Калібанган

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Месца раскопак

Калібанган, або Калібанга (хіндзі: कालीबंगा) — помнік археалогіі на месцы старажытнага паселішча Індскай цывілізацыі. Знаходзіцца ў штаце Раджастхан на паўночным захадзе Індыі.

Адкрыццё[правіць | правіць зыходнік]

Калібанган быў адкрыты італьянскім даследчыкам Луіджы Піа Тэсіторы ў 1917 г., пра што ён паведаміў у Археалагічную службу Брытанскай Індыі. У 1919 г. Л. П. Тэсіторы верна вызначыў тое, што помнік з’яўляўся старажытнейшым за перыяд Маур’яў. Раскопкі ў Калібангане былі арганізаваны індыйскімі археолагамі толькі ў 1961 г. і працягваліся на працягу 9 сезонаў да 1969 г. Такім чынам Калібанган стаў першым паселішчам Індскай цывілізацыі, дакладна ідэнтыфікаваным на тэрыторыі Індыі.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

План паселішча

Калібанган узнік як умацаванае паселішча ў ранні харапскі перыяд каля 2450 г. да н. э. Першаснае паселішча нагадвала абрысамі паралелаграм каля 250 м з поўначы на поўдзень і 160 м з усходу на захад. Яго абараняў мур з сырцовай цэглы. Знутры месціліся аднапавярховыя будынкі з таго ж матэрыялу. Археолагамі былі знойдзены падземныя і надземныя печы, яміны, тынкаваныя вапнай (магчыма, для захавання вады), і керамічны посуд. На паўночным усходзе ад паселішча знаходзіліся палеткі, дзе вырошчваліся бабовыя і гарчыца. Падобны метад спалучэння 2 культур на адным полі вядомы ў навакольнай мясцовасці і ў нашы дні. Батанікамі былі зафіксаваны адкладанні пылкі зёлкавых.

Раннее паселішча было пакінута каля 2300 г. да н. э. меркавана з-за землятрусу. Але крыху пазней на яго месцы ўзнікла новае паселішча, што праіснавала да 1750 г. да н. э. Яно мела тыповую структуру Індскай цывілізацыі: падзялялася на ўмацаваную цытадэль і ніжні горад. У паўднёвай частцы ўмацаванняў цытадэлі вылучаліся 2 бастыёны. Каля аднаго з іх выявілі агмень і яміну памерамі 1,25 м х 1 м, абліцаваную цэглай, знутры якой знаходзіліся косткі свойскай жывёлы. На думку археолагаў, гэта магло быць месца рэлігійных ахвярапрынашэнняў. У паўночнай частцы меліся 3 брамы і жылыя дамы, пераходы паміж якімі брукаваліся цэглай. За 300 м ад цытадэлі быў створаны некропаль. Жыхары тагачаснага Калібангана карысталіся 3 рознымі тыпамі магільняў, практыкавалі як трупапакладанне, так і крэмацыю памерлых.

Ніжні горад нагадваў паралелаграм 360 м з поўначы на поўдзень і 240 м з усходу на захад. Падобна цытадэлі ён быў акружаны мурам ад 3,5 м да 9 м у шырыню. Вуліцы ніжняга горада былі арыентаваны па баках свету і падзялялі жыллёвую прастору на кварталы. Уваходы ў жытлы звычайна рабілі з боку завулкаў. У некаторых дварах месціліся калодзежы. Адзінай арганізаванай сістэмы каналізацыі не было. Бруд сцякаў у спецыяльныя яміны і ровы ніжэй за ўзровень будынкаў. Археолагі адшукалі ў ніжнім горадзе такія артэфакты, як пячаткі, меры вагі, тэракотавыя пласціны з выявамі рагатага мужчыны, магчыма бажаства, кераміку і інш. Відавочна, асноўнай ежай гараджан быў ячмень. За 80 м на ўсход ад ніжняга горада стаяў асобны будынак з тоўстай сцяной, што атачала пакой. У ім было знойдзена адразу некалькі агменяў.

Насельнікі Калібангана моцна залежалі ад сезонных рэк, што жывіліся мусонамі. У пару Індскай цывілізацыі мясцовыя рэкі некалькі разоў мянялі свае рэчышчы, далучаліся то да сістэмы то Ганга, то да сістэмы Джамны. Апошняя змена адбылася напярэдадні заняпаду паселішча і магла быць звязанай з ім.

Галерэя[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]