Калі ўзыходзіла сонца
«Калі ўзыходзіла сонца» | |
---|---|
Жанр | раман |
Аўтар | Сымон Баранавых |
Дата першай публікацыі | 1957 |
Электронная версія |
Калі ўзыходзіла сонца — раман Сымона Баранавых, апісвае камсамольскае падполле ў Беларусі ў час польска-савецкай вайны. Незавершаны, 1-я кніга напісана ў 1935-1936 гадах.
Гісторыя твора
[правіць | правіць зыходнік]Адзіную копію рамана захавала ў сябе жонка пісьменніка Надзея Іванаўна Бударкевіч. Увосень 1936 года С. Баранавых здае дзве копіі ў выдавецтва для выдання ў наступным годзе, а дзве дае сябрам пачытаць. Адна была ў жончыных сваякоў Рудакоўскіх, яе вярнулі. У тым жа годзе С. Баранавых арыштавалі. Ён пісаў жонцы і прасіў зберагчы рукапіс, спадзяваўся скончыць працу, але загінуў у зняволенні на Калыме. Раман пабачыў свет толькі ў 1957 годзе пад рэдакцыяй Алеся Пальчэўскага.
Змест
[правіць | правіць зыходнік]У аснове сюжэта — змаганне падпольнай групы супраць польскіх акупантаў. Дзеянне ідзе ў невялікім павятовым горадзе на Беларусі. Удзельнікі падполля — сталяр Фіма, цырульнік Бора Брант, Сцёпка Макавейчык, Косцік Бранявіцкі, Марыся Суравец — увасабляюць ідэю гераічнай барацьбы і перамогі. Гэта бясстрашныя, самаадданыя змагары за савецкую ўладу. Паказваючы небяспечную, мужную барацьбу сваіх герояў, пісьменнік праўдзіва выяўляў слабасці і недахопы іх працы. У рамане няма ідэалізацыі вобразаў маладых патрыётаў, рамантызацыі незвычайных подзвігаў. Лёсы герояў поўныя трагічных сітуацый.
Мастацкія асаблівасці
[правіць | правіць зыходнік]Адзін з найбольш значных і па-мастацку завершаных твораў Сымона Баранавых. Ён вылучаецца стройнасцю, зладжанасцю кампазіцыі, дынамічнасцю, драматызмам сюжэта, цікавымі, змястоўнымі вобразамі, лаканічнасцю, апрацаванасцю мовы.
Пісьменнік імкнуўся перадаць атмасферу непрымірымасці, непакоранасці беларускага народа перад акупантамі. Раман гуманістычны. «Думка пра чалавека як найвялікшую каштоўнасць складае найбольш прываблівы бок гэтага твора» — пісаў Юльян Пшыркоў[1].
Выданні
[правіць | правіць зыходнік]У газетах 30-х гадоў з’явіліся два ўрыўкі з рамана пад назвай «Маладая кроў». Пасмяротныя выданні ўсёй кнігі:
- Калі ўзыходзіла сонца: Раман / Уступны артыкул Я.Казекі. — Мн.: Белдзяржвыд, 1957
- Баранавых Сымон. Новая дарога: Апавяданні, аповесці, раман, лісты / Укладальнік, уступны артыкул і каментар Л.Савік. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1989
- Раман 1920—1930-х гадоў (Залатая калекцыя беларускай літаратуры. Том 18). Уклад., прадм. і камент. І. М. Шаладонаў. Мінск: Мастацкая літаратура, 2019. ISBN 978-985-02-1874-2
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Лідзія Савік…
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]Лідзія Савік «Я сумленна служыў свайму народу…» — прадмова да выдання 1989 г.