Камасінцы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Камасінцы
(калмажи)
Фота 1925 г.
Агульная колькасць
Рэгіёны пражывання Сібір
Мова камасінская мова
Рэлігія Праваслаўе, шаманізм
Блізкія этнічныя групы селькупы, іншыя саянскія самадыйцы

Камасінцы (саманазва калмажи́) самадыйскі народ з групы саянскіх самадыйцаў. Жыў на паўночных адгор'ях Саянаў і ў Мінусінскай катлавіны на поўдні Сібіры.

Камасінцы насялялі разам з енісейцамі ўсходнюю частку Мінусінскай катлавіны і бліжэйшыя адгор'і Усходніх Саянаў. У XVII ст. іх агульная колькасць набліжалася да 500 чалавек[1]. Камасінцы падзяляліся на лясных, што займаліся пераважна паляваннем, аленегадоўляй і рыбалоўствам, а таксама на стэпавыхжывёлагадоўцаў і земляробаў. Ужо ў запісах Г. Ф. Мілера стэпавыя камасінцы вызначаліся сталымі кантактамі з цюркскім насельніцтвам Мінусінскай катлавіны і, відавочна, былі ім асіміляваны. У XIX ст. А. Кастрэн сустрэў толькі лясных камасінцаў, якіх назваў Kagmásche[2].

У XVII ст. лясныя камасінцы жылі ў канічных чумах, крытых звярынымі скурамі і карой бярозы, сезонна перамяшчаліся з адгор'яў у даліны. У якасці цяглавай сілы выкарыстоўвалі свойскіх аленяў, вазоў ня ведалі[3]. Звычайная сям'я мела каля 10 аленяў, багатая — каля 20, вельмі багатыя сем'і — да 50. Ежа складалася з малака аленяў, мяса дзікіх жывёл і птушак, рыбы, ягад і ядомых карэнняў. Аленяў забівалі на мяса толькі ў галодныя гады. У 1629 г., калі адбыўся першы кантакт з рускімі, на чале камасінцаў стаяў князь Байга, прымушаны казакамі выплочваць ясак. З 1640 г. выплаты сталі рэгулярнымі.

З павелічэннем аселага рускага насельніцтва камасінцы згубілі частку сваіх зямель. Яны прымалі хрысціянства і звычаі земляробаў, заключалі сумесныя шлюбы. У 1824 г. налічвалася 357 камасінцаў, што захоўвалі качавы лад жыцця, і 195 камасінцаў, што займаліся земляробствам. Да 1887 г. колькасць камасінцаў скарацілася да 261 чалавека[4]. З-за хвароб аленяў яны былі вымушаны канчаткова змяніць лад жыцця і сяліцца сярод рускіх сялян.

Адным з апошніх прытулкаў камасінцаў у XX ст. з'яўлялася вёска Абалкава Архівавана 25 снежня 2017. ў сучасным Краснаярскім краі. У 1925 г. з 32 двароў у вёсцы 20 належалі лясным камасінцам[5]. У 1963 г. экспедыцыя Уральскага ўніверсітэта знайшла там старых, якія памяталі камасінскую мову. Сярод іх працавалі мовазнаўцы. Апошняя носьбіт камасінскай мовы памерла ў 1989 г.[6]

У расійскай гістарыяграфіі звычайна падкрэсліваецца, што знікненне камасінцаў было наступствам мірнай асіміляцыі, але замежныя даследчыкі адзначаюць, што мужчыны-камасінцы знішчаліся ў выніку палітычных і сацыяльных падзей[7].

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Малолетко, А. Древние народы Сибири. Этничский состав по данным топонимики. Т. 6. Раннее заселение Северной Азии. - Томск: Томский университет, 2012.