Камедыя (п’еса)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Камедыя, п'еса)
Камедыя
польск.: Comedya
Выданне
Жанр morality play[d]
Аўтар Каятан Марашэўскі
Мова арыгінала беларуская
Дата першай публікацыі 1911
Электронная версія

«Камедыя» — п'еса Каятана Марашэўскага, упершыню пастаўленая ў 1787 годзе навучэнцамі Забельскага дамініканскага калегіума. У радзе з польскімі ўстаўкамі, большасць сцэн п'есы напісаныя беларускай гутарковай мовай таго часу.

Гісторыя публікацыі[правіць | правіць зыходнік]

Упершыню рукапіс п'есы быў апісаны ў 1909 годзе ў «Русском филологическом вестнике»[1]. Поўны тэкст «Камедыі» з каментарыямі быў апублікаваны У. Ператцам у 1911 годзе[2]. Вялікія вытрымкі з п'есы былі апублікаваныя Я. Карскім у газеце «Беларусь» (1920, № 100, 106—107). Скарочаны тэкст «Камедыі» надрукаваў А. Ф. Коршунаў у «Хрэстаматыі па старажытнай беларускай літаратуры» (Мн., 1959. С. 387—403). Поўны тэкст п'есы з перакладам польскамоўнай яе часткі на беларускую мову быў змешчаны ў зборніку «Беларуская дакастрычніцкая драматургія» (Мн., 1978. С. 9—40).

Змест[правіць | правіць зыходнік]

Галоўны герой п'есы, селянін Дзёмка, вельмі незадаволены сваім лёсам. Ён працуе ад зары да зары, але не бачыць вынікаў гэтай працы, бо яны дастаюцца іншым. Будучыня здаецца герою безвыходнай. У адным з маналогаў ён жаліцца:

Вот і цяпер мазаліцца трэба, аддыхнуць некалі. Мала што кроўю не пацею, аж не пакуль кавалак хлеба зараблю. Земля ўжо неўражайная стала. Дужо многа наклапацішсе і нагаруешсе, пакуль не ўродзіць. Усё нам на проціў ідзець. Усё нам на нешчасьце. Не спадзеватца дабра. Нішто так не ўдаецца, як мы хочэм.

Дзёмка перакананы, што прычына ўсіх яго бядот — «першародны грэх» біблейскага Адама. Чорт, які выступае перад героем у абліччы паніча, тут жа абвяргае такія абвінавачанні: Адам проста не мог утрымацца ад спакусы, бо чалавек увогуле слабы і бязвольны па сваёй натуры, вось і ён, Дзёмка, наўрад ці зможа прамаўчаць хаця б з паўгадзіны. Заключаецца заклад на Дзёмкаву душу. У адпаведнасці з фальклорнымі традыцыямі чорт тройчы спакушае селяніна, а селянін тройчы парушае дадзенае слова. На першы погляд ва ўсіх выпадках, прынамсі фармальна, перамог чорт. Але па сутнасці ў маральных адносінах перамогу атрымаў Дзёмка. Ва ўсіх трох выпадках ён свядома парушаў маўчанне па сваёй высакароднасці, бескарысліва прыходзячы на дапамогу іншым. Сваімі гуманнымі паводзінамі Дзёмка нібы абвергнуў самога сябе, даказаў, што ні «першародны грэх», ні наканаванасць не маюць уплыву на чалавечы лёс. Усё, аказваецца, залежыць толькі ад чалавека, ад яго ўнутраных якасцяў. Такая чыста асветніцкая канцэпцыя «Камедыі» была палемічна скіравана супраць сярэднявечнай схаластыкі, якая даказвала прадвызначанасць усіх дзеянняў.

Як асветнік Марашэўскі бачыў у чалавеку, у яго маральным удасканаленні панацэю ад сацыяльных бядот. Грамадскі канфлікт, які пазначыўся ў «Камедыі», вырашаецца ў чыста маральна-этычным плане. У заключным маналогу Дзёмка раскайваецца ў тым, што ён не слухаў пана і жаліўся на лёс, раіць сялянам не грашыць, не красці ў багатых. Такім чынам, пазіцыя аўтара вызначаецца дваістасцю: з аднаго боку, ён сімпатызуе свайму герою, ухваляе яго пратэст супраць сацыяльнай несправядлівасці, з другога боку, заклікае да паслухмянасці. Абмежаванасць і супярэчлівасць Марашэўскага тлумачыцца абмежаванасцю і супярэчлівасцю асветніцкай ідэалогіі, утапічнасцю і неакрэсленасцю яе ідэалаў.

«Камедыя» К. Марашэўскага напісана ў адпаведнасці з канонамі класіцысцкай эстэтыкі. У ёй захавана адзінства часу, месца і дзеяння, адчуваецца рацыяналістычная зададзенасць. Але аўтар імкнецца ў схематычныя вобразы ўдыхнуць жыццё. Камізм сітуацый у п'есе спалучаецца з камізмам характараў. Дзёмка — не толькі абагульнены інтэрмедыйны тып («русін» ці «літвін»), у яго ёсць імя, індывідуальнасць, характар, які мяняецца ў залежнасці ад абставін. У адных выпадках ён добры, у іншых жорсткі, у адных сцэнах праяўляе кемлівасць, хітрасць, у іншых прыкідваецца прыдуркаватым. У Дзёмкі свой тон і стыль гаворкі — то ўпэўнены і рэзкаваты, то ліслівы ці фамільярны. Перад намі чалавек, надзелены складанымі пачуццямі, станоўчымі і адмоўнымі якасцямі.

У двухмоўнай беларуска-польскай п'есе двое з трох асноўных герояў (Дзёмка і карчмар) гавораць па-беларуску.

Жанр[правіць | правіць зыходнік]

Незважаючы на тое, што твор напісаны ў эпоху Асветніцтва, у яго аснову пакладзена контррэфармацыйная (барочная) ідэя пра ўсемагутнасць Бога і нікчэмнасць чалавека. Разам з тым, рысы асветніцкага рэалізму выразна выяўляюцца ў тых сцэнах, якія апавядаюць пра жыццё беларусай вёскі.

«Камедыя» К. Марашэўскага своеасабліва сінтэзавала старыя традыцыі і новыя, асветніцкія тэндэнцыі. Яшчэ выразна адчуваецца залежнасць ад барочнай драмы-маралітэ (павучальнасць фіналу, адсутнасць жаночых вобразаў, выкарыстанне біблейскага матыву). Асобныя сцэны яшчэ маюць адносна самастойны характар, нагадваюць устаўныя інтэрмедыі. Аднак у цэлым у «Камедыі» пераважаюць ужо рысы новай літаратуры. Тут праўдзіва адлюстраваліся супярэчнасці прыгоннай вёскі, умовы жыцця беларускага сялянства.

С. Лаўшук адзначае, што нягледзячы на тое, што сваімі выяўленчымі параметрамі «Камедыя» не месціцца ў нейкія кананічныя рамкі, у ёй на поўны голас загучалі ідэі беларускага асветніцкага рэалізму[3].

Ацэнкі[правіць | правіць зыходнік]

Высока ацаніў «Камедыю» Францішак Аляхновіч, які лічыў яе творам пераходным, своеасаблівым мастком ад «няхітрых даўнішніх інтэрмедый» да сапраўднай прафесійнай драматургіі ў народным духу[4]. Захоплены жывой беларускай мовай камедыі, некаторыя часткі маналогаў Дзёмкі драматург скарыстаў у сваёй п'есе «Птушка шчасця»[4].

Інакш успрымаў сацыяльную змястоўнасць п'есу Максім Гарэцкі:

Твор Марашэўскага — сапраўдная камедыя з сялянскага жыцця, хоць і ў духу ксяндзоўскай маралі і з дадаткам хрысціянскай міфалогіі. Тым часам і гэтакія найлепшыя творы не з'яўляліся ў нашай літаратуры 18-га веку такім літаратурным этапам, з якога бы шчыльна было звязана далейшае развіццё нашае слаўнае творчасці. Чаму? Таму, што гэта не была творчасць нацыянальная, звязаная з творчымі сіламі ўсяго народа і з ідэалогіяй народа, гэта была забава паноў, пагарджаўшых народнаю культураю і тою моваю, у якой народ гаварыў...[5]

Даследнік гісторыі даўняй беларускай літаратуры А. Коршунаў адзначаў, што «ў самыя змрочныя часы каталіцкай рэакцыі, насуперак асабістым жаданням аўтара, аб'ектыўна прапагандавала жывую гутарковую беларускую мову... «Камедыя» Марашэўскага — гэта жывая бытавая замалёўка з жыцця беларускага селяніна XVIII ст., пададзеная ў рэалістычным плане»[6].

Зноскі

  1. Сычевская А. К вопросу о Мольере в польской драматической литературе XVIII ст. Русский филологический вестник. — Т. 2.
  2. Перетц В. Н. К истории польского и русского народного театра. XVIII—XIX. Известия Отдела русского языка и словесности императорской Академии наук. — Спб., 1911. — Т. XVI, кн 3. — С. 248—319.
  3. Гісторыя беларускай літаратуры XI—XIX стагоддзяў. У 2 т. Т. 2. Новая літаратура: другая палова XVIII—XIX стагоддзе / Нац. акад. навук Беларусі, Ін-т мовы і літ. імя Я. Коласа і Я. Купалы; навук. рэд. тома У. І. Мархель, В. А. Чамярыцкі. — 2-е выд. — Мінск: Беларус. навука, 2010. — С. 51. — 582 с.
  4. а б Аляхновіч Ф. Беларускі тэатр. Вільня, 1924. С. 24—25
  5. Гарэцкі Максім. Гісторыя беларускае літаратуры. Мн., 1992. С. 160
  6. Хрэстаматыя па старажытнай беларускай літаратуры. Мн., 1959. С. 386

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Гісторыя беларускай літаратуры XI—XIX стагоддзяў. У 2 т. Т. 2. Новая літаратура: другая палова XVIII—XIX стагоддзе / Нац. акад. навук Беларусі, Ін-т мовы і літ. імя Я. Коласа і Я. Купалы; навук. рэд. тома У. І. Мархель, В. А. Чамярыцкі. — 2-е выд. — Мінск: Беларус. навука, 2010. — 582 с.