Перайсці да зместу

Калітропсіс

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Калітропсіс
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Callitropsis Oerst.

Адзіны від
Callitropsis pygmaea (Lemmon) D.P. Little

Сістэматыка
на Віківідах

Пошук выяў
на Вікісховішчы
NCBI  257622
IPNI  20006839-1

Калітро́псіс (Callitropsis) — род голанасенных хвойных раслін сямейства кіпарысавых, уключае адзін від — калітропсіс нутканскі (Callitropsis nootkatensis).

Вечназялёнае аднадомнае дрэва вышынёй да 40 (60) м і дыяметрам ствала да 2 (4) м. Каранёвая сістэма добра развітая. Крона конусападобная або пірамідальная, звычайна з паніклай верхавінай і бакавымі парасткамі. Парасткі падоўжаныя, пляскатыя. Лісце (ігліца) накрыж супраціўнае, простае, суцэльнае, суцэльнакраёвае, даўжынёй да 2,5 мм; дарослае лісце лускападобнае, ювенільнае — часта іголкападобнае.

Мужчынскія шышкі дробныя, прадаўгаватыя, даўжынёй 2–5 мм, жаўтаватыя. Спелыя жаночыя шышкі акруглыя, дыяметрам 8–12 мм, з 2–3 (4) парамі шчытападобных супраціўных лускавінак, спачатку зялёных з шызым налётам, пры выспяванні бурых, з невялікай нарасцю ў цэнтральнай частцы; спеюць звычайна на 2‑і год пасля апылення. Пасля выспявання ападаюць цалкам. Насенне пляскатае, з двума крыламі.

Распаўсюджаны ў халодных і ўмераных шыротах на заходнім Ціхаакіянскім узбярэжжы Паўночнай Амерыкі (Канада, ЗША). Шырока культывуецца ў розных рэгіёнах зямнога шара. У Беларусі інтрадукаваны, зрэдку культывуецца пераважна на поўдні. Мае мноства сартоў, якія адрозніваюцца памерамі раслін, формай кроны, афарбоўкай лісця.

Ценевынослівы, вільгацелюбівы, непатрабавальны да ўрадлівасці глебы, дрэнна пераносіць засуху, даволі зімаўстойлівы, сярэднеўстойлівы да гарадскіх умоў, устойлівы да шкоднікаў і хвароб, добра пераносіць стрыжку, даволі лёгка размнажаецца вегетатыўна. Працягласць жыцця складае да 1500 і больш гадоў.

Драўніна трывалая, устойлівая да гніення, шырока выкарыстоўваецца ў суднабудаванні, для вытворчасці мэблі, посуду, сталярных вырабаў, розных прадметаў быту. Каштоўная дэкаратыўная расліна. Лекавая расліна ў народнай медыцыне.

У культуры гібрыдызуе з відамі роду гесперацыпарыс (Hesperocyparis).