Камаран
Камаран | |
---|---|
ар. كمران | |
Характарыстыкі | |
Плошча | 108 км² |
Насельніцтва | 2 200 чал. |
Шчыльнасць насельніцтва | 20,37 чал./км² |
Размяшчэнне | |
15°22′ пн. ш. 42°35′ у. д.HGЯO | |
Акваторыя | Чырвонае мора |
Краіна | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Камара́н (араб. كمران, літаральна «два месяцы») — востраў на поўдні Чырвонага мора каля ўзбярэжжа Емена. Плошча — 108 км². Насельніцтва (2012) — 2200 чал.[1]
Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]
Востраў Камаран месціцца каля паўночна-заходняга ўзбярэжжа Емена. Аддзелены ад Аравійскага паўвострава вузкім пралівам (1,96 км). Даўжыня — каля 12 км, шырыня — каля 7 км. Мае шэльфавае паходжанне. З трох бакоў акружаны каралавымі рыфамі. Паверхня плоская, толькі на поўдні вылучаюцца пагоркі. Найвышэйшы пагорак — Джабал-Яман (24 м)[2].
Клімат засушлівы трапічны. Сярэдняя тэмпература вагаецца ад +25 °C у зімовыя месяцы да +32 °C у летнія. Сярэднегадавая колькасць ападкаў — 80 мм.[3]
Прырода[правіць | правіць зыходнік]
Паверхня вострава Камаран пустынная з частымі пыльнымі бурамі. Галоўнае прыроднае багацце — мангры, якія займаюць каля 7 км узбярэжжа[4].
Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]
На востраве Камаран захаваліся старажытныя нагрувашчванні ракавін малюскаў, якія падобна такім жа нагрувашчванням на суседнім Фарасане, могуць з’яўляцца рэшткамі палеалітычных паселішчаў. Аднак мясцовае насельніцтва лічыць іх персідскімі магіламі[5]. У сярэдзіне 1 тысячагоддзя н. э. Сасаніды сапраўды імкнуліся ўсталяваць кантроль над гэтым рэгіёнам[6]. Пакінутае персідскае ўмацаванне прыгадвалі і партугальцы. Яны захапілі Камаран у XVI ст., аднак былі вымушаны пакінуць яго ў XVII ст. у сувязі з ціскам аманскіх арабаў. У XVII — пачатку XIX стст. ім валодалі егіпецкіе мамлюкі і розныя валадары еменскіх арабаў.
У 1860 г. на Камаране была пабудавана брытанская тэлеграфная станцыя, але сам востраў перайшоў пад кантроль Асманскай Порты і выкарыстоўваўся як важны транзітны пункт для пілігрымаў у Меку. Асманскія ўлады ўзнавілі старажытныя ўмацаванні, выкапалі калодзежы і зрабілі праходы ў каралавых рыфах. У 1882 г. Камаран наведалі 44 тысячы пілігрымаў. У 1915 г. востраў быў акупаваны брытанскімі войскамі і падпарадкаваны ўладам Брытанскай Індыі. У 1926 г. частку адказнасці за транзітны цэнтр атрымалі прадстаўнікі Галандскай Індыі. Падчас II Сусветнай вайны выкарыстоўваўся для ваенных аперацый супраць італьянскай калоніі Эрытрэя.
У 1967 г. перададзены Паўднёваму Емену. У 1972 г. далучаны ваенным шляхам да Паўночнага Емена[7]. З 1990 г.у складзе аб'яднанага Емена.
Зноскі
- ↑ R. Lee Hadden, The Geology of Yemen: An Annotated Bibliography of Yemen’s Geology, Geography and Earth Science. Архівавана 4 сакавіка 2016. P. 18
- ↑ R. Lee Hadden, The Geology of Yemen: An Annotated Bibliography of Yemen’s Geology, Geography and Earth Science. Архівавана 4 сакавіка 2016. P. 18
- ↑ KAMARAN ISLAND, YEMEN
- ↑ Fifth National Report to the Convention on Biological Diversity (2010—2014)
- ↑ NIGEL GROOM, The island of two moons: Kamaran 1954 Архівавана 29 ліпеня 2005.
- ↑ Гл.: André Wink, Al- Hind: The slave kings and the Islamic conquest.
- ↑ J.E. Peterson, The Islands of Arabia: Their Recent History and Strategic Importance