыне. Перабудаваны ў 1884 годзе. У зборы захоўвалася Берасцейская Біблія 1563 года[1].

Койданаўская кальвінісцкая парафія існавала да 1913 года. У пачатку XX ст. яна ахоплівала 3 паветы (Мінскі, Ігуменскі, Навагрудскі) і налічвала каля 200 прыхаджан. Збор пацярпеў у савецка-польскую вайну, у 1920-я гады у ім размяшчаліся бальшавіцкія армейскія склады, у 1930-я гады разабраны на патрэбы будаўніцтва.

Астатні комплекс быў моцна пашкоджаны ў час Другой сусветнай вайны, пазней цалкам разабраны[1].

Уяўляў сабой мураваны прамавугольны ў плане храм зальнага тыпу з пяціграннай алтарнай апсідай, абапал якой было дзве сакрысціі, і чатырох’яруснай (два ніжнія ярусы — чацверыкі, астатнія — васьмерыкі) вежай-званіцай. Асноўны аб’ём, бакавыя сцены якога былі ўмацаваны контрфорсамі і прарэзаны арачнымі аконнымі праёмамі, быў накрыты высокім двухсхільным гонтавым дахам, на якім узвышаўся купал з пазалочанымі флюгерамі. Вежа-званіца з гадзіннікам і вялікім звонам у верхнім ярусе завяршалася шатром, сцены праразалі высокія арачныя вокны і круглыя байніцы[1].

Атларная частка збора
Кальвінскі збор і замак, 1918

Асноўны аб’ём падзяляўся чатырма васьміграннымі слупамі на тры нефы, што былі перакрыты зорчатымі скляпеннямі. Каля алтара размяшчалася разная дубовая кафедра. У другім ярусе вежы былі хоры, якія выходзілі ў галоўны неф храма балконам з размаляванай балюстрадай, арган перавезены ў 1866 г. з Мінскага касцёла бернардзінак[1].

План Койданаўскага замка

Тэрыторыя збора, абкружаная валамі і вадзяным ровам, была ўмацавана мураванай сцяной з двухсхільным гонтавым пакрыццём і дзевяццю круглымі ў плане двух’яруснымі абарончымі вежамі, якія мелі па шэсць байніц, завершанымі конусападобнымі дахамі. Цераз роў да брамы быў пракладзены драўляны мост вянковай канструкцыі з размаляванай балюстрадай. На тэрыторыі збору знаходзіўся аднапавярховы мураваны будынак плябаніі, накрыты гонтавым дахам, на асобным падвор’і — драўляныя будынкі двухкласнай кальвінскай школы, якая існавала да сярэдзіны XIX ст., шпіталя, жылыя і гаспадарчыя пабудовы[1].

Зноскі

  1. а б в г д Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік / Беларус. Энцыкл.; Рэкал.: А. А. Воінаў і інш. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-078-5.