Камп’енскі вагон

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Камп'енскі вагон)

Камп'енскі вагон (у французскай гістарыяграфіі мае назву Wagon de l’Armistice — «вагон перамір'я») — чыгуначны вагон, у якім 11 лістапада 1918 года было падпісана Першае камп’енскае перамір’е паміж Францыяй і іншымі саюзнікамі і Германіяй у Камп'енскім лесе, дэпартамент Уаза, якое завяршыла баявыя дзеянні Першай сусветнай вайны.

чорна-белая фатаграфія
Прадстаўнікі саюзнікаў пры падпісанні перамір'я. Фердынанд Фош, другі справа, каля свайго вагона ў Камп'енскім лесе.

Вагон быў выпушчаны ў 1914 годзе кампаніяй Compagnie Internationale des Wagons-Lits і быў выбраны ў 1918 годзе для падпісання ў ім перамір'я асабіста маршалам Фошам. У міжваенны перыяд вагон спачатку быў прызначаны асабістым вагонам прэзідэнта Мільерана, на якім ён у снежні 1920 года здзейсніў паездку ў Вердэн, затым выстаўляўся ў Доме інвалідаў і на мемарыяльнай Паляне перамір'я. 11 лістапада 1927 года для вагона быў пабудаваны будынак на Паляне перамір'я[1].

У чэрвені 1940 года, калі французскія войскі былі разбіты арміяй Трэцяга Рэйха, вагон па непасрэдным загадзе Адольфа Гітлера быў выняты з гэтага будынка, для чаго прыйшлося ўзарваць сцяну. Жадаючы зняважыць Францыю, ён настаяў, каб падпісанне Другога камп'енскага перамір'я, якое азначала фактычную капітуляцыю Францыі перад Германіяй, адбылося менавіта ў ім. Праз два дні пасля падпісання перамір'я, 24 чэрвеня 1940 года, вагон быў дастаўлены ў Берлін, дзе на працягу тыдня быў выстаўлены на ўсеагульны агляд ля Брандэнбургскіх варотаў[2]. У 1944 годзе ён быў вывезены з Берліна ў горад Рула ў Цюрынгіі, а ў красавіку 1945 года па загадзе Гітлера спалены салдатамі СС.

11 лістапада 1950 года на адноўленай Паляне перамір'я быў усталяваны вагон той жа серыі, але 1913 года выпуску; яго нумар замянілі на нумар арыгінальнага Камп'енскага вагона. У 1992 годзе высвятлілася, што некаторыя рэшткі спаленага Камп'енскага вагона ўсё ж захаваліся, пасля чаго ўрад Германіі перадаў іх Францыі.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]