Камайскі крыж

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Каменны крыж, Камаі)
Камайскі крыж

Кама́йскі крыж — каменны крыж XVXVI стст. у в. Камаі Пастаўскага раёна. Знаходзіцца ў самым цэнтры паселішча за 30 м на захад ад касцёла Яна Хрысціцеля. Высечаны з ружовага гранітнага валуна ў форме лацінскага крыжа.

Вышыня 2,5 м, шырыня гарызантальнай папярочкі 1,88 м, таўшчыня — 0,6 м. Вертыкальная частка крыжа мае форму трапецыі, звужанай дагары. У сяродкрыжжы трохвугольная ніша для распяцця, пад ёй чатыры рады высечаных ледзь прыкметных знакаў. Ніжэй высечаны круг дыяметрам каля 9 см, пад якім маецца знак у выглядзе парасона.

На тыльнай і часткова фасаднай плоскасцях надпісы лацінскім шрыфтам пазнейшага паходжання (не расшыфраваны). Над нішай захаваліся літары і лічбы «R 1803». На паўночным баку крыжа ніжэй папярэчыны захавалася літара «В».

Высечаны крыж з вялікага валуна ружовага граніту рапаківі, які, меркавана, быў прынесены сюды 20 — 17 тыс. гадоў таму са Скандынавіі. Наконт даты ўзвядзення крыжа ёсць некалькі версій. У томе «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць» сцвярджаецца, што высечаны ён у XV—XVI стагоддзях. Аўтары артыкула «Гэтыя дзіўныя камяні Пастаўшчыны» ў кнізе «Памяць. Пастаўскі раён» схіляюцца да версіі, што крыж быў пастаўлены ў час будаўніцтва храма ў 1603—1606 гг. Краязнаўцы І. Зямчонак і Я. Драўніцкі прымяркоўваюць узвядзенне крыжа да 200-годдзя будаўніцтва касцёла (1803 г.) Але, пэўна, крыж усё-такі створаны значна раней XIX стагоддзя, бо дужа архаічна выглядае ён побач з касцёлам і ў параўнанні з падобнымі помнікамі таго часу.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Рэгіёны Беларусі: энцыклапедыя. У 7 т. = Регионы Беларуси: энциклопедия. В 7 т. (руск.) / Т. В. Белова (гл. ред.). — Мн.: БелЭн, 2010. — Т. 2. Витебская область. В 2 кн. Книга 1. Абазовский — Кривоблоцкая. — 533 с. — 2 500 экз. — ISBN 978-985-11-0525-6.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]